«Сёй-той можа і хацеў бы мець свабоду геапалітычнага манеўру, але свой бок ён ужо даўно абраў»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае пра жаданне пачуцця геапалітычнай велічы ў той час, як зламалася шматвектарнасць. І пра магчымасці свабоды геапалітычнага манеўру ў чорна-белым свеце.

Калаж з naiti-foto-chela.ru

Калаж з naiti-foto-chela.ru

Хтосьці ўчора імітаваў у сябе шматвектарнасць. Таму што ў Кітай, на саміт з вялікімі дзядзькамі, яго не паклікалі, а шматвектарнасці сабе хочацца. Хочацца, разумееш, хвацкіх геапалітычных паваротаў. Каб сэрца замірала. Дыпламатычных хочацца кульбітаў. Каб дух захоплівала. Велічы, карацей, хочацца. У падыходных для сябе сусветных маштабах. Але так, каб без адрыву ад свінагадоўлі.

Таму сёй-той прымаў у сябе віцэ-прэзідэнта Ірана і міністра замежных спраў Венесуэлы. Ну якая ў яго ёсць шматвектарнасць, такую ён і імітаваў. З практычнага пункту гледжання ад гэтай шматвектарнасці, вядома, шкоды больш, чым карысці. Таму што ў сяброўскі Іран Беларусь летась экспартавала тавараў у дваццаць разоў менш, чым у варожую Польшчу. А пра тое, колькі экспартавала ў Венесуэлу, нават непрыстойна параўноўваць.

Але шматвектарнасць — яна ж не для карысці. Шматвектарнасць жа для радасці і лёгкага псіхатэрапеўтычнага эфекту. Каб адчуць правільны маштаб сваёй асобы. Таму што свінагадоўля, яна бліжэй і больш зразумелая, але душы ж чаго-небудзь гэткага хочацца. Глабальных, разумееш, хочацца ёй вымярэнняў.

Праўда, па цяперашніх часах шматвектарнасць з Іранам лепш імітаваць напаўголасу. Таму што калі яе імітаваць занадта гучна, то, улічваючы асаблівую іранскую пазіцыю па палестынскім пытанні, могуць атрымацца непажаданыя наступствы. Яны, уласна, і атрымаліся. Калі прымаеш у гасцях віцэ-прэзідэнта Ірана, дык будзь гатовы, што табе прыйдзецца асудзіць сіяністаў.

Сёй-той, у прынцыпе, не супраць асудзіць сіяністаў. Асуджаць сіяністаў нейкага вучылі яшчэ ў таварыстве «Веды». Ён ведае, як гэта трэба правільна рабіць. Але трэба ж разумець і ўсю тонкасць геапалітычнага моманту. А геапалітычны момант цяпер не вельмі прыдатны для асуджэння сіянізму.

Таму як ні клікалі сяго-таго ў пасярэднікі па палестынскім пытанні, а ён не завагаўся. Так і не пайшоў. Бо ж некага звычайна хлебам не кармі, дай яму толькі папасярэднічаць па якім-небудзь пытанні. Але тут утрымаўся. Сіяністаў, вядома, асудзіў. Куды без гэтага? Але шэптам. Каб не пачуў хто-небудзь старонні. Таму што сіяністаў сёй-той асуджае. У душы. Але з Ізраілем яму сварыцца ўсё ж такі трошкі боязна.

Хоць я думаю, што сёй-той дарма, вядома, беражэцца і дарэмна стараецца. Не атрымаецца ўжо ў яго прайсці паміж струменьчыкамі. Нікуды яму цяпер не падзецца. Таму што свет падзяліўся на чорнае і белае. Сёй-той можа і хацеў бы застацца ў шэрай зоне, каб мець для сябе свабоду геапалітычнага манеўру. Але насамрэч свой бок ён ужо даўно абраў.