ХАМАС абвінаваціў Ізраіль у авіяўдары па бальніцы Аль-Ахлі: сотні пацярпелых
У авіяўдары па шпіталі ў сектары Газа ХАМАС абвінаваціў Ізраіль. У выніку маглі загінуць сотні чалавек. У ЦАХАЛ заявілі, што правяраюць гэтую інфармацыю.
У заяве Міністэрства аховы здароўя Палесціны гаворыцца, што ізраільскі авіяўдар прыйшоўся на арабскую бальніцу Аль-Ахлі ў сектары Газа. Сотні людзей застаюцца пад заваламі, заявіў прадстаўнік міністэрства.
У выніку ўдару па бальніцы загінулі не менш за 500 чалавек, паведамляюць «Аль-Джазіра» і ВВС са спасылкай на Міністэрства аховы здароўя, падкантрольнае ХАМАС.
CNN і «The Times of Israel» адзначаюць, што Палесціна абвінаваціла Ізраіль у авіяўдары па бальніцы, у выніку якога, па звестках ведамства, загінулі ад 200 да 300 чалавек.
Нядзіўна, што ацэнкі колькасці загінулых у бальніцы Аль-Ахлі прыкладныя і моцна адрозніваюцца, бо дакладная колькасць людзей, якія хаваліся на тэрыторыі бальніцы, была наўрад ці вядомая. Да таго ж сотні могуць быць пад заваламі.
Кіраўнік Палесцінскай адміністрацыі Махмуд Абас абвясціў трохдзённую жалобу па ахвярах удару па бальніцы.
У сваю чаргу прадстаўнік ЦАХАЛ Даніэль Хагары заявіў, што Ізраіль правярае паведамленні пра ўдар па бальніцы, і дадаў, што не валодае ўсёй інфармацыяй. Вайсковец таксама адзначыў, што не ведае, ці быў выбух, які, па паведамленнях, прывёў да сотняў ахвяр, выкліканы ўдарам ізраільскай арміі.
Бальніца Аль-Ахлі: сотні пацярпелых
На фотаздымках з арабскай бальніцы Аль-Ахлі бачны жахлівыя сцэны: скрываўленых і знявечаных параненых выносяць на насілках. На заваленай абломкамі вуліцы звонку можна ўбачыць целы і разбітыя аўтамабілі.
На непацверджаных відэа бачны магутны выбух, які здарыўся незадоўга да гэтага.
Па словах мясцовых жыхароў, сотні вымушаных перасяленцаў хаваліся на тэрыторыі бальніцы.
Міжнародная рэакцыя на ўдар па Аль-Ахлі: «Жудасна, жорстка і абсалютна непрымальна»
- Егіпет «самым рашучым чынам» асудзіў авіяўдар па шпіталі ў сектары Газа, у выніку якога, паводле папярэдніх ацэнак, загінулі сотні чалавек.
- Услед за Егіптам прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо назваў гэты авіяўдар «жахлівым і абсалютна непрымальным».
- З асуджэннем авіяналёту выступіла Іарданія.
- Прэзідэнт Турцыі Эрдаган заклікаў спыніць «беспрэцэдэнтную жорсткасць у Газе».
- Кіраўнік міжнароднай дабрачыннай арганізацыі «MedGlobal» Захер Сахлул назваў гэту атаку найгоршым нападам на медыцынскую ўстанову ў ХХІ стагоддзі, ваенным злачынствам, а таксама парушэннем прынцыпу нейтральнасці медыцынскіх устаноў і Жэнеўскай канвенцыі.
-
У Пентагоне сказалі, што пакуль не ведаюць падрабязнасцей удару , але чакаюць што ўсе «дэмакратыі, такія, як Ізраіль, будуць выконваць законы і звычаі вайны».
Паводле ВВС, meduza.io, www.timesofisrael.com