Эксперт: Правы чалавека — гэта апошняе, на што Лукашэнка звяртае ўвагу
Палітычны аглядальнік Таццяна Ашуркевіч — пра тое, чаму дыпламатычныя метады не працуюць у цяперашняй Беларусі.
ААН заклікала перагледзець указ Лукашэнкі аб нявыдачы
пашпартоў беларускімі амбасадамі за мяжой. «Ніхто не мусіць адчуваць сябе
вымушаным вярнуцца і рызыкаваць трапіць пад пераслед. Мы заклікаем перагледзець
указ у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі», — гаворыцца ў паведамленні,
якое з’явілася ў афіцыйным Твітары арганізацыі.
Прадстаўнікі ААН дадалі, што новы ўказ «рызыкуе парушыць правы тысяч беларусаў у выгнанні, у тым ліку свабоду перамяшчэння».
Падобныя заявы цяпер гучаць як мінімум дзіўна. Ідзе ўжо другі год вайны, у якой рэжым Лукашэнкі выступае суагрэсарам, трэці год раскручваецца махавік рэпрэсій супраць уласных грамадзян — не толькі ўдзельнікаў пратэстаў у 2020-м, але і проста «нелаяльных» беларусаў. Няўжо на міжнародным узроўні яшчэ няма разумення, што Лукашэнка не адгукнецца на заклікі да гуманнасці, выканання правоў чалавека і іншых не дзеючых у сучаснай Беларусі рэчаў?
Аб чым сведчыць цяперашняе выказванне заклапочанасці з боку ААН — што арганізацыя ўсё ж сочыць за падзеямі ў Беларусі і рэагуе, што спадзяецца дамовіцца з беларускімі ўладамі альбо, фігуральна кажучы, бездапаможна разводзіць рукамі? І ці можа сёння хоць адна міжнародная структура паўплываць на рашэнні правіцеля, прымусіць яго адкруціць назад?
— У бягучым палітычным кантэксце няма нічога дзіўнага, што ААН заклікае да перагляду ўказа Лукашэнкі аб нявыдачы пашпартоў за мяжой, — зазначае ў каментары «Филину» палітычны аглядальнік Таццяна Ашуркевіч. — Вы слушна заўважылі, што з пратэстаў прайшло ўжо даволі многа часу, але гэта не значыць, што ў ААН не разумеюць, якую гульню вядзе сам Лукашэнка.
Экспертка нагадвае: ААН — самая буйная міжнародная арганізацыя ў свеце, і таму было б дзіўным, калі б яе прадстаўнікі ніяк не адрэагавалі на падобныя парушэнні правоў. Але рэч у тым, што ў ААН прывыклі дзейнічаць дыпламатычнымі метадамі.
У рэальнасці цывілізаванага, дэмакратычнага свету, удзельнікі якога суіснуюць на прынцыпах узаемапавагі, такія рэчы працуюць. І, канешне, гэта праблема Беларусі, што ў краіне зусім іншая рэчаіснасць, аўтарытарны рэжым і метады кіравання, таму Лукашэнка разумее хіба сілу.
— Аднак складана ўявіць, як яшчэ магла б адрэагаваць на падобныя падзеі арганізацыя, створаная для падтрымання міжнароднага міру і бяспекі — не сілай жа. Таму ААН прытрымліваецца дыпламатыі, тых самых міжнародных нормаў, да выканання якіх заклікае і Беларусь.
З рэалістычнага гледзішча, кажа Таццяна Ашуркевіч, наўрад ці з’яўленне такіх заклікаў як-небудзь наўпрост паўплывае на рашэнні Лукашэнкі.
— Сітуацыя ў Беларусі і вакол яе яскрава паказвае, наколькі складана паўплываць на чалавека, які даўно пераключыў сваю ўвагу з міжнароднай арэны на рэгіянальныя стасункі — я маю на ўвазе Расію.
Лукашэнка, канешне, разумее сваю залежнасць ад падтрымкі Масквы, а таму калі і рэагуе на нейкія заклікі, то гэта заклікі з боку Пуціна. Словы гэтага чалавека маюць для беларускай улады непасрэдную важнасць і вагу, у адрозненне ад заяў міжнародных арганізацый, што знаходзяцца ў заходніх краінах — з апошнімі ў афіцыйнага Мінска найгоршыя адносіны, якія толькі можна ўявіць.
Абвастрэнне зайшло настолькі далёка, што ні маральныя заклікі, ні ўгаворы ў РБ не будуць успрыняты сур’ёзна. Лукашэнка мог бы рэагаваць на заявы, што гучаць з боку заходніх краін, і рабіць выгляд, нібыта для яго гэтыя меркаванні важныя, да 2020 года — але сёння гэтыя заклікі для яго нічога не вартыя.
Наогул, малаверагодна, што хоць нейкая міжнародная структура з ліку тых, якія знаходзяцца ў заходніх краінах, можа аказаць рашучае ўздзеянне на Лукашэнку, звяртаючыся да агульначалавечых каштоўнасцей і маралі.
Хутчэй, з улікам таго, што адбываецца ў Беларусі, гэта гучыць як здзек. Мяркую, Лукашэнка і яго памочнікі маглі б моцна з гэтага пасмяяцца. Бо «правы чалавека» сёння для іх — практычна зневажальны выраз, прынамсі, гэта апошняе, на што беларускія ўлады звяртаюць увагу.
Аднак не варта абясцэньваць дыпламатыю і міжнародныя
заклікі, дадае экспертка. Так, у цяперашняй Беларусі сітуацыя не можа быць
вырашана такімі заклікамі. Яны граюць збольшага фармальную ролю — але разам з
тым сведчаць, што ў ААН сочаць за сітуацыяй у Беларусі і падкрэсліваюць сваю міжнародную пазіцыю.