Зерне варожасці і бура нянавісці ў скрыні Пандоры
Сусветная «вось зла» працягвае свой наступ на правы чалавека і агульначалавечыя каштоўнасці. Ці магчыма ёй супрацьстаяць і перамагчы — без яе ж інструментаў?
Адкуль бярэцца нянавісць? Утрыраваны інстынкт аховы сваёй тэрыторыі? Страх, які прымушае нападаць? Адказ на боль? Што за працэсы павінны адбывацца ўнутры, каб адзін чалавек пачаў ненавідзець іншага, якога ніколі не бачыў?
Да гэтых пытанняў я вяртаюся час ад часу — думаю, разважаю, забываю і зноў вяртаюся. Дні змяняюцца адзін за адным, змяняюцца абставіны вакол і мой прыватны кантэкст, але глабальна «вечныя пытанні» застаюцца вечнымі. Я думаў пра нянавісць, калі бацька збіваў маці; калі я чытаў успаміны вязняў канцлагераў; калі ў Беларусі збіраліся ўвесці крымінальную адказнасць для геяў; калі з Акрэсціна выходзілі збітыя людзі; калі ў тэлевізары Скабеева заклікала Пуціна скінуць на украінцаў ядзерную бомбу... Думаю пра гэта і цяпер — калі тэрарысты бамбяць Ізраіль і ў свеце зноў падымаецца хваля антысемітызму.
Як узнікае і на чым заснавана гэтая грэблівасць, погляд звысоку на тых, хто мае ў сабе яўрэйскую кроў? У чым лепшымі лічаць сябе жыхары таго ж Дагестана, многія з якіх з камянямі ў руках па выглядзе мала чым адрозніваюцца ад пячорных людзей? А маладыя еўрапейцы, якія вельмі хутка перанасыціліся гісторыяй і «спасціглі дзэн» спажывецкага шчасця? Цяпер яны рыхтуюць глебу для будучых пакаянняў і слёз, якіх, відаць, недастаткова было праліта да іх для таго, каб слова «роўнасць» перастала быць лозунгам і стала рэальнасцю.
Я туркачу пра гэта не адзін год. Біблейскае выслоўе пра вецер і буру сапраўды працуе. Калі кідаеш у глебу зерне варожасці, яно прарастае — самым горкім і непралазным бур'янам, які ў патрэбны час захоплівае і твой падворак, і дом, і цябе самога. Шматлікія паўстанні і рэвалюцыі — найяскравейшы таму доказ. Гвалт спараджае гвалт, любоўю на нянавісць адказваюць толькі вар'яты і блазны, і таму ад свету, у якім то тут, то там успыхвае чарговая пандэмія забойстваў: войны, дыктатуры, тэракты, — чакаць добрага не даводзіцца.
Я не маю сярод продкаў яўрэяў, таму з антысемітызмам асабіста не сутыкаўся, але гэтая тэма ніколі не пакідала мяне абыякавым: са школьных часоў я чытаў успаміны пра Халакост і стараўся бываць у памятных мясцінах, звязаных з яўрэйскай гісторыяй, якіх досыць шмат і ў Беларусі, і агулам па Еўропе. Памятаю, якое моцнае ўражанне на мяне зрабіла найстарэйшая сінагога «старога свету», якая месціцца ў Празе. Там, у Старановай сінагозе, амаль сем стагоддзяў таму была здзейснена першая масавая разня яўрэяў — і крывавыя сляды тых падзей па сёння застаюцца на сценах, некранутых часам і людзьмі. Для мяне гэта было самае рэальнае сведчанне той жудасці, што сотнямі гадоў адбывалася па ўсім свеце: людзей забівалі і, на вялікі жаль, працягваюць забіваць толькі таму, што яны тыя, хто ёсць.
Для забойства ўвогуле няма ні прычын, ні апраўданняў. Тым больш паходжанне, колер скуры, разрэз вачэй, сексуальнасць, узрост, здольнасці і таленты (або адсутнасць іх) і іншыя падобныя рэчы не могуць быць падставай для пераследу, як не можа быць злачынствам сам факт нашага з'яўлення на свет, незалежны ад нас.
Імкненне зрабіць іншых падобнымі да сябе мосціць нам дарогу ў пекла. Калі ўвесь свет будзе складацца з уладзіміраў пуціных ці баевікоў ХАМАСа, як доўга ён пратрымаецца? Разнастайнасць, мірнае суіснаванне розных індывідуальнасцей, розных культур і ёсць наша багацце, сістэма стрымліванняў і проціваг, дзякуючы якой чалавецтва ўсё яшчэ існуе і па-ранейшаму з'яўляецца стваральнай, а не разбуральнай сілай.
Калі з экасістэмы гвалтоўна прыбіраецца адно звяно, напрыклад, пчолы — паступова гіне ўся экасістэма. Праблема маштабуецца адпаведна тэрыторыі: калі знікае адна пасека — гіне арэал вакол яе; калі пажар з'ядае лясы — гінуць цэлыя раёны; калі вынішчаецца адна нацыя — гэта шлях да знікнення ўсяго чалавецтва.
На якой падставе выбіраецца мішэнь, мне незразумела. Чаму некаторыя рэчы, на якія можна перавесці гнеў натоўпу, дакладна спрацоўваюць? Напрыклад, гамафобія ці антысемітызм. Чаму замест рэальных крыніц зла, якія ўдала кіруюць чужымі эмоцыямі, у якасці ахвяр выбіраюцца тыя, хто не вінаваты ў нашых пустых кашальках, адсутнасці жытла і ямінах на дарогах? Мы пачынаем ненавідзець людзей, якіх ніколі ў вочы не бачылі — яны ўвогуле могуць жыць у іншай частцы свету і ніякім чынам не перасякацца з намі, але мы настолькі неабыякавыя да іх, што жадаем ім смерці.
Адна з самых запамінальных кніг пра Халакост — «У цемры» Крысціны Хігер і Даніэля Пайснера — расказвае гісторыю яўрэйскай дзяўчынкі, якая разам з сям'ёй больш за чатырыста дзён хавалася ад нацыстаў пад зямлёю, у сістэме львоўскіх камунікацый, і дапамагаў ім выжыць звычайны паляк, наглядчык каналізацыі, які, рызыкуючы сваім жыццём, прыносіў ежу невядомым яўрэям. У гэтай гісторыі шмат чалавечнасці, якая на фоне жудасных здзекаў і забойстваў кранае яшчэ мацней. Чалавечнасці, якая падаецца ненатуральнай, чужой гэтаму свету, хутчэй анамаліяй, чым нормай — і гэта страшна. Калі правілы гульні змяняюцца настолькі, што дабрыня і спагада выклікаюць слёзы, можна, нават не зазіраючы ў навіны, смела гаварыць, што насталі чорныя дні.
Расчалавечванне, якое ляжыць у аснове ўсіх масавых трагедый, ніколі не працуе ў адзін бок, яно не паддаецца кантролю, і варта толькі адкрыць гэтую скрыню Пандоры, як яе атрутнае змесціва паляціць ва ўсе бакі. А праз некаторы час той, хто кінуў зерне ў зямлю, збярэ свой ураджай — і хваткія сцёблы нянавісці сціснуць яму горла.
Некантралюемая, дазволеная нянавісць патрабуе ўсё новых і новых ахвяр, новай крыві. Спыніць яе немагчыма перамовамі, ушчуваннямі, біблейскімі запаветамі і заклікамі да сумлення. На вялікі жаль, кроў змываецца крывёю, і пра гэта варта б памятаць злодзеям з розных палацаў і рэзідэнцый і іх памагатым. Сёння скрыня Пандоры ўжо адкрыта, бумеранг запушчаны, і калі ён вернецца назад да тых, хто яго запусціў, — гэта толькі пытанне часу. А ў тым, што вернецца, у мяне асабіста сумневаў няма.