Пасля скандальнага ўказа Лукашэнкі колькасць заявак на пашпарт новай Беларусі ўзрасла да 62 тысяч
У галасаванні на платформе «Новая Беларусь» за выданне новых пашпартоў прагаласавала больш за 57 тысяч чалавек. Пасля навіны пра тое, што дыпламатычныя прадстаўніцтвы за мяжой больш не будуць выдаваць грамадзянам пашпарты Рэспублікі Беларусь, колькасць ахвочых атрымаць распрацаваны дэмакратычнай супольнасцю дакумент павялічылася да 62 тысяч. І гэта не проста лічбы.
— Гэта вельмі важна для Аб’яднанага пераходнага кабінета, бо Еўрасаюз задае пытанні, якой
можа быць першая партыя, і партнёры, якія патэнцыйна могуць выпусціць гэтую
першую партыю, задаюць пытанні. Ім трэба разумець, брацца за гэта ці не. Бо
можа выявіцца, што гэта патрэбна тысячы чалавек, а ў іх першая мінімальная
партыя, я не памятаю дакладна, ці то 25, ці то 40 тысяч. Ніхто не будзе везці
супердарагую паперу, сродкі абароны, каб надрукаваць 1000 пашпартоў, — тлумачыць «Еўрарадыё» Павел Лібер, кіраўнік праекта «Новая
Беларусь».
Да тых, каму цікавы новы пашпарт, неўзабаве звернуцца з удакладняльнымі пытаннямі.
Таксама платформа прапаноўвае Кабінету лічбавую верыфікацыю тых, хто звернецца па новыя дакументы. Гэта так званае лічбавае ID — сведчанне асобы. Яго атрымае толькі той карыстальнік, які мае сапраўдны беларускі пашпарт.
— Гэта можа дапамагчы засцерагчыся ад перагрузкі замовамі, калі якія-небудзь прыгожынскія боты пачнуць актыўна забіваць месцы на візіт у пашпартныя цэнтры, каб стварыць нязручнасці. У нас ёсць тэхналогія, якая дазваляе гарантаваць, што ў чалавека ёсць беларускі пашпарт і да вас звярнуўся невыпадковы чалавек, каб выпусціць фізічны пашпарт. Або мы праз «Новую Беларусь» можам дапамагчы зрабіць перадзамову, — кажа Павел Лібер.
Але важна мець на ўвазе, што фізічны пашпарт новай Беларусі і дзіджытал айдзі — гэта не тое ж самае. Лічбавую ідэнтыфікацыю на платформе змогуць прайсці і тыя, хто цяпер жыве ў Беларусі. Ніякіх абмежаванняў для гэтага няма — каму цікавы гэты праект, той яго магчымасцямі і карыстаецца.
— У нас большая частка аўдыторыі застаецца ўнутры краіны. Невялікі перакос, 52% там дзесьці. Многія сэрвісы, якія даюцца ў рамках гэтай экасістэмы, унікальныя і запатрабаваныя ўнутры краіны. Напрыклад, бясплатныя кансультацыі з юрыстамі. Яны кансультуюць толькі па заканадаўстве Беларусі, і беларусам Польшчы няма сэнсу да іх звяртацца. Там цяпер абсалютны бум, за мінулы месяц было больш за тысячу кансультацый, і іх колькасць расце. А цяпер, калі выйшла навіна пра пашпарты і нерухомасць, я ім увогуле не зайздрошчу. У платформы медычных кансультацый таксама большасць аўдыторыі з Беларусі.
Мы зацікаўлены, каб колькасць гэтых людзей павялічвалася. Гэта не забаўка для дыяспар, гэта платформа для беларусаў, дзе б яны ні знаходзіліся, — падсумоўвае Лібер.