601-шы дзень вайны. Расійскія акупанты лезуць на Аўдзееўку
Акупацыйныя войскі РФ пачалі скаардынаваны наступ на некалькіх кірунках Усходняга фронту. У брытанскай выведцы мяркуюць, што гэта будзе самая значная наступальная аперацыя Расіі прынамсі са студзеня 2023 года.
Як гаворыцца ў
справаздачы, расійцы вядуць наступ на добра ўмацаваны горад Аўдзееўка Данецкай
вобласці. Ён яшчэ з 2014 года знаходзіцца на лініі фронту і з'яўляецца асноўнай
перашкодай для акупацыйных войскаў у спробе акупаваць усю Данецкую вобласць.
Паводле звестак брытанскай выведкі, захопнікі вядуць наступ на горад некалькімі бранятанкавымі батальёнамі. У той жа час Узброеным сілам Украіны пакуль удавалася стрымліваць расійцаў, якія неслі вялікія страты ў цяжкай тэхніцы і асабістым складзе.
Павольны прагрэс і вялікія страты падчас наступальных дзеянняў арміі інтэрвентаў пацягнулі змяненне характару паведамленняў з боку РФ, якая цяпер паведамляе аб «актыўнай абароне», а не наступе.
У Мінабароны Вялікабрытаніі перакананыя, што захоп Аўдзееўкі расійцамі ўсё яшчэ «выглядае малаверагодным» у кароткатэрміновай перспектыве.
Пра расійскі наступ на Аўдзееўку гаворыцца і ў свежай спараваздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW). Эксперты мяркуюць, што захопнікі, верагодна, будуць працягваць наступальныя аперацыі ў зніжаным тэмпе і заставацца пагрозай для ўкраінскіх сіл у гэтым раёне, нягледзячы на тое, што цяпер ім наўрад ці ўдасца дасягнуць вырашальнага прарыву або акружыць горад.
У той жа час аналітыкі папярэджваюць, што любое зніжэнне тэмпаў наступальных дзеянняў расійцаў можа быць вынікам карэкціроўкі тактычнай абстаноўкі, і ў бліжэйшыя дні яны могуць актывізаваць спробы акружыць Аўдзееўку.
Украінскі вайсковы аглядальнік адзначыў, што расійскія войскі праніклі на ўкраінскія флангі вакол Аўдзееўкі і ўяўляюць значную пагрозу для ўкраінскіх пазіцый, нягледзячы на тое, што акружэнне горада найбліжэйшым часам наўрад ці магчымае.
Расійцы засяродзілі значную групоўку сіл у складзе падраздзяленняў 15-га мотастралковага і 11-га стралковага палкоў на фронце паміж Аўдзееўкай і Данецкам і ўжо здзейснілі наступальныя дзеянні ў гэтым раёне. Як адзначаюць крыніцы РФ, батальёны праводзяць згуртаваныя напады, маштабы якіх перавышаюць большасць расійскіх або ўкраінскіх нападаў на гэтым этапе вайны.
Гэтая расійская групоўка, імаверна, зможа весці наступальныя аперацыі, накіраваныя на акружэнне Аўдзееўкі, калі расійскія камандзіры захочуць панесці адносна вялікія страты, нягледзячы на тое, што іх будзе недастаткова для імклівага прарыву.
Аналітыкі ISW не знайшлі візуальнага пацверджання заяў аб прасоўванні Расіі ў гэтым раёне або геалакацыйных відэазапісаў якіх-небудзь іншых дасягненняў акупантаў. Паводле звестак расійскіх крыніц, 15 кастрычніка прасоўванне акупантаў у гэтым раёне значна зменшылася ў параўнанні з папярэднімі днямі. Расійскі вайсковы блогер прызнаў, што УСУ ўсё яшчэ прысутнічаюць на Аўдзееўскім коксахімічным заводзе пасля супярэчлівых заяў РФ аб расійскім кантролі над заводам.
Як украінскія ваенныя назіральнікі, так і расійскія крыніцы заявілі, што сілы РФ не дасягнулі жаданага неадкладнага прарыву і сутыкнуліся з вялікімі стратамі і, верагодна, больш павольнымі, чым чакалася, тэмпамі прасоўвання.
Кіраўнік Аўдзееўскай гарадской вайсковай адміністрацыі Віталь Барабаш 12 кастрычніка заявіў, што расійцы вялі штурм пры падтрымцы авіяцыі на 10-12 кірунках вакол населенага пункта, тады як 15 кастрычніка Генштаб Украіны паведаміў, што баі вяліся толькі каля шасці населеных пунктаў.
14 кастрычніка прадстаўнік Таўрычаскай групоўкі войскаў УСУ палкоўнік Аляксандр Штупун заявіў, што тэмпы наступальных дзеянняў РФ пад Аўдзееўкай знізіліся, а акупанты страцілі больш за 300 адзінак вайсковай тэхнікі і 3000 чалавек асабовага складу з моманту актывізацыі наступальных дзеянняў у гэтым раёне 9 кастрычніка.
Агулам за мінулыя суткі на фронце адбыліся 72 баявыя сутыкненні, паведаміў у ранішняй зводцы Генеральны штаб УСУ. Аккупанты нанеслі 10 ракетных і 68 авіяцыйных удараў, здзейснілі 87 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.
Авіяцыйныя ўдары атрымалі 19 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Харкаўскай, Данецкай і Херсонскай абласцей. Пад артылерыйскім агнём апынуліся каля 120 населеных пунктаў гэтых жа абласцей, а таксама Сумскай, Луганскай і Запарожскай.
У Генштабе адзначылі, што на Купянскім кірунку ўкраінскія воіны адбілі каля 15 нападаў ворага ў раёнах Сінькоўкі і Іванаўкі Харкаўскай вобласці і яшчэ пяць нападаў каля Стэльмахоўкі і Надзежды Луганскай вобласці. На Ліманскім кірунку праціўнік наступальных (штурмавых) дзеянняў не праводзіў.
«На Бахмуцкім кірунку нашы абаронцы адбілі тры атакі праціўніка ў раёне населенага пункта Андрэеўка Данецкай вобласці», — гаворыцца ў паведамленні.
Сілы абароны Украіны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці, наносяць ворагу страты ў жывой сіле і тэхніцы, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
«На Аўдзееўскім кірунку вораг не пакідае спробаў акружыць Аўдзееўку. Так, на працягу сутак нашы воіны адбілі больш за 10 нападаў ворага», — паведамілі ў Генштабе.
На Мар'інскім і Шахцёрскім кірунках украінскія абаронцы адбілі больш за 15 нападаў акупантаў у раёне Мар'інкі Данецкай вобласці і яшчэ пяць нападаў на поўдзень ад Залатой нівы і на поўдзень ад Прачыстоўкі Данецкай вобласці.
«На Запарожскім кірунку нашы абаронцы не дапусцілі страт пазіцый на паўднёвы захад ад Новаданілаўкі, Рабоцінага і на захад ад Вербнай Запарожскай вобласці», — адзначаецца ў паведамленні.
На Херсонскім кірунку сілы абароны вядуць контрбатарэйную барацьбу, паспяхова паражаюць склады і тылы праціўніка.
«Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім кірунку. Маюць частковы поспех у раёне на захад ад Вербавай Запарожскай вобласці. Украінскія воіны наносяць акупацыйным войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, знясільваюць ворага ўздоўж усёй лініі фронту», — адзначылі ў Генштабе.
Як паведамляе прэс-служба Сіл абароны Поўдня Украіны, ноччу расійцы зноў звярнуліся да ракетна-дронавага тэрора паўднёвых рэгіёнаў.
У прыватнасці, з крымскага мыса Чауда расійскія вайскоўцы накіравалі шэсць дронаў-камікадзэ тыпу «Shahed-136», якія заходзілі на ўдар па Адэскай вобласці з акваторыі Чорнага мора. Усе шэсць дронаў былі збітыя сіламі супрацьпаветранай абароны.
У той жа час абломкі аднаго з збітых БПЛА ўпалі на папулярны яхт-клуб Адэсы, дзе разбураны будынак школы паруснага спорту і ангар захоўвання маёмасці, пашкоджаныя грамадзянскія прыватныя катэры і яхты. Людзі не пацярпелі.
Адзначаецца, што пазней з самалётаў тактычнай авіяцыі
была накіраваная ракета Х-59, якую Сілы супрацьпаветранай абароны знішчылі ў
небе над Мікалаеўскай вобласцю.