71-гадовая беларуска Аляксандра Ханевіч, якая дапамагала ізраільскаму войску, вярнулася ў Польшчу

Беларуская блогерка Аляксандра Ханевіч, якая захрасла ў Ізраілі праз вайну, 16 кастрычніка вярнулася ў Польшчу. У Ізраілі яна прабыла 15 дзён і эвакуіравалася з-за баявых дзеянняў, піша MOST.

Фота MOST

Фота MOST


Вярталася Аляксандра з Ізраіля ў Польшчу праз Грэцыю: з Салонікаў вылецела ў Варшаву, а адтуль цягніком дабралася да Беластока, дзе цяпер жыве. Чатыры разы ёй мянялі маршрут. І да вылету беларуска не была ўпэўненая, што зможа вылецець у прызначаны дзень.

— Пералёт абышоўся ў 900 долараў, плюс яшчэ 200 долараў — гатэль у Грэцыі. З пералётам і начлегам дапамагла Асацыяцыя беларусаў Амерыкі. Падтрымка адчувалася заўсёды. Было так прыемна, да слёз. Са мной на сувязі стала была сям'я Паўла Латушкі — спачатку хацелі дапамагчы з прамым транспартам у Польшчу, але мяне не ўзялі палякі. Яны сваіх грамадзян яшчэ не ўсіх вывезлі. Тады мы сталі шукаць іншыя варыянты.

Аляксандра да апошняга моманту думала, што не паляціць. За 30 хвілін да вылету ў Грэцыю ўсіх пасажыраў рэйса Тэль-Авіў — Салонікі эвакуіравалі ў бамбасховішча. Беларуска кажа, што ўзлёт быў складаны праз пастаянныя абстрэлы.

— Я з'ехала, а мае сябры засталіся. Перажываю за іх, але яны малайцы. Трымаюцца. Складана было ляцець, але мой адпачынак заканчваўся, і мне трэба было збірацца дадому. У Польшчы вельмі перажывалі за мяне, асабліва сын, які застаўся ў Беластоку. Я думала пра запасны варыянт: калі не палячу, то пайду далей валанцёрыць і дапамагаць войску. Але выбралася. У асноўным ляцяць жанчыны і дзеці. Мужчыны застаюцца. Цяпер мая задача адпачыць і аднавіцца. А пасля я раскажу больш пра Ізраіль сёння.

Аляксандра апынулася ў Ізраілі падчас нападу ХАМАС. Яна прыляцела на адпачынак, але, заспеўшы вайну, паехала дапамагаць ізраільскай арміі.


Глядзіце таксама

Хто такая Аляксандра Ханевіч?

Гродзенцы Аляксандры Ханевіч 71 год. У Гродне на пенсіі яна ўзначальвала ветэранскую арганізацыю. У 2020 годзе затрыманне блогера Сяргея Ціханоўскага і гвалт супраць мірных грамадзян з боку сілавікоў перавярнулі жыццё жанчыны. Аляксандра стала выходзіць на пратэсты, яе два разы арыштоўвалі, трымалі ў турме. Баючыся свайго чарговага арышту, жанчына вымушана была бегчы ў Польшчу разам з сынам.

У 2021 годзе Аляксандра распавядала пра сваё жыццё для праекта «Мы вернемся», а праз год для свайго выпуску пра Беларусь гродзенку запісваў Юрый Дудзь. Пасля інтэрв'ю ў расійскага блогера на Instagram-акаўнт Аляксандры падпісалася больш за тысячу чалавек.