Жыць у свеце, дзе чалавека паважаюць: Міжнародны дзень супраць фашызму, расізму і антысемітызму

Сёння, 9 лістапада, адзначаецца Міжнародны дзень супраць фашызму, расізму і антысемітызму. Менавіта ў ноч з 9 на 10 лістапада 1938 года на тэрыторыі Германіі і Аўстрыі прайшла серыя габрэйскіх пагромаў. 

noch_imperskih_pagromau.png

Арганізаваная нацыстамі з 9 на 10 лістапада 1938 года «Крыштальная ноч» ці «Ноч пабітых вітрын» стала першай масавай акцыяй фізічнага гвалту Трэцяга рэйха ў адносінах да габрэяў. У сучаснай Германіі гэтую сумную дату афіцыйна называюць «Ноччу імперскіх пагромаў». Праваабаронцы распавялі, што для іх азначае гэты дзень. 

Наталля Сацункевіч:

Наталля Сацункевіч. Фота: spring96.org

Наталля Сацункевіч. Фота: spring96.org

«Калі я думаю пра Міжнародны дзень супраць фашызму, расізму і антысемітызму, для мяне падзяляецца гэта дата на дзве часткі: першая — асабіста прафесійная, а другая — асабіста асабістая.

Пра асабіста прафесійную: калі я пазнаёмілася з канцэпцыяй правоў чалавека на дзесяцідзённай «Летняй школе па правах чалавека» для моладзі ў Вільні, я паверыла ў яе і падзяліла каштоўнасці — і з тых часоў кіруюся імі ў працы і ў жыцці. І адно з базавых паняццяў правоў чалавека —  гэта чалавечая годнасць. Кожны чалавек нараджаецца і прыходзіць у гэты свет ужо з годнасцю. І яе не трэба неяк заслугоўваць, зарабляць — яна проста ёсць у людзей, таму што яны існуюць і жывуць. І годнасць і павага да яе вельмі важныя.

У прафесійным жыцці, канешне, я абапіраюся на гэта — і ўсе мае дзеянні ў абарону правоў чалавека базіруюцца на павазе да чалавечай годнасці. Але ў жыцці таксама стараюся як мага больш паважаць сваю годнасць, патрабаваць ад іншых людзей, каб яны паважалі яе, і таксама ў адказ паважаць годнасць іншых людзей: бачыць заўсёды чалавека перад сабой, ягоныя патрэбы і як мага менш спрабаваць судзіць пра чалавека па нейкіх прыкметах, асабліва відавочных, напрыклад, расе, рэлігіі (калі гэта бачна), нацыянальнасці.

І тут чалавечая годнасць і павага да яе вельмі моцна пераплятаецца з недыскрымінацыяй, якая таксама з'яўляецца адной з базавых каштоўнасцей правоў чалавека, таму, канешне, праваабронцы ўсяго свету кіруюцца гэтымі прынцыпамі.

І калі мы кажам пра Міжнародны дзень супраць фашызму, расізму і антысемітызму — ён жа пра тое, каб з людзьмі нічога не адбывалася дрэннага з-за таго, што яны нейкай іншай расы, нацыянальнасці ці палітычных поглядаў.

Я сама хачу жыць у свеце, дзе чалавека паважаюць (і іншыя людзі, і дзяржава) таму, што ён чалавек.

Другая частка — мая асабістая, бо я маю габрэйскія карані: мой дзядуля і мая прабабуля — габрэі. І калі пачалася вайна ў Беларусі, то яны былі вымушаны з'ехаць у эміграцыю, а бацькі маёй прабабулі засталіся ў Мінску і загінулі ў гета, хутчэй за ўсё падчас аднаго з першых масавых расстрэлаў, там, дзе ў Мінску знаходзіцца мемарыяльны комплекс Яма — хутчэй за ўсё, там яны былі і забіты, і пахаваны...

Нават немагчыма знайсці магілу, таму што яны там агульнабратэрскія... І кал я пра гэта думаю, што маіх сваякоў, людзей з маёй сям'і забілі толькі таму, што яны былі габрэямі (не такой нацыянальнасці, як іншыя), то мяне гэта вельмі абурае і закранае мае асабістыя пачуцці».

Любоў Ланіна:

Любоў Ланіна

Любоў Ланіна

«Агулам я рада, што гэты дзень ёсць у беларускай павестцы, бо праваабааронцы (і не толькі) узгадваюць у гэты дзень пагромы, якія здарыліся, а таксама іншыя сітуацыі, у якіх было месца фашызму, расізму ці антысемітызму.

Для мяне гэта, з аднаго боку, гістарычная дата, з другога — гэта дзень, у які я магу яшчэ раз узгадаць той досвед антысемітызму, з якім сутыкнулася мая сям'я, ці паразмаўляць з калегамі пра іх досвед.

А таксама гэта нагода звярнуцца да масавай культуры, таму што тым падзеям прысвечана не адно кіно і кніга, якія я хачу назваць сапраўды якаснымі, у тым сэнсе, што яны падрабязна і шчыра распавядаюць пра падзеі тых гадоў — панаванне антысемітызму, фашызму і расізму ХХ стагоддзя. Гэта, напрыклад, фільм «Хлопчык у паласатай піжаме», а таксама кніга і фільм «Воровка книг». І, канешне, «Дзённікі Анны Франк».

Агулам, калі я кажу пра досвед антысемітызму, з якім сутыкнулася мая сям'я, перш за ўсё я маю на ўвазе досвед сваёй бабулі: яна і яе сястра падчас Другой сусветнай вайны выжылі, таму што іх схавала жанчына, імя якой ёсць на Алеі праведнікаў народаў свету ў Ізраілі — гэта алея імёнаў людзей, якія хавалі ў сябе габрэяў, каб іх выратаваць.

А таксама досвед Другой сусветнай вайны паўплываў на стан маёй сям'і, мне так падаецца, таму што я заўважыла, што некаторыя прыклады дыскрымінацыі, з якімі я сутыкалася, маглі патлумачыцца маёй сям'ёй як антысемітызм.

Я не магу сказаць, што гэта было сапраўды так: я навучалася ў школе з габрэйскімі класамі і не магу сказаць, што адчувала ў адносінах да сябе нейкую неталерантнасць, але бывалі розныя выпадкі, якія тлумачыліся маёй сям'ёй як антысемітызм.

Мне падаецца, з улікам тых падзей, якія цяпер адбываюцца ў свеце, што гэта тая траўма, якую нясуць габрэі праз тое, што іх шмат гадоў дыскрымінавалі, кідалі з аднаго боку ў іншы, што нейкія праявы дыскрымінацыі могуць тлумачыцца менавіта як праявы антысемітызму.

Дзякуй усім, хто далучаецца да гэтай міжнароднай даты і нагадвае пра падзеі тых часоў».