«Рыхтуем працоўную сілу для Захаду?»: Генпракурор абурыўся колькасцю гадзін англійскай мовы ў школах
Генпракурор Беларусі Андрэй Швед вырашыў паўдзельнічаць у абмеркаванні праблем адукацыі: яму не спадабалася колькасць гадзін англійскай мовы і факультатыў «Абаронцы беларускай зямлі».

Андрэй Швед. Скрыншот відэа «СТБ»
На нарадзе, прысвечанай адукацыі, Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў школьныя падручнікі. Генпракурор Беларусі Андрэй Швед пайшоў далей — ён абурыўся колькасцю гадзін англійскай мовы ў школах, а таксама факультатывам, піша «Люстэрка»
Сюжэт пра Шведа і англійскую мову быў паказаны ў эфіры дзяржтэлеканала «СТБ».
«У шэрагу класаў колькасць гадзін на вывучэнне англійскай мовы большая ў сукупнасці, чым на вывучэнне беларускай і рускай моў. Мы рыхтуем працоўную сілу для Захаду? Вось 3-ці клас — англійская мова значна большая, чым у сукупнасці руская і беларуская. Тады ўзнікае пытанне з пункту гледжання падыходаў па арганізацыі навучальнага працэсу», — заявіў Швед.
Глядзіце таксама

Яго абурэнне выклікаў таксама факультатыў «Абаронцы беларускай зямлі», у рамках якога разглядаецца дзейнасць Арміі Краёвай.
«Гэта ўсё праз прызму навучальных дапаможнікаў для 10-11-х класаў. Вывучаецца дзейнасць Арміі Краёвай, звяртаю ўвагу, гэта 23-ы год, у рамках тэмы партызанскага і падпольнага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны», — адзначыў генпракурор.
Раней Швед таксама выказаўся з нагоды падручнікаў. На яго думку, «адчуванне складваецца, што людзі зарабляюць на гэтым грошы, таму што ствараюць так званыя навучальныя дапаможнікі».
Глядзіце таксама
