«Вагнераўцы» зладзілі мемарыял Прыгожыну і нацысту Уткіну каля Вечнага агню ў Мінску
«Вагнераўцы», якія знаходзяцца ў Беларусі, арганізавалі «мемарыял Прыгожыну» на плошчы Перамогі ў Мінску. Наўпрост каля Вечнага агню. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал, звязаны з ПВК Вагнера.
Мемарыял, які арганізавалі двое супрацоўнікаў ПВК, складаецца з фота загінулых у
авіякатастрофе заснавальніка групоўкі
Яўгена Прыгожына і камандзіра Дзмітрыя Уткіна, а таксама раздрукаванага
лагатыпа вайсковай кампаніі. «Ніхто не забыты, нішто не забыта! Нават у пекле
яны будуць лепшымі!», — дадае тэлеграм-канал.
«Еўрарадыё» звярнула
ўвагу, што з’яўленне «мемарыяла» ўжо
пракаментаваў прапагандыст з пула Лукашэнкі Ігар Тур. Фатаграфіі Прыгожына і
Уткіна ля Вечнага агню на плошчы Перамогі ён назваў «вельмі лішнімі». Шмат
разоў. Гэта «вельмі лішняе. Вельмі. Вельмі моцна лішняе. Вельмі», — засмуціўся Тур.
Калі пра Яўгена
Прыгожына, «кухара Пуціна», апошнім часам шмат пісалі беларускія
незалежныя медыя, то яго найбліжэйшы паплечнік Уткін застаецца крыху па-за ўвагай.
Між тым гэта чалавек, які прытрымліваўся нацысцкіх поглядаў. Гэта дэманструе
дадатковую цынічнасць усталявання яму «мемарыяла» на месцы, дзе шануюць ахвяр
Другой сусветнай вайны.
Падрабязна пра
Уткіна пісаў у красавіку цэнтр «Дасье».
Дзмітрый Уткін
нарадзіўся ў 1970 годзе і да 2013 года служыў ва Узброеных сілах Расіі.
Узначальваў 700-ты асобны атрад спецназа 2-й асобнай брыгады СпП Галоўнага
разведвальнага ўпраўлення Мінабароны.
Пасля звальнення з войска Уткін стаў сімпатызантам гісторыі Трэцяга рэйха. Узяў пазыўны па імені любімага кампазітара Адольфа Гітлера (адсюль потым і з’явілася назва ў прыгожынскай ПВК), адкрыта чапляў на сябе то рэмень, то кепі са свастыкай, любіў разважаць пра шлях сапраўднага арыйца. Такія гісторыі расследавальнікам цэнтра «Дасье» даводзілася чуць ад відавочцаў неаднаразова.
З дакументальных
доказаў — пара фатаграфій, на адной з якіх намаляваны аголены (як мінімум па
пояс) мужчына, вельмі падобны на Уткіна, з татуіроўкамі або малюнкамі на целе ў
выглядзе пятліц оберштурмбаннфюрара СС і эмблемы вермахта, на другой — нехта ў
профіль, які нагадвае Уткіна, у бергмютце (нямецкая ваенная шапка) з эсэсаўскім
арлом.
Любоў
падпалкоўніка запасу Узброеных Сіл Расіі Уткіна да СС даказваецца з дапамогай
дакументаў таго самага адмысловага аддзела, атрыманых нямецкім выданнем Die
Welt і цэнтрам «Дасье».
Выявілася, што на імя Уткіна ў ПВК падавалі дакументы, на якія ён накладваў рэзалюцыі. У апошнія гады ён не выкарыстоўцаў ва ўнутраным дакументазвароце пазыўны «Вагнер», затое часта падпісваўся проста і лаканічна — двума маланкамі. Яны ж руны «зіг», знак СС.
Цікава, ці доўга праіснуе мемарыял Прыгожыну і нацысту
Уткіну каля Вечнага агню?