«У карагодах на Дажынках павінны хадзіць не толькі людзі, але і авечкі, куры, свінні і іншыя жывёлы»

Беларускія чыноўнікі ў чарговы раз прадракаюць голад ва Украіне і ва ўсёй Еўропе. Свае высновы яны абгрунтоўваюць засухай і кажуць, што жыхарам Германіі прыйдзецца расцягваць адну сасіску на цэлы месяц. Аднак гэта ўсяго толькі ахоўная рэакцыя беларускага чынавенства на меркаваны дрэнны ўраджай у Беларусі.

_belarus_2022_selskaja_haspadarka_zbozza_zatva_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__4__logo.jpg

— Аналітыкі кажуць, што ў ЕС плануецца намалаціць сумесна з Вялікабрытаніяй 143 мільёны тон пшаніцы пры леташнім ураджаі ў 140 мільёнаў. Нагадаю, тады стаяла засуха, ураджай здаваўся на 40% меншым, чым летась. Сёлета ў ЕС таксама адбылася засуха, асабліва пацярпелі Францыя, Іспанія, Польшча, Італія. Нездарма ў самым пачатку збожжавай здзелкі ўкраінскія запасы асядалі ў Еўропе. Некаторыя палітыкі ўжо цяпер прапануюць немцам ужываць не больш за 10 грам мяса ў дзень, — сказаў чыноўнік, дэпутат, кіраўнік РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук па земляробстве» Сяргей Краўцоў.

Ці будзе сёлета хлеб на стале ў беларусаў, украінцаў і жыхароў Еўропы? І чаму беларускія чыноўнікі хлусяць?

— З пункту гледжання вытворчасці збожжавых, Еўропа — самадастатковая тэрыторыя, — кажа Аляксандр Кныровіч у сваім канале. — Па статыстыцы ўсяго збожжавых, а не толькі пшаніцы, пра якую казаў Краўцоў, вырабляецца 280-290 мільёнаў тон на год. А спажыванне ў самой Еўропе складае каля 260 мільёнаў тон. Таму штогод у Еўропе ўтвараецца лішак у 20-30 мільёнаў тон, і гэты лішак прадаецца.

Калі мы глядзім на статыстыку па экспарце пшаніцы, то ў спісе экспарцёраў бачым шмат еўрапейскіх краін. Напрыклад, Францыю, Італію, Польшчу і нават Літву. Літва ў 2021 годзе экспартавала 3 мільёны тон пшаніцы. Экспарт Літвы толькі па пшаніцы склаў 30% ад усяго ўраджаю ў Беларусі, а Літва па тэрыторыі ў тры разы меншая, чым Беларусь. Пры гэтым Літва прадае прадукцыю на экспарт, а Беларусь — не.

Эканаміст адзначае, што летась праз пачатак вайны Расіі супраць Украіны сапраўды разбурыліся некаторыя ланцужкі. У першую чаргу разбурыўся ланцужок продажу ўкраінскага збожжа ў краіны Азіі і Афрыкі, у другую — ланцужкі пастаўкі ўгнаенняў, у тым ліку беларускіх. Гэта выклікала ўсплёск цэн і інфляцыю, але інфляцыя ўжо супакоілася, як і цэны на тыя самыя ўгнаенні.

Акрамя гэтага, украінскае збожжа сапраўды часткова асядала ў Польшчы, Венгрыі і іншых краінах, што выклікала незадаволенасць мясцовых фермераў, якія выконваюць досыць жорсткія патрабаванні ЕС, у першую чаргу па экалогіі. Натуральна, выдаткі ў іх большыя, чым ва ўкраінскіх фермераў.

— Таму напружанне было, але сёння гэта гісторыя фактычна скончана. У Еўрасаюзе ёсць нават асобная ініцыятыва: калі ЕС хоча дапамагчы Украіне, то можа купіць ва Украіны збожжа, якое яна прадае вонкі, і бясплатна паставіць яго ў краіны Афрыкі, каб не перашкаджаць польскім, венгерскім і іншым фермерам.

Глядзіце таксама

Акрамя нібыта будучага збожжавага крызісу ў Еўропе, па словах Краўцова, «найбольшыя страты ўраджайнасці чакаюцца ва Украіне».

— Там валавы збор за тры гады ўпаў на 80%. У той час нашы паўднёвыя суседзі збіралі 60 мільёнаў, цяпер чакаем ураджай не большы за 15 мільёнаў тон. Гэта звязана як з вайной, так і з дарагоўляй рэсурсаў, а таксама дэфіцытам працоўнай сілы, — сказаў Краўцоў.

Сярод усяго, што сказаў Сяргей Краўцоў, праўдай аказалася толькі тое, што за апошнія 10 гадоў сярэдні ўраджай збожжа ў Украіне склаў 65 мільёнаў тон.

— Рэкорд быў у 2021 годзе — 84 мільёны тон. Дарэчы, гэта можна параўнаць з тым, што было ва Украіне ў часы СССР. Тады ўраджай ва Украіне звычайна складаў 40 мільёнаў тон у год. Гэта значыць тая самая Украіна, якая «ніяк не развівалася» і якая «значна горшая за Беларусь», чамусьці змагла нарасціць сярэдні ўраджай у 1,5-2 разы за 30 незалежных гадоў.

Вернемся ў сённяшні дзень. У 2021 годзе адбыўся рэкорд — 84 мільёны тон, летась жа, калі вайна ўжо ішла, калі жах рабіўся ў Кіеве, Бучы, Марыупалі, калі ўжо існавалі атакі расійскіх войскаў на гэтую тэрыторыю, ураджай збожжа склаў 53 мільёны тон.

У гэтым годзе мясцовыя ўкраінскія эксперты па збожжавым рынку прагназуюць ураджай на ўзроўні 44 мільёнаў тон. І яны пішуць, што гэтага хопіць і для задавальнення ўсіх патрэб сённяшняга насельніцтва Украіны, бо выехала некалькі мільёнаў чалавек, і для забеспячэння экспартнага патэнцыялу. Гэта значыць, 44 мільёны тон, а не 15, як сказаў Краўцоў.

Кныровіч разважае, для чаго беларускаму чыноўніку давялося так схлусіць.

— Усё вельмі проста. У траўні ў Беларусі выпала 20% ападкаў ад нормы, а ў Гомельскай вобласці не выпала наогул нічога. І Сяргей вось так падстрахоўваецца. Ён ведае, што ўсё, пра што ён кажа: засуха, неўраджай — адбудзецца сёлета ў Беларусі. Гэта такі спосаб абароны.

Рэальнасць у Беларусі выглядае так. Мы збіраем ад 7 да 9,5 мільёнаў тон у год збожжавых. Летась у нас здарыўся рэкорд: умовы надвор'я далі нам 10,5 мільёнаў тон ураджаю.

Сёлета ўраджай будзе відавочна маленькі, але гэтага хопіць, каб проста паесці. Калі мы возьмем 10,5 мільёнаў тон і падзелім на насельніцтва Беларусі, у нас атрымаецца больш за тры кілаграмы на чалавека на дзень.

А куды ж мы падзенем гэтыя кілаграмы збожжа? Беларусь нічога не прадае вонкі, таму што тое зерне, якое прадае Беларусь, даражэйшае і горшае па якасці, чым расійскае і ўкраінскае. Так атрымалася, такое ў нас геаграфічнае размяшчэнне.

З усяго сабранага ўраджаю частка ідзе на ежу для людзей, насенны фонд і выраб спірту — на гэтыя мэты сыходзіць крыху больш за два мільёны тон. Усё астатняе ідзе на корм скаціне. Таму на карагодах на Дажынках а-ля «ўра, мы паядзім!» павінны хадзіць не толькі людзі, але яшчэ і авечкі, куры, свінні і іншыя жывёлы, якія кормяцца са збожжа, якое ў нас збіраюць, — заключае Аляксандр Кныровіч.