«Нарадзіла двух дзяцей». Як беларусы праходзілі размеркаванне і касілі ад адпрацовак

На нядаўняй нарадзе ў Лукашэнкі закранулі пытанні размеркавання студэнтаў. Лукашэнка прапануе павялічыць тэрмін адпрацовак для бюджэтнікаў і мэтавікоў, а таксама ўвесці адпрацоўку для студэнтаў-платнікаў. «Наша Ніва» пагутарыла з маладымі людзьмі пра тое, як праходзіла іх размеркаванне.

imgl0539__1__logo.jpg_logo.webp

Кацярына (усе імёны змененыя), доктарка

«Я паступала ва ўніверсітэт па мэтавым накіраванні. Умовы былі такія, што пасля завяршэння навучання я мусіла вяртацца дадому і там пяць гадоў працаваць у раённай бальніцы. На момант, калі мне было 17, такі варыянт здаваўся прывабным, бо гэта фактычна азначала гарантыю паступлення на бюджэт», — згадвае дзяўчына.

Доктарка кажа, што, пажыўшы ў вялікім горадзе, яна даволі хутка зразумела, што не хоча вяртацца ў райцэнтр.

«Пытанні адпрацоўкі пачалі моцна турбаваць хіба пасля трэцяга курса, бо трэба было нешта рабіць, каб застацца ў Гродне, а не вяртацца ў горад з насельніцтвам каля 20 тысяч чалавек. Прыблізна з таго часу пачаўся актыўны пошук будучага мужа», — прызнаецца дзяўчына.

На шостым курсе Каця выйшла замуж. Пасля быў яшчэ год інтэрнатуры, а каб ёй не давялося ехаць па размеркаванні пасля яе завяршэння, маладыя людзі вырашылі завесці дзіця.

«Праўда, усё адно выйшла, што перад адыходам у дэкрэт мне давялося на паўтара месяца пераехаць да бацькоў і выйсці на працу, бо ў дэкрэт было яшчэ рана».

Паколькі дэкрэтны адпачынак доўжыцца крыху больш за тры гады, а адпрацоўка па накіраванні — пяць, то пара завяла другое дзіця. Такім чынам, Кацярына і нарадзіла двух дзяцей, і не адпрацоўвала па накіраванні.

Аліна, журналістка

Мінчанка скончыла журфак па спецыяльнасці «друкаваныя СМІ» ў 2015 годзе. Паколькі вучылася бясплатна, ёй трэба было ісці працаваць па размеркаванні.

«Мяне накіравалі ў адну з рэспубліканскіх газет, рэдакцыя ў Мінску была. Заробак быў невялікі, наколькі памятаю, плацілі ў гады размеркавання каля 700 рублёў. Размеркавалася ў тое ж выданне, дзе праходзіла практыку. Заяўку брала сама, бо гэта быў някепскі варыянт з дзяржаўных рэдакцый», — кажа дзяўчына.

Сярод яе аднакурснікаў былі студэнты, хто паступіў па мэтавым накіраванні.

«Былі тыя, хто спрабаваў адкасіць праз шлюб, але ім гэта не ўдалося. Канечне, былі тыя, хто пасля ўніверсітэта паехаў адпрацоўваць у раёнкі, але калі ты прыклаў хоць крыху намаганняў, то мог знайсці сабе месца, каб застацца ў Мінску», — адзначае журналістка.


Глядзіце таксама

Кірыла, вучыўся на спецыяліста па тэлекамунікацыях

Малады чалавек скончыў БДУІР у 2017 годзе па спецыяльнасці «спецыяліст па тэлекамунікацыях», пасля чаго яго размеркавалі на адно з беларускіх прадпрыемстваў на пасаду праграміста.

«Са старту плацілі, напэўна, рублёў 800, што няблага па тых мерках. У той год быў двайны выпуск, таму ва ўсіх выпускнікоў быў цікавы кейс. Нам адразу сказалі, што размеркавання няма зусім і трэба шукаць месца самім. У якасці дзяжурнага варыянту прапаноўвалі нейкую вайсковую часць пад Мінскам», — кажа хлопец.

Выпускнікі выкручваліся як маглі, некаторыя шукалі варыянты ўладкавацца хоць на чвэрць стаўкі. Частка людзей, каб адтэрмінаваць размеркаванне, пайшла ў магістратуру.

Крысціна, настаўніца англійскай мовы

Дзяўчына паступала па мэтавым накіраванні, пасля атрымання адукацыі яна мусіла вярнуцца ў родны райцэнтр і адпрацаваць пяць гадоў настаўніцай англійскай мовы ў мясцовай школе.

«Пра такі выбар асабліва моцна я пачала шкадаваць, калі зразумела, што вяртацца ў маленькі райцэнтр і працаваць там пяць гадоў настаўніцай за тры капейкі — такая сабе перспектыва», — прызнаецца дзяўчына.

Ад вяртання на перыферыю маладую спецыялістку выратаваў шлюб.

«На трэцім курсе я пазнаёмілася з хлопцам, які вырашыў звязаць сваё жыццё з войскам. Каб мне не давялося ехаць па накіраванні, мы вырашылі ажаніцца, калі я была на пятым курсе. Калі твой муж — вайсковец, то цябе пакідаюць з мужам, і можна не ехаць адпрацоўваць па накіраванні. Таму ў гэтым сэнсе мне пашанцавала з мужам», — прызнаецца Крысціна.


Глядзіце таксама

Настасся, доктарка

«Вучылася на бюджэце, але без мэтавага накіравання, таму адпрацоўваць мне трэба было толькі два гады. Скончыла інстытут у 2016 годзе. Хацелася застацца ў Гродне, але размеркавацца там без блату амаль немагчыма. Там вучыцца шмат дзяцей, у якіх бацькі — дактары ці выкладчыкі. Яны звычайна застаюцца на месцы», — кажа доктарка.

Дзяўчына шукала шляхі, як вырашыць пытанне з размеркаваннем, але цана пытання была для яе надта высокая.

«За дапамогу з размеркаваннем тады агучвалі суму 3-5 тысяч даляраў», — згадвае дзяўчына.

Па размеркаванні Настасся патрапіла ў сталіцу доктарам хуткай. З двух гадоў яна адпрацавала амаль паўтара.

«Падчас інтэрнатуры я пазнаёмілася з будучым мужам, пасля выйшла замуж і зацяжарала, таму дэкрэт скараціў адпрацоўку прыблізна на траціну, я вярнулася ў Гродна, бо асаблівага жадання перабірацца на пастаянку ў Мінску ні ў мяне, ні ў мужа не было», — кажа дзяўчына.

Алег, вучыўся на лагіста

Малады чалавек родам з раённага цэнтра ў Магілёўскай вобласці. Вучыўся Алег у сталіцы, там жа застаўся на адпрацоўку.

«Я працаваў у невялікай экспедыцыйнай арганізацыі. Плацілі мне мінімальны магчымы заробак, астатняя частка была працэнтам ад прыбытку, але праз некалькі месяцаў з гэтым стала складана. Фірма была стратная, пра гэта даведваліся перавозчыкі і адмаўляліся з намі працаваць, таму заробак быў вельмі нізкі», — прызнаецца мужчына.