Бітва за рэальнасць: выжыць сёння і напляваць на заўтра

Дзяржава ўзялася вырошчваць тое, што ў яе ніколі не атрымлівалася — маладых людзей з палымянымі сэрцамі, гатовых на што заўгодна дзеля ідэі. Не, не дзеля дармовых кватэр, высокіх заробкаў і машын у крэдыт — а проста так, за свежае паветра і чыстыя вуліцы. За разумнае, добрае, вечнае. 

Ілюстрацыйная выява: pexels.com

Ілюстрацыйная выява: pexels.com

Ну вось і новы навучальны год. Як заўсёды, настаўнікі загадзя павыходзілі з адпачынкаў, каб падрыхтаваць свае кабінеты, дакументацыю і сябе саміх да чарговай бітвы з рэальнасцю. А ў тым, што гэта будзе менавіта бітва — і менавіта з рэальнасцю — можна не сумнявацца.

Не спяць у шапку начальнікі ўсіх магчымых рангаў, рыхтуюцца несці сваю ганаровую вахту ідэолагі, школьная праграма за лета перагледжаная і падчышчаная, бібліятэкі прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць у адпаведнасці з патрабаваннямі часу і начальства. Усё чакае старту змагання за розумы маленькіх беларусаў. І не толькі маленькіх.

Адпаведныя маніпуляцыі даўно вядуцца і на факультэтах усіх ВНУ краіны. «Небяспечных» выкладчыкаў «сышлі», адносна бяскрыўдных запужалі пазбаўленнем прэмій і звальненнямі, зусім бяскрыўдным проста прыгразілі пальчыкам. Падчысцілі шэрагі студэнтаў — самай выбухованебяспечнай субстанцыі, падмацавалі бяспеку духоўнымі практыкамі самага правільнага ў свеце праваслаўя і навучылі зайчыкаў не саромецца падказваць дарослым і сур'ёзным людзям, у якіх на ўсё не хапае рук, вачэй і вушэй, дзе яшчэ трэба прыбраць ідэалагічны пыл з падлогі любімай радзімы.


Глядзіце таксама

Дзяржава ўзялася вырошчваць тое, што ў яе ніколі не атрымлівалася — маладых людзей з палымянымі сэрцамі, гатовых на што заўгодна дзеля ідэі. Не, не дзеля дармовых кватэр, высокіх заробкаў і машын у крэдыт — а проста так, за свежае паветра і чыстыя вуліцы. За разумнае, добрае, вечнае. 

Год за годам у гэтым плане быў тлусты мінус: ці то метады былі не тыя, ці то паддоследныя тварамі не выйшлі, — але людзей даводзілася купляць, як рыбу ў краме пасля няўдалай рыбалкі. І вось у часы, калі «не да законаў», калі з самага чорнага дна ўздымаецца найдрабнейшая муць, дзяржава адчула: гэта яе час! Будзе ўраджай, трэба толькі дажаць. Не за ідэю, дык за свабоду, не за правадыра — дык за жыццё. Толькі такія стаўкі цяпер прымаюць круп'е, да якіх трапляюць кліенты ў вядомых будынках сталіцы і іх несталічных філіялах.

Якую задачу ставяць перад сабой усе гэтыя разнамасныя insecta cubiculares? Ці думаюць яны пра заўтрашні дзень, ці маюць увогуле здольнасць думаць пра будучыню? Выжыць. Захавацца, выжыць любым коштам тут і цяпер — вось іх асноўная задача. А потым — ды хай гарыць яно ўсё сінім полымем, падручнікі па гісторыі ўсё адно ўжо перапісаныя.

Панатыкаўшы паўсюль дзяржаўных сцягоў, яны святкуюць сваю «перамогу», быццам яна вызначаецца толькі колькасцю чырвонага і зялёнага на квадратны метр краіны. Аднак галоўны пункцік — прымусіць свяціцца вочы ад гонару ў падрастаючых пакаленняў пры выглядзе гэтых самых сцягоў — паспяхова правалены. Хіба што гнеў можа запаліць сэрцы і позіркі тых з дзяцей, чые бацькі былі кінутыя за краты ці вымушаныя былі ўцякаць ад няволі; дзяцей, якіх змясцілі ў прытулкі, назваўшы іх бацькоў «экстрэмістамі»; студэнтаў, якія былі настолькі далёкімі ад светлых ідэй дзяржавы, што апошняя палічыла за лепшае іх адлічыць (кагосьці нават проста ў апошні момант перад дыпломам); студэнтаў, якіх пазбавілі любімых выкладчыкаў, навучыўшы іншых пісаць даносы і скардзіцца «куды трэба» , калі што якое.

Суровыя дзядзі і цёці, над чыімі галовамі, як гільяціна, абавязкова вісіць вусаты партрэт, ламаюць галовы ў пошуках дзейсных інструментаў для абуджэння патрыятызму ў страчаных пакаленнях цяперашняй моладзі. І цяпер ужо становіцца ні разу не сорамна праводзіць «суды» проста ва ўніверах, дзе прымушаюць самых «разбэшчаных» публічна каяцца і клясціся ў любові да чужой каханай, якую ўсё ніяк не аддадуць.


Глядзіце таксама

Паказная жорсткасць павінна прымусіць студэнтаў быць «правільнымі» — інакш іх таксама паставяць да сценкі. Проста з паветра, пад вострымі позіркамі наглядчыкаў у поўнай экіпіроўцы, яны павінны паверыць у гэтую дзяржаву, у яе любоў, клапатлівасць і безумоўную адданасць сваім грамадзянам. А калі не павераць — заўсёды знойдуцца тыя, хто падкажа доблесным ахоўнікам правапарадку, каго яшчэ трэба перавыхаваць.

Такая цяпер у нас адукацыя. З дзіцячага садка дзеці трымаюць у руках зброю і бачаць баявы маскарад катаў, якія потым, ад садка да школы, ад школы да ўніверсітэта, вымушаныя ўсё больш маскіравацца, больш пільна прыглядацца да тых, каго яшчэ не навучылі любіць АМАП і хацець быць як яны.

А што настаўнікі? У іх таксама цяпер мэта захавацца і выжыць. Хочацца верыць, што да тых часоў, калі зноў спатрэбіцца вучыць любові і чалавечнасці, а не жорсткасці і падпарадкаванню. Хочацца верыць, што мы ўсе стараемся захавацца і дажыць да тых часоў, калі гісторыя не будзе пачынацца і заканчвацца прыдуманым канструктам Вялікай Айчыннай вайны, а матэматыка будзе правільнай, той, якая спрадвечна давала адказ «4» на ўсім вядомую задачку. Але пакуль што, на жаль, тыя настаўнікі, якія засталіся пасля «чыстак» у сістэме, будуць выжываць для таго, каб іх у чарговы раз скарысталі ў фарсе пад назвай «выбары». Гэтыя самыя настаўнікі вымушаныя будуць адводзіць позірк убок пры згадцы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ці Ларысы Геніюш, замоўчваць ГУЛаг і «расстраляных» паэтаў і ні слова не гаварыць пра сучаснасць.


Глядзіце таксама

Дзеці вельмі лёгка фарміруюць свае ідэалы. І тое, што адбываецца на нашых вачах, — тыя ідэалы, якія цяпер ім будуць прышчапляць, — гэта яшчэ не трагедыя, а толькі намёк на яе. Сапраўдная трагедыя адбудзецца потым, калі дзеці вырастуць і даведаюцца, што любімыя настаўнікі, да якіх яны хацелі быць падобнымі, малявалі лічбы на пратаколах выбараў, а ідэальныя «дзядзі сцёпы» збівалі бязвінных людзей у РАУСах; што з аўтаматаў, якія ім давалі патрымаць, забівалі людзей — і для кагосьці гэта будзе нават асабістай сямейнай гісторыяй. 

Няма нічога страшнейшага за разбурэнне дзіцячай веры — калі знікае тая глеба, на якой дарослыя будуюць сябе, свае дамы, свае жыцці. Гэтая выбухоўка проста цяпер закладаецца пад лёсы школьнікаў і студэнтаў, у класах і аўдыторыях, дзе сёння вядзецца самая жорсткая бітва з рэальнасцю. Бітва, ахвяр якой мы будзем бачыць яшчэ доўгія гады пасля знікнення ўсіх крывых люстраў у гэтай краіне. Бітва, у якой пераможца загадзя прайграў.