Шрайбман: «Пашпартны ўказ» Лукашэнкі б’е найперш па не самых актыўных апанентах улады
Што перашкаджае Пуціну і Лукашэнку застацца ва ўладзе ў выпадку пройгрышу ў вайне? Навошта падпісаны ўказ, згодна з якім дыпмісіі больш не будуць выдаваць пашпарты і афармляць некаторыя іншыя дакументы беларусам замежжа? «Вагнераўцы» з’язджаюць — значыць, Расія згортвае сваю прысутнасць у Беларусі? На гэтыя і іншыя пытанні на партале «Люстэрка» адказаў палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
— Што перашкаджае Пуціну і Лукашэнку застацца ва ўладзе ў
выпадку пройгрышу ў вайне? Чаму меркаванне, што яны абавязкова сыдуць, стала
аксіёмай?
— Ніхто не можа дакладна ведаць, як і калі сыдуць Пуцін і Лукашэнка. Любыя размовы такога кшталту — заўсёды пра імавернасць той ці іншай падзеі. Мы можам толькі знаходзіць фактары, якія павышаюць або, наадварот, паніжаюць яе. У цэлым пройгрыш у вайне, зразумела, не азначае аўтаматычнага канца рэжыму, які яе развязаў. Паводле даных даследавання Сары Крока і Джэсікі Уікс, пасля Другой сусветнай вайны толькі кожны другі аўтакрат страціў уладу цягам двух гадоў пасля таго, як прайграў развязаную ім вайну. То-бок шанцы 50 на 50.
Далей можна паглядзець, што спрыяе такой змене рэжыму пасля вайны, а што не. Напрыклад, у персаналісцкіх дыктатурах, якія прайгралі вайну, іх устойлівасць аказваецца вышэйшай, чым у аўтакратыях, дзе акрамя лідара-кіраўніка ёсць яшчэ нейкія інстытуты накшталт партыі ўлады або моцных вайскоўцаў. Рэжым Пуціна, відавочна, бліжэйшы да персаналісцкай дыктатуры, і таму чыста статыстычна для яго сітуацыя выглядае нават лепш, чым «фіфці-фіфці».
Але статыстыка ў такіх пытаннях мае вельмі абмежаваную каштоўнасць, бо кожны рэжым і кожная вайна ўнікальныя. Напрыклад, вайну ва Украіне, нават калі яе адлічваць ад лютага 2022 года, ужо можна лічыць анамальна доўгай, таму што большасць войнаў заканчваецца ў межах аднаго года.
Зацяжная вайна высмоктвае з дзяржавы рэсурсы. Яна пераводзіць эканоміку на ваенныя рэйкі, робячы яе менш эфектыўнай і ўразлівай да знешніх шокаў: напрыклад, да ваганняў цэн на нафту. Можна ўспомніць, што Афганская вайна ў спалучэнні з рэзкім падзеннем нафтавых цэн зрабіла з Савецкім Саюзам.
Акрамя таго, Крэмль сам зрабіў з гэтай вайны не нейкі лакальны канфлікт, а экзістэнцыйную бітву з Захадам. Вайна паглынула расійскую знешнюю і шмат у чым унутраную палітыку. Яна стварыла цэлыя кланы людзей і цэлыя сектары эканомікі, якія ад яе залежаць і не змогуць жыць гэтак жа, калі вайна скончыцца. Усё гэта ўскладняе для Пуціна магчымасць выйсці з вайны з найменшымі стратамі. Зафіксаваць лінію судакранання там, дзе яна ёсць цяпер, спісаўшы гэта ўсё на нейкі лакальны пракол. То-бок вайна ва Украіне ўжо прайшла тую рысу, пасля якой яе лёгка спісаць на нейкую перыферыйную авантуру, пасля якой можна абтрэсціся і пайсці далей.
Напрыклад, менавіта так Садам Хусейн змог перажыць сваё ваеннае паражэнне ў Кувейце ў 1991 годзе і застацца ва ўладзе яшчэ на 12 гадоў пасля гэтага. Не дадае ўстойлівасці рэжыму і ізаляцыя Расіі з боку Захаду, якая, мяркуючы па ўсім, застанецца як мінімум да моманту, пакуль Пуцін знаходзіцца ва ўладзе. А для лёсу беларускага рэжыму мае значэнне не асабіста Пуцін, а жаданне і магчымасць Расіі працягваць падтрымку Лукашэнкі.
Першыя паўтара года вайны гэтае жаданне, хутчэй, толькі ўзмацнілі, бо Беларусь стала паўнавартасным ваенным плацдармам, які трэба фінансаваць у прыярытэтным парадку. Сцэнар заканчэння вайны не на карысць Расіі азначае як мінімум аслабленне гэтай матывацыі, бо плацдарм больш не будзе такім неабходным. Прыярытэты стануць іншымі.
Да таго ж вельмі цяжка ўявіць сабе такое паражэнне Расіі, якое не прывядзе да змяншэння яе эканамічнага патэнцыялу. То-бок знізіцца можа як жаданне спансірараваць Мінск, так і магчымасці. Таму мы і можам сказаць, што вайна ва Украіне ў выпадку яе пройгрышу Масквой павышае імавернасць датэрміновага падзення расійскага рэжыму і, як вынік, яго сатэлітаў. І на гэтым усё. Паліталогія, гісторыя, як і іншыя сацыяльныя дысцыпліны — гэта не фізіка, яны не даюць ні дакладных прагнозаў, ні гарантый, нягледзячы на тое, што многім псіхалагічна прыемней успрымаць словы пра вялікую імавернасць як нешта, што напэўна адбудзецца. Але ў рэальнасці гэта не так.
— Навошта ўладам указ, згодна з якім дыпмісіі больш не будуць выдаваць пашпарты і афармляць некаторыя іншыя дакументы беларусам замежжа?
— Мэта ўказа на паверхні, і прапаганда яе не асабліва хавае. Улада даволі даўно ўзяла на ўзбраенне філасофію падзелу беларусаў на «правільных» і не вельмі.
Людзі, якія сёння кіруюць Беларуссю, разглядаюць сябе — уладу — як сінонім дзяржавы і краіны ў цэлым. І ў гэтай карціне свету, калі ты калісьці выступіў супраць улады, гэта раўняецца злачынству супраць усёй краіны.
У дачыненні да такіх людзей, якія ўсё яшчэ жывуць унутры краіны, ва ўлады ёсць велізарны спектр мер, як пазбаўляць іх розных правоў. Іх можна саджаць, звальняць, не дапускаць да нейкіх прафесій, абшукваць па жаданні сілавікоў. Але хочацца караць і тых няправільных, хто знаходзіцца па-за кантролем улады. І раз яны пайшлі супраць Лукашэнкі (адпаведна, пайшлі супраць дзяржавы), то цяпер яна адчувае сябе ў праве адрэзаць іх ад сваіх базавых паслуг, якія могуць атрымліваць толькі «правільныя» беларусы.
У гэтым сэнсе консульскі ўказ Лукашэнкі — гэта толькі працяг таго трэнду, які мы бачылі апошнія гады. Ён уключаў у сябе магчымасць выносіць завочныя прысуды, пазбаўляць эмігрантаў грамадзянства і права галасаваць на выбарах у пасольствах, а таксама блакіраванне іх аперацый з нерухомасцю, якую перыядычна практыкавалі ў Беларусі. З тымі ж пашпартамі ўжо хапала гісторый, як консулы адмаўляліся выдаваць іх беларусам па месцы іх пражывання, замест гэтага адпраўляючы іх па новы дакумент у Мінск.
Новы ўказ проста легалізаваў гэтую практыку і пашырыў яе на ўсіх эмігрантаў. Так бюракратычна прасцей, чым разбірацца ў кожным індывідуальным выпадку, хто ўжо «дастаткова экстрэміст», а каму яшчэ можна выдаць пашпарт у консульстве.
Новы ўказ якраз б’е ў першую чаргу не па самых актыўных праціўніках улады. Тыя ж і так дакладна ведалі, што да змены ўлады ім нельга ні на радзіму, ні ў амбасаду. У большай ступені гэты ўказ б’е па ўсіх астатніх. Для людзей, якія даўным-даўно, дзесяцігоддзямі, не жывуць у Беларусі, але ўсё яшчэ захоўваюць яе пашпарт, гэта абернецца новымі грашовымі выдаткамі і марнаваннем часу, бо давядзецца спланаваць паездку на радзіму для вырашэння нейкіх бюракратычных пытанняў.
Для людзей, якія знаходзяцца дзесьці на мяжы, якія не ведаюць, наколькі бяспечна ім вяртацца ў Беларусь і ці знаходзяцца яны на радарах у сілавікоў, гэты ўказ найбольш небяспечнейшы. Ён пазбаўляе іх магчымасцей, якімі яны планавалі скарыстацца яшчэ нядаўна. І ў гэтым сэнсе нянавісць да ўлады ў беларусаў, якія выехалі, толькі ўзмоцніцца, прычым незалежна ад іх палітызаванасці. Але беларускі рэжым даўно прайшоў той пункт, калі яго яшчэ цікавіла меркаванне той часткі беларускага народа, якая з’ехала. Важней пакараць «няправільных» беларусаў, чым не раззлаваць нейкую колькасць апалітычных.
Другі пабочны матыў — прастымуляваць працу камісіі па вяртанні палітэмігрантаў, якая амаль не карыстаецца попытам дагэтуль. Цяпер жа ў многіх людзей, якім востра трэба вырашыць пытанні з дакументамі, з’явіцца моцны стымул, каб паспрабаваць хаця б такім чынам хоць трохі знізіць свае рызыкі ад прыезду ў краіну.
Нарэшце, па-трэцяе, сілавікам таксама ўвесь час патрэбна новая праца. Нейкая частка з беларусаў замежжа можа рызыкнуць і прыехаць у краіну. І некаторых з іх можна будзе затрымаць.
— На мінулым тыдні маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» расказала, што ў нашай краіне знаходзяцца 2300 расійскіх вайскоўцаў і ўжо амаль не засталося расійскай авіяцыі. У лагеры ПВК «Вагнер» дэманцір авалі больш за палову намётаў. Расія згортвае сваю прысутнасць у Беларусі? Для чаго гэта можа быць ёй трэба?
— Мы прывыклі думаць, што Масква захоўвае або нарошчвае сваю вайсковую прысутнасць у Беларусі, каб у тым ліку кантраляваць Лукашэнку. Але па факце мы бачым, што прыярытэты аказваюцца трохі іншымі. Добра, калі ў цябе ёсць дастаткова войскаў, каб раскідваць іх па ўсіх магчымых лакацыях. Напрыклад, закрываць увесь фронт, трымаць на замежных вайсковых базах, адначасова ўзмацняючы там свой палітычны ўплыў, трэніраваць мабілізаваных у Беларусі, ствараючы Украіне пагрозу з поўначы. Але калі войскаў становіцца недастаткова, каб вырашаць усе гэтыя задачы, даводзіцца рабіць выбар.
У выніку ў Беларусі практычна да нуля скараціўся расійскі кампанент рэгіянальнай групоўкі войскаў, якую стваралі амаль год таму. Прычым гэта датычыць як пяхоты, так і авіяцыі. І гэта кажа нам, што ў Расіі ёсць востры дэфіцыт вайсковай сілы на іншых кірунках. Калі б гэта было інакш, расійскай арміі не давялося б перакідваць дэсантнікаў экстранна з Луганскай вобласці на паўднёвыя напрамкі ў Запарожскую. Калі б у Расіі былі свабодныя войскі, не мела б сэнсу адмяняць рэгулярныя вучэнні «Захад», якія мусілі прайсці ў Беларусі сёлета.
У выніку, сутыкаючыся з неабходнасцю рабіць выбар, Масква вырашае прыбраць з нашай краіны значную частку сваёй вайсковай прысутнасці. Там лічаць, што палітычная лаяльнасць Мінска будзе забяспечана і іншымі сродкамі. Бо ў Беларусі, мяркуючы па ўсім, ёсць нейкая колькасць расійскіх ядзерных боегаловак, эканамічная залежнасць ад Расіі наогул набліжаецца да татальнай. Баяцца нейкіх хістанняў Лукашэнкі ў агляднай будучыні бессэнсоўна — і ў пагрозу Украіне з поўначы таксама ўжо ніхто не верыць, у тым ліку сам Кіеў.
Сітуацыя з «Вагнерам», вядома, асаблівая, але логіка са згортваннем лагера падобная. Расія проста не бачыць ні ваеннага, ні палітычнага сэнсу ўтрымліваць у Беларусі тысячы наймітаў без справы: годных задач для іх там няма. І, застаўшыся без стабільнага фінансавання, яны паступова пакідаюць Беларусь. Таму расійскую вайсковую прысутнасць у нашай краіне нельга назваць сталай — яна, хутчэй, мігатлівая.
Калі ўзнікаюць свабодныя рэсурсы і асэнсаваныя задачы, Масква пасылае войскі. Такая сітуацыя цалкам можа паўтарыцца, напрыклад, пасля паўторнай мабілізацыі ў Расіі ці ў выпадку нейкага вострага ваеннага або палітычнага крызісу ўнутры Беларусі ці ля яе меж. Але пакуль мы можам зафіксаваць, што сталая вайсковая прысутнасць у нашай краіне не ёсць для Масквы вострым прыярытэтам. Важна мець плацдарм, куды заўсёды можна вярнуцца.
— Польшча пачала выдаваць турыстычныя візы, Лукашэнка запрашаў прадстаўніка Варшавы на вучэнні АДКБ, прэзідэнт Літвы заявіў, што пытанне поўнага закрыцця меж страчвае актуальнасць, найміты паступова пакідаюць нашу краіну. Пры гэтым пра палітвязняў нібыта гавораць усё менш. Краіны-суседзі і беларускі рэжым пасылаюць адно аднаму сігналы пра перазапуск адносін?
— Усё пералічанае сапраўды выглядае як спроба дээскалацыі з абодвух бакоў, але спроба вельмі абмежаваная і непаслядоўная.
Па-першае, любы абмен сігналамі на двухбаковым узроўні паміж Беларуссю і нейкім яе заходнім суседам апрыёры не можа перазапусціць адносіны — якімі б сур’ёзнымі гэтыя сігналы ні былі. Адносіны скаваны на ўзроўні санкцый, уведзеных Еўрасаюзам у цэлым. Мінск з Варшавай, як і Мінск з Вільнюсам, могуць паспрабаваць вырашыць толькі тыя праблемы, якія назапасіліся ўжо зверху — над агульнымі канфліктамі і бар’ерамі ў адносінах. А гэта значыць, што само поле для абмену сігналамі невялікае.
Двухбаковых праблем нямала, але нават рашэнне іх усіх не пацягне на поўную перазагрузку адносін. Па сутнасці, гаворка можа ісці пра міграцыйны крызіс, мілітарызацыю мяжы з абодвух бакоў, вырашэнне нейкіх пытанняў, звязаных з кантактамі памежнікаў і вайскоўцаў, вызваленне важных для Польшчы палітвязняў, адкрыццё або закрыццё памежных пераходаў, паскарэнне іх працы, вырашэнне нейкіх дыпламатычных праблем накшталт складу амбасад у Мінску і ў сталіцах краін-суседзяў.
Па-другое, самі гэтыя сігналы няўпэўненыя. Так, увесь жнівень і пачатак верасня Мінск паслядоўна памяншаў колькасць мігрантаў, якія спрабавалі штурмаваць мяжу з Польшчай, але пры гэтым гэтак жа рэзка расла колькасць мігрантаў, якія хацелі прарвацца ў Латвію. Лукашэнка нібы кажа: «Акей, я магу часова перакінуць частку мігрантаў на іншы ўчастак мяжы, каб палякі супакоіліся, але вырашаць праблему агулам я не збіраюся».
Плюс, паводле паведамленняў польскіх памежнікаў, нядаўна іх закідалі камянямі з беларускага боку. Мінск жа сцвярджае, што польскія памежнікі самі правакуюць беларусаў, калі страляюць па-над галовамі мігрантаў, якіх яны выпіхваюць назад у Беларусь. Калі б было дакладнае жаданне мірыцца, то такіх эксцэсаў ніхто б не дапускаў.
Міралюбная заява міністра [абароны Беларусі Віктара] Хрэніна пра польскі верталёт, які нібыта перасёк беларускую мяжу, і запрашэнне польскіх назіральнікаў на вучэнні АДКБ былі амаль сінхронна ўраўнаважаны рашэннем Мінска выйсці з Дамовы пра звычайныя ўзброеныя сілы ў Еўропе, прычым выйсці толькі ў адносінах з Польшчай і з Чэхіяй.
З польскага і літоўскага боку мы таксама бачым больш умераную рыторыку адмовы ад пагроз поўнага закрыцця мяжы. Але і гэта звязана з тым, што такія заявы з самага пачатку былі хутчэй не планамі нашых суседзяў, а менавіта пагрозамі ў адказ на з’яўленне ПВК« Вагнер» у Беларусі. Лагер «вагнераўцаў» пачаў рассмоктвацца, Лукашэнка таксама змякчыў рыторыку — і краіны-суседзі адказалі тым самым.
Але тут не відаць нейкай праактыўнай гатоўнасці кагосьці з суседзяў укладвацца ў тое, каб сур’ёзна мяняць адносіны. Канфрантацыя і ўзаемны недавер сталі новай нормай, і бакі, хутчэй, спрабуюць кіраваць напружанасцю, нібыта павялічваючы ўзровень агню на пліце, але не спрабуюць перавесці адносіны ў новую якасць.
У тэорыі ўстойлівы абмен нават такімі невялікімі сігналамі на дыстанцыі некалькіх месяцаў, а можа, гадоў, здольны вярнуць бакі калі не да даверу, то хаця б да нейкага ўстойлівага дыялогу. У ідэале можна сабе ўявіць вызваленне [журналіста Анджэя] Пачобута, аднаўленне нармальнай працы ўсіх памежных пераходаў на заходніх межах Беларусі, спыненне міграцыйнага крызісу, вяртанне ў Мінск, Варшаву і Вільнюс поўнага складу амбасад.
У тэорыі заходнія санкцыі не перашкаджаюць таксама і перазапусціць цягнікі, і пачаць выдаваць яшчэ больш віз, але, на жаль, сама логіка вайны ў рэгіёне і рэпрэсіі ў Беларусі даюць занадта шмат падстаў, каб гэты дыялог не стаў устойлівым, а ўвесь час зрываўся.
— Хутка ў Беларусі пройдуць выбары: парламенцкія і прэзідэнцкія. На іх ва ўлад і Лукашэнкі асабіста будуць нібыта апазіцыйныя спарынг-партнёры? Ці рэжыму цяпер гэта не трэба?
— Неабходнасць у спарынг-партнёрах на выбарах ёсць амаль у любых дыктатурах, нават у таталітарных.
Мала хто ведае, але ў камуністычных Кітаі і Паўночнай Карэі таксама ёсць па некалькі партый. Пакуль ёсць выбары як працэдура і людзі, якія надаюць ёй хоць нейкую ўвагу, трэба, каб гэты спектакль быў хаця б трохі падобны да арыгінала.
Бюлетэнь з адным кандыдатам ці з адной партыяй, як гэта было ў СССР, пакуль выглядае занадта экзатычна для Беларусі. Калі б улада хацела прыйсці менавіта ў гэты пункт, то няма ніякай неабходнасці рэгістраваць некалькі праўладных партый. Здаецца, пасля перарэгістрацыі іх у краіне застанецца чатыры.
Проста спарынг у такой сістэме будзе крыху іншым. Апазіцыя дагэтуль удзельнічала ў выбарах, каб скарыстацца гэтай магчымасцю і, калі пашанцуе, дэстабілізаваць кіруючы рэжым — і такім чынам у перспектыве прыйсці да ўлады. Таму амаль кожныя выбары нараджалі яркіх кандыдатаў і амаль усе прэзідэнцкія кампаніі заканчваліся цалкам сабе рэальным палітычным сутыкненнем на вуліцах. Мэты новых спарынг-партнёраў будуць асабліва тэатральнымі. Прынамсі, пакуль улада мае сілу, а ланцужкі гэтых партый дастаткова моцныя.
Гэта азначае і змяненне дыскурсу кампаніі. Крытыку Лукашэнкі ці найвышэйшай улады ў цэлым мы наўрад ці пачуем. Ворагі, хутчэй, будуць ва ўсіх кандыдатаў агульнымі: «збеглая апазіцыя» і Захад. Максімум для імітацыі плюралізму іншым праўладным партыям, акрамя «Белай Русі», могуць дазволіць крытыкаваць кандыдатаў ад «Белай Русі» на іх акругах або мясцовую ўладу.
Прэзідэнцкія выбары, калі яны будуць праходзіць у
такім жа рэжыме, як і цяпер, будуць вельмі нагадваць тое, што адбываецца ў
Цэнтральнай Азіі, калі ўсе кандыдаты спаборнічаюць у тым, хто з іх больш
акуратна ці, наадварот, больш дэманстратыўна пахваліць прэзідэнта. Мы ўжо
бачылі такія мадэлі спарынгу ў Беларусі, калі кандыдатамі былі [ганаровы
старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей] Гайдукевіч або лідар
казацтва [Мікалай] Улаховіч. Адказваючы на пытанне, навошта яны наогул
удзельнічаюць у прэзідэнцкіх выбарах, калі толькі хваляць Лукашэнку, яны казалі
нешта накшталт «У мяне ёсць партыя — яна павінна ўдзельнічаць у выбарах».