Сарбона таннейшая за БДУ. Ці шмат беларусаў навучаецца ва ўніверсітэтах ЕС
Лукашэнка «падлічыў», што вышэйшая адукацыя ў Беларусі таннейшая, чым за мяжой. Нібыта на Захадзе за вышэйшую адукацыю плацяць «шалёныя грошы». Таму Лукашэнка прапанаваў платнікам таксама адпрацоўваць два гады па размеркаванні. А міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец наогул заявіў, што ў Беларусі «фактычна няма платнай адукацыі». Бо студэнты пакрываюць толькі 70–80% выдаткаў дзяржавы на платную адукацыю.
«Свабода» паглядзела, якіх
ж «шалёных грошай» каштуе вышэйшая адукацыя на Захадзе.
БДУ і самыя вядомыя ўнівэрсытэты сьвету
Каля 7000 эўра будзе каштаваць навучаньне ў БДУ на факультэце міжнародных адносін і на юрыдычным факультэце.
Навучаньне ў Мэдычным унівэрсытэце на стаматоляга абыдзецца ў 7600 эўра (тут вучацца 5 гадоў, а не 4).
Навучаньне ў францускай Сарбоне на бакаляўра будзе каштаваць для замежніка каля 8000 эўра за ўвесь тэрмін (3 гады). Пры гэтым замежнік можа разьлічваць на зьмяншэньне аплаты ці частковае пакрыцьцё выдаткаў на адукацыю ад мясцовых уладаў (часам дзьве траціны кошту). То бок навучаньне ў самым вядомым францускім унівэрсытэце можа абысьціся таньней, чым навучаньне ў БДУ.Для грамадзян Францыі вучоба ў Сарбоне амаль бясплатная, трэба плаціць каля 170–200 эўра на год за карыстаньне падручнікамі і іншымі паслугамі ўнівэрсытэту. То-бок у 10 разоў таньней, чым беларусу вучыцца на платным у БДУ.
Што да адукацыі для замежнікаў, то ў Беларусі ў БДУ гэта каштуе, напрыклад, на факультэце міжнародных адносінаў 5000 даляраў або 4700 эўра за год. У Сарбоне, выходзіць, замежніку вучыцца ў 1,7 раза таньней.
Навучаньне ў брытанскім Оксфардзе каштуе для замежніка ад 38 000 эўра за год у залежнасьці ад курсу. Такім чынам, тры гады бакаляўрэату будуць каштаваць каля 114 000 эўра. Замежнікі ў Вялікай Брытаніі ня змогуць разьлічваць на стыпэндыю ад дзяржавы, але могуць скарыстацца частковым пакрыцьцём выдаткаў на вучобу за кошт міжнародных грантаў. Для грамадзян Вялікай Брытаніі навучаньне будзе каштаваць каля 32 000 эўра за ўвесь тэрмін у 3 гады.
Кошт навучаньня ў Беларусі і ў суседзяў
У Польшчы атрымаць адукацыю ІТ-спэцыяліста ў Гданьскім політэхнічным унівэрсытэце будзе каштаваць каля 8000 эўра. У Беларусі вывучыцца на ІТ-спэцыяліста ў БДУіРы — 5400 эўра.
Атрымаць адукацыю дыплямата ў Ягелёнскім унівэрсытэце ў Кракаве будзе каштаваць таксама каля 8000 эўра. На тысячу даражэй, чым вывучыцца на міжнародніка ў Беларусі.
Вывучыцца на ІТ-шніка ў Латвійскім унівэрсытэце ў Рызе каштуе 12 200 эўра. У Літве, у Віленскім унівэрсытэце, такая ж адукацыя будзе каштаваць 14 000 эўра.
Трэба таксама ўлічваць, што многія ўнівэрсытэты прапануюць стыпэндыі для замежнікаў, якія пакрываюць кошт навучаньня. Яны ёсьць, напрыклад, у Ягелёнскім унівэрсытэце ў Польшчы. Беларусы, якія маюць «карту паляка», могуць бясплатна вучыцца ў дзяржаўных польскіх унівэрсытэтах. Грамадзяне Польшчы могуць вучыцца ва ўсіх дзяржаўных унівэрсытэтах гэтай краіны бясплатна.
Калі вымяраць кошт навучаньня ў сярэдніх заробках, то сярод усіх эўрапейскіх суседзяў у Беларусі на поўны курс вучобы на ІТ-спэцыяліста спатрэбіцца 9 месяцаў працы. У Латвіі — 8 месяцаў, у Літве — 7 месяцаў, у Польшчы — 4,5 месяца.
Колькі беларусаў вучыцца за мяжой
На просьбу Свабоды Эўрапейская статыстычная служба даслала дадзеныя пра колькасьць беларускіх студэнтаў у эўрапейскіх унівэрсытэтах. У 2021 годзе ў ВНУ Эўразьвязу (27 краін) навучаліся 13 300 беларусаў. Гэтая статыстыка ўлічвае ўсе ўзроўні: ад кароткатэрміновага навучаньня да дактарантуры. Аднак яна можа ахопліваць ня ўсіх беларускіх студэнтаў у ЭЗ, уключаць ня ўсе ўнівэрсытэты.
З 2020 году колькасьць беларускіх студэнтаў у ЭЗ, паводле гэтай статыстыкі, вырасла на 1814 чалавек. Паводле лічбаў Эўрастату, найбольш беларусаў навучаецца ў Польшчы — амаль 9 тысяч, у Чэхіі — 949, у Літве — 920. Польскія ж улады называлі нават большую лічбу — 11 тысяч беларускіх студэнтаў у 2021 годзе.