Хронікі рэпрэсій за 8 лістапада

За кастрычнік па «пратэсных» крымінальных справах асудзілі не менш за 45 чалавек. Затрыманне вядоўцы і шоумэна Дзяніса Кур'яна, закрыццё партала ABW.ВY. З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 8 лістапада. 

cihi_pratest____fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__img_0385_logo_logo.jpg
  • Генпракурор Швед: з 2020 года ў Беларусі зарэгістравалі больш за 16 000 злачынстваў «экстрэмісцкага» характару

Словы генпракурора цытуюць праўладныя СМІ. Паводле Шведа, больш за 70% злачынстваў гэтай катэгорыі было ўчынена з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій.

Раней МУС паведамляла, што ў Мінску было зарэгістравана больш за 6000 злачынстваў «экстрэмісцкай скіраванасці», у Гродзенскай вобласці — каля 2000, у Віцебскім і Магілёўскім рэгіёнах — па 1000. 

  • Праваабаронцы: За кастрычнік па «пратэсных» крымінальных справах асудзілі не менш за 45 чалавек

Праваабаронцы ў кастрычніку працягваюць фіксаваць устойлівую тэндэнцыю крымінальнага пераследу і асуджэння грамадзян па палітычных матывах.

Праваабаронцы зафіксавалі не менш за 5 выпадкаў, калі інфармацыя аб пачатку разбіральніцтваў па крымінальных справах па палітычных матывах на сайце Вярхоўнага суда публікавалася ўжо пасля таго, як судовае слуханне пачалося.

32 мінчукі судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту — фіксуюцца выпадкі судовага пераследу і асуджэння грамадзян цэлымі сем'ямі.

7 фактаў новага крымінальнага пераследу ў дачыненні да ўжо асуджаных палітвязняў. У дачыненні да палітвязня сталага ўзросту Васіля Дземідовіча разглядалася ўжо сёмая крымінальная справа. 

  • Заснавальнікі партала АВW.ВY заявілі аб закрыцці праекта

«Сёння з-за розных абставін мы падышлі да таго моманту, калі гатовы спыніць працу сайта ABW.ВY. Гэта можна было зрабіць і раней. З пачаткам пандэміі, наступнымі эканамічнымі санкцыямі прадпрыемства стала стратным, бо прыбытковасць аўтамабільных парталаў звязаная з агульным становішчам на аўтарынку краіны», — гаворыцца ў паведамленні партала.

28 кастрычніка стала вядома аб затрыманні дырэктара партала Віталя Палякова. У чэрвені мінулага года былі затрыманыя галоўная рэдактарка выдання Юлія Мудрэўская і рэдактар спецпраектаў партала Юрый Гладчук. Юліі ў выніку прысудзілі паўтары года калоніі, а Юрыю — два з паловай гады.

Глядзіце таксама

  • У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фармаванні»

«Гомель за Никиту Золоторева» і «ex-press.livе» прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» КДБ яшчэ 24 кастрычніка.

Адзначым, што ў «ex-press.livе» пазначаны прозвішчы людзей, якія нібыта маюць дачыненне да СМІ — «ураджэнцы Расіі: Паляк Міла Анатольеўна, Баброўская Анастасія Аляксандраўна, Мацкевіч Алег Георгіевіч, грамадзяне Рэспублікі Беларусь: Сляпухін Павел Віктаравіч, Кульбякіна Алена Уладзіміраўна».

У сітуацыі з «Гомель за Никиту Золоторева» пазначана, што гаворка ідзе пра закрыты Telegram-чат, дачыненне да якога, як сцвярджаецца, мае бацька палітзняволенага Мікіты Залатарова — Міхаіл Лапуноў.

Міхаіл быў затрыманы 8 жніўня і з таго часу бесперапынна ўтрымліваецца ў ізалятары часовага ўтрымання. Агулам мужчына правядзе за кратамі больш за тры месяцы. Мікіта Залатароў адзін з наймалодшых затрыманых палітвязняў у выніку пратэстаў 2020 года. Агульны тэрмін пакарання для яго склаў чатыры з паловай гады выхаваўчай калоніі. 

  • Хапун у Рэчыцы

У Рэчыцы і Рэчыцкім раёне затрымалі як мінімум 6 чалавек нібы за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў і падпіскі на адпаведныя сайты і сацсеткі.

«Палоннае відэа» з затрыманымі з'явілася ў праўладным тэлеграм-канале. Адзін з затрыманых кажа, што быў выключаны з калегіі адвакатаў — гэта адвакат Павел Кулажэнка.  

  • У наваполацкай калоніі ціснуць на палітвязня Максіма Зіневіча

Палітвязня затрымалі 19 жніўня 2020 года ў межах крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 293 КК («Удзел у масавых беспарадках»). У Ленінскім судзе Брэста 21 траўня 2021 года Зіневічу прысудзілі 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Максім падчас акцыі пратэсту 10 жніўня ў Брэсце быў паранены гумовай куляй у нагу.

Тэрмін ён адбывае ў наваполацкай калоніі № 1. Вядома, што там на яго цісне адміністрацыя ўстановы. Паводле інфармацыі MAYDAY TEAM, у Максіма вынялі кнігі, цыгарэты і нават прадукты харчавання. Апроч гэтага, палітвязня перыядычна змяшчаюць у ШІЗА. 

  • Магілёўца арыштавалі за «сябра» ў VK з «экстрэмісцкай» аватаркай

Напрыканцы верасня ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва разглядзелі справу супраць мясцовага слесара. Яго абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» па арт. 19.11 КаАП.

Так, згодна з пратаколам, «мужчына з дапамогай свайго акаўнта, у адкрытым доступе ва ўкладцы «сябры» размясціў візуальны матэрыял у выглядзе тэксту Belsat, размешчаны на «аватарцы» карыстальніка электроннай анкеты сацыяльнай сеткі «Укантакце» пад назвай Belsat Tv». Сваю віну ён не прызнаў.

 

  • У журналіста Алеся Любенчука за кратамі пачаліся праблемы з хрыбетнікам

Журналіста затрымалі 26 траўня ў вёсцы Крывічы Іўеўскага раёна. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні». 27 кастрычніка суд прызначыў палітвязню тры гады калоніі.

У пачатку лютага палітвязня накіравалі ў магілёўскую калонію № 15. Але па прыбыцці адміністрацыя калоніі пазбавіла яго пасылак, перадач і спатканняў тэрмінам на тры месяцы.

Яшчэ ў 2022 годзе ў палітвязня абвастрылася хвароба хрыбетніка, расказала «Радыё Свабода» пра Любенчука дасведчаная крыніца: «Наколькі можна меркаваць, яму цяжка займацца нават спортам, чым там усе ратуюцца. Гэта яго заўважна засмучае».

Працуе Алесь Любянчук на ачыстцы дратоў ад ізаляцыі.