Украіна ўпершыню ўдарыла ракетамі «ATACMS» па расійскіх пазіцыях — «The Wall Street Journal»
ЗША афіцыйна не паведамлялі, што паставілі Украіне дальнабойныя ракеты «ATACMS».
Узброеныя сілы Украіны 17 кастрычніка ўпершыню ўжылі ракеты далёкага радыуса дзеяння «ATACMS» па пазіцыях расійскіх войскаў, паведамляе газета «The Wall Street Journal» са спасылкай на крыніцы.
Паводле інфармацыі выдання, у апошнія дні ва Украіну таемна адправілі невялікую партыю ракет з радыусам дзеяння каля 160 кіламетраў. Мяркуецца, што гэтыя ракеты павялічаць магчымасці Кіева наносіць далёкія ўдары па расійскіх сілах на важным этапе контрнаступлення.
У паведамленні не ўдакладняецца, куды пацэлілі ракеты. Пры гэтым выданне адзначыла, што УСУ 17 кастрычніка абвясцілі пра ўдары па аэрадромах у Луганску і Бярдзянску, занятых расійскімі войскамі.
Расійскія праваенныя тэлеграм-каналы дапускалі, што УСУ маглі ўдарыць па аэрадроме ў Бярдзянску менавіта ракетамі «ATACMS». Z-блогеры назвалі гэты ўдар адным з самых сур'ёзных за ўвесь час вайны і выказалі здагадку, што ён быў нанесены амерыканскімі ракетамі.
«ATACMS» — тактычныя балістычныя ракеты класа «зямля-зямля» з радыусам дзеяння да 300 кіламетраў. І хоць Украіна неаднаразова прасіла іх у Вашынгтона, але ў ЗША былі рознагалоссі з-за магчымага выкарыстання такіх ракет для нападаў на Крым, пісала «The Wall Street Journal».
Афіцыйна аб пастаўках дальнабойных ракет «ATACMS» Украіне ЗША пакуль не абвяшчалі. Падчас сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім у пачатку кастрычніка прэзідэнт ЗША Джо Байдэн паведаміў, што «прапрацаваў» усё, пра што прасіў украінскі бок, адказваючы на пытанне аб пастаўках ракет. У канцы верасня сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў казаў, што ўкраінскія ўзброеныя сілы не будуць ужываць «ATACMS» для ўдараў па расійскай тэрыторыі.
У сённяшнім звароце Зяленскі падзякаваў украінскім вайскоўцам, якія «знішчаюць лагістыку і базы акупантаў», а таксама «некаторым партнёрам» Кіева. «Эфектыўная зброя, як мы і дамаўляліся», — дадаў ён.
Раней у аўторак Сілы спецыяльных аперацый Украіны пацвердзілі знішчэнне аэрадромаў у часова акупаваных Бярдзянску і Луганску, у выніку чаго былі знішчаны дзевяць расійскіх верталётаў розных мадыфікацый, спецабсталяванне, пускавая ўстаноўка СПА і склад боепрыпасаў.
Нагадаем, улады Украіны з 2022 года прасілі, каб ЗША перадалі ўкраінскім вайскоўцам дальнабойныя ракеты «ATACMS» з радыусам дзеяння да 300 кіламетраў. Пасля сустрэчы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў верасні 2023 года амерыканскія СМІ паведамілі, што Байдэн вырашыў паставіць УСУ невялікую партыю гэтых ракет з касетнымі боепрыпасамі, але не стаў абвяшчаць пра гэта публічна. Армія ЗША паведаміла 3 кастрычніка, што гатова адправіць Украіне «ATACMS», як толькі гэта ўхваліць Байдэн.
Вялікабрытанія і Францыя яшчэ летам паставілі Кіеву ўласныя ракеты далёкага радыуса дзеяння — «Storm Shadow» і «SCALP,» якія ўкраінскія сілы эфектыўна выкарыстоўвалі на часова акупаваных тэрыторыях, у прыватнасці, у Крыме.
Паводле www.pravda.com.ua, meduza.io, www.wsj.com