Каміль Клысінскі: «Лукашэнка зрабіў свой выбар. Размаўляць з такім чалавекам не мае сэнсу»
Лукашэнка апошнім часам даслаў некалькі розных «сігналаў» Захаду пра сваю гатоўнасць да нармалізацыі адносін. Аднак Захад не спяшаецца рэагаваць на яго словы. Чаму ўсе ягоныя сігналы сыходзяць у нікуды?
Аналітык па беларускіх пытаннях польскага Цэнтра ўсходніх даследаванняў (OSW) Каміль Клысінскі распавёў «Філіну», чаму на Захадзе не бачаць сэнсу ў новым раўндзе дыялогу з Лукашэнкам.
— Досвед санкцыйнай палітыкі кажа нам пра тое, што санкцыі не працуюць адразу, у кароткатэрміновым перыядзе, — тлумачыць Каміль Клысінскі. — Гэта інструмент, які паступова раскручваецца і ўзмацняецца з часам. Гульня ўдоўгую.
Калі хтосьці чакаў, што Лукашэнка, маючы за спінай Расію, аддасць уладу праз тры месяцы пасля ўвядзення санкцый або адпусціць усіх палітвязняў, то такія надзеі былі наіўнымі.
Трэба таксама мець на ўвазе, што хаця б мінімальны дыялог паміж Захадам і Лукашэнкам і вызваленне большасці палітвязняў ужо адбыліся б, калі б не поўнамаштабная расійская агрэсія супраць Украіны. У сітуацыі вайны Лукашэнка, нават калі б жадаў зрабіць крок у бок Захаду, вымушаны азірацца на Крэмль.
Тым не менш, і Лукашэнка, і Галоўчанка, і іншыя міністры вельмі часта падымаюць тэму санкцый, абураюцца і скардзяцца, што не ўсё так, як хацелася б. Вядома, пры гэтым заўсёды абавязкова дадаюць: «Мы справімся, эканоміка ў нас трывалая, ёсць надзейны саюзнік Расія, партнёры ў Азіі, Афрыцы» і г.д., але ў гэтым таксама крыецца крыўда і страх, выкліканыя санкцыямі.
У Беларусь не могуць паступіць усе прадукты і кампаненты, неабходныя эканоміцы і грамадзянам. Беларусь пазбавілася магчымасці выгадна прадаваць калійныя ўгнаенні праз балтыйскія парты. Беларусь страціла важны для сябе ўкраінскі рынак. Беларусь сутыкнулася з праблемамі пры экспарце нафтапрадуктаў на прэміяльны еўрапейскі рынак.
Усё гэта вельмі сур'ёзна ўскладняе працу беларускай эканомікі, аслабляе яе і, вядома, узмацняе ўплыў Расіі. Спадары ў Мінску вельмі добра разумеюць, да якіх рызык гэта ўсё можа прывесці.
— Што б вы параілі змяніць у лініі ЕС у дачыненні да Беларусі?
— Еўрасаюзу варта было б запазычыць некаторыя практыкі ЗША. Гэта краіна, якая валодае багатым вопытам санкцыйнай палітыкі. Там ёсць рашэнні, якія вельмі павялічваюць эфектыўнасць санкцый.
Напрыклад, у ЗША ёсць структура, якая займаецца выключна санкцыямі: іх укараненнем, наглядам за паспяховасцю, адсочваннем і закрыццём усялякіх шчылін. Гэта вельмі важна.
У Еўрасаюзе гэта робіцца не на цэнтральным узроўні, а на ўзроўні асобных краін. Таму слабым месцам з'яўляецца не адсутнасць сур'ёзных санкцыйных абмежаванняў (яны ёсць), а дакладнасць гэтых санкцый і захаванне ўсіх правіл.
— Цяпер з Мінска перыядычна раздаюцца сігналы, што санкцыйная палітыка Захаду неэфектыўная. Маўляў, усё роўна Лукашэнка ўтрымаў уладу, таму рана ці позна з ім давядзецца размаўляць, а санкцыі толькі ўзмацняюць уплыў Масквы на Мінск (пра што і вы кажаце). Што б вы адказалі тым, хто прапануе радыкальна змяніць тактыку ў дачыненні да Лукашэнкі?
— Я б адказаў, што не мае сэнсу зноў наступаць на гэтыя граблі. Мы ўсё гэта праходзілі раней.
Самым паспяховым быў перыяд з 2016 па 2020 год. Тады былі канкрэтныя і адчувальныя вынікі дыялогу. Еўрасаюз рыхтаваў пастанову аб палягчэнні візавага рэжыму для беларусаў. Былі вельмі цікавыя прапановы па энергетыцы, па дыверсіфікацыі паставак нафты і газу ў Беларусь.
Усё ішло ў лепшы бок, але Лукашэнка скасаваў усе дамоўленасці, зрабіў рэзкі крок у бок жорсткіх рэпрэсій, паўтаталітарнай дзяржавы і практычна поўнай залежнасці ад Расіі ў многіх галінах: у эканоміцы, на інфармацыйным полі і нават у гістарычнай палітыцы.
Лукашэнка зрабіў свой выбар. Размаўляць з такім чалавекам не мае сэнсу, ён занадта глыбока ва ўсё гэта зайшоў. Яму ўжо адтуль не выбрацца.
Да Лукашэнкі на Захадзе страчаны элементарны давер не толькі праз маральныя ўстаноўкі, але і з прагматычных меркаванняў.
Трэба думаць, што будзе пасля Лукашэнкі, без Лукашэнкі. Перспектывы Беларусі шмат у чым вызначыць ход вайны і тое, што будзе адбывацца вакол Украіны і ў самой Расіі.
Любая размова і кампраміс з Лукашэнкам, асабліва цяпер, у кантэксце вайны ва Украіне, будзе вельмі маральна сумнеўнай і неэфектыўнай. Лукашэнка не хоча і не можа выконваць свае абяцанні. Напрыклад, адпусціць сто палітвязняў і набярэ чарговыя дзвесце, потым скажа, што гэта новыя людзі, злачынцы, якія не маюць ніякага дачынення да папярэдніх дамоўленасцей.
— Вы кажаце пра гульню ўдоўгую, але ўсе беларускія эксперты, з якімі мы размаўлялі, адзначаюць, што ў Еўрасаюза ў прынцыпе адсутнічае стратэгія ў дачыненні да нашай краіны. Ён сітуатыўна рэагуе на тое, што адбываецца ў Беларусі. Ці згодны вы, што ў ЕС няма такой стратэгіі?
– І так, і не — звычайны адказ эксперта.
З аднаго боку згодны, што няма такой вялікай цікавасці з боку Еўрасаюза да Беларусі, паколькі існуюць больш дынамічныя і сур'ёзныя выклікі для ЕС.
Беларусь апынулася ў цені вайны ва Украіне, а потым і абвастрэння на Блізкім Усходзе.
Акрамя таго, зніжэнне цікавасці абумоўлена тым, што ў самой Беларусі цяпер мала што адбываецца.
Усе выказванні Лукашэнкі, што яму патрэбны Еўрасаюз, не выклікаюць ніякага даверу і ўспрымаюцца толькі як фальклор сталага дыктатара, які не мае ні ідэі, ні канкрэтных прапаноў, як выбрацца з той ямы, у якую ён трапіў.
Адразу пасля размовы з міністрам замежных спраў Венгрыі, у якой Лукашэнка назваў сябе прыхільнікам ЕС, ён сустрэўся з Сяргеем Лаўровым і ўжо абяцаў, што Беларусь навекі ў саюзе з Расіяй. Пры такіх манеўрах ніхто не будзе давяраць Лукашэнку, і гэта таксама зніжае цікавасць да афіцыйнага Мінска.
З іншага боку, беларуская апазіцыя і асабліва Святлана Ціханоўская, яе пераходны кабінет робяць тое, што магчыма, каб утрымаць Беларусь у еўрапейскім парадку дня. З'явіліся вельмі карысныя і патрэбныя дэкларацыі аб імкненні будучай дэмакратычнай Беларусі ў ЕС.
Але ўсё ж такі бачанне Еўрасаюза такое: Лукашэнка кантралюе краіну, а яго самога кантралюе Пуцін. Заявы беларускай апазіцыі, што ў будучыні нешта зменіцца, пакуль не ўплываюць на становішча ў краіне. Гэта зніжае цікавасць да Беларусі прама цяпер.
Аднак нікуды не дзеліся ўжо падрыхтаваныя Еўрасаюзам праграмы эканамічнай дапамогі і палітычныя дэкларацыі аб падтрымцы апазіцыі і дэмакратычнага выбару.
Польшча з'яўляецца добрым прыкладам. Мы не скарачаем падтрымку беларускай апазіцыі і дыяспары. Нашы дыпламаты робяць усё магчымае, каб утрымаць Беларусь у еўрапейскім парадку дня і нагадваць, што існуе беларускі народ, які таксама заслугоўвае лепшага – НЕзалежная прававая дзяржава з дэмакратычным урадам.
Беларусь — гэта не Расія. І практычна ніхто ў Польшчы і ў іншых краінах ЕС не хацеў бы, каб Беларусь стала Расіяй.
— Нямецкі аналітык Якаб Валенштайн мяркуе, што ў інтарэсах Еўрасаюза ўжо цяпер больш інвеставаць у камунікацыю з беларускім грамадствам. Што думаеце з гэтай нагоды?
— Думаю, гэта рэальна. Не трэба ўсё скідаць з рахункаў і апраўдвацца, што ў краіне паўтаталітарны рэжым, усё забетанавана і заблакіравана, а людзі запалоханыя. Многія, можа, і запалоханыя, але ўсё ж такі сучасныя тэхналогіі дазваляюць адносна бяспечна атрымліваць інфармацыю.
Гледзячы на незалежныя СМІ, можна сказаць, што ёсць патэнцыял, каб даносіць да беларусаў аб'ектыўную інфармацыю аб тым, што адбываецца. Падтрымка такіх праектаў вельмі важная, і я як польскі эксперт заўсёды за гэта выступаў і буду выступаць.