Эміграцыя сама сябе не спыніць. Выпускнікоў-платнікаў таксама абавяжуць адпрацоўваць размеркаванне
«Прыгоннае права» ў лукашэнкаўскай Беларусі выходзіць на новы ўзровень. Пра гэта стала вядома па выніках сённяшняй нарады ў Лукашэнкі па пытаннях адукацыі.

Міністр адукацыі
Андрэй Іванец падняў на нарадзе пытанне размеркавання выпускнікоў ВНУ.
Абавязковае гэтае размеркаванне і так вельмі непапулярнае сярод студэнцтва, а тут
раптам выявілася, што гэтую практыку плануюць распаўсюдзіць і на выпускнікоў-платнікаў.
— Сёння і
бюджэтнік, і платнік, на нашу думку, павінен адпрацоўваць. Адпаведныя
змены рыхтуем для ўнясення змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі,
— заявіў міністр.
Чыноўнік нагадаў, што выпускнікі дзённай формы навучання на бюджэце адпрацоўваюць два гады, мэтавікі — не менш за пяць гадоў.
Лукашэнка, канешне, ініцыятыву кіраўніка Мінадукацыі падтрымаў.
— Непрымальна для краіны, калі спецыялісты з'язджаюць за мяжу, а мы так спакойна да гэтага ставімся. ВНУ скончыў, два гады адпрацаваў. Што такое два гады?! Гэта, лічыце, мы яго навучалі ў ВНУ і яшчэ праз настаўніцтва вопыт набывае. Мы яго навучаем два гады на працы, у школе, дапусцім, калі гэта настаўнік. І ён або медык з'язджае. Лічу, што тут павінны дзейнічаць забаронныя меры. Ну, ці хаця б паўзабаронныя. Дапусцім, пяць гадоў. Правільна, мэтавік-не менш за пяць гадоў. А можа быць, яшчэ і арыентаваць дзесьці акуратна, да сямі гадоў. У адваротным выпадку не ідзі ў мэтавікі, — сказаў Лукашэнка.
Пры гэтым, як звычайна, Лукашэнка лічыць, што на Захадзе сітуацыя з адукацыяй усё
роўна горшая, чым у моцнай і квітнеючай Беларусі.
— Я параўноўваю з узроўнем аплаты там, на Захадзе. Там шалёныя грошы гэта каштуе. Таму добра, плацім столькі, добра — адпрацуйце.
Відавочна, што «прыгоннае права» рэжыму патрэбна, каб яшчэ больш прывязаць беларусаў
да сваіх працоўных месцаў у краіне. Але ці спыніць гэта аддок спецыялістаў за
мяжу? Наўрад ці, хутчэй, моладзь цяпер ужо пасля школы будзе планаваць атрыманне
спецыяльнасці па-за Беларуссю, каб потым не адпрацоўваць лукашэнкаўскую «паншчыну».