Затрыманы шоумэн Дзяніс Кур'ян
Затрыманы тэлевядоўца і шоумэн Дзяніс Кур'ян. Пра гэта паведаміла «Наша Ніва». Відаць, улады хочуць пакідаць толькі зусім лаяльных блогераў.

Ці адбыў Дзяніс Кур'ян адміністрацыйны арышт, ці яго затрыманне было кароткатэрміновым, як і ў Ларысы Грыбалёвай, пакуль не вядома.
Дзяніс Кур'ян раней працаваў на БТ і АНТ. Цяпер — блогер і вядучы мерапрыемстваў, займаецца бізнесам (напрыклад, мае сетку блінных).
Не так даўно стала вядома пра затрыманне блогеркі і тэлевядоўцы Ганны Бонд і спявачкі Ларысы Грыбалёвай.
«НН» са спасылкай на аповед абазнанай крыніцы паведаміла, што ад усіх затрыманых запатрабавалі спыніць медыйную актыўнасць і бізнес.
Крыніца «НН» у адным з дзяржаўных СМІ патлумачыла атаку на медыяперсонаў і блогераў намерам прэвентыўна абмежаваць іх папулярнасць. Улады, па словах крыніцы, хочуць перастрахавацца, хочуць, каб у краіне проста не было папулярных публічных асобаў, адносна незалежных ад рэжыму: «Незалежныя СМІ забароненыя. А ў блогераў унутры краіны падпіскі растуць. Ну і што з таго, што ў іх няма палітычнага кантэнту. Цяпер яны адмаўляюцца супрацоўнічаць з тэлебачаннем. А як яны павядуць сябе ў будучыні? Нейкая такая думка круцілася ў нашага кіраўніцтва».
Глядзіце таксама

Трэба адзначыць, што ў інстаграмах Дзяніса Кур'яна і Ларысы Грыбалёвай, у якіх дзясяткі тысяч фаловераў, ужо з тыдзень не з'яўляецца ніякіх публікацый. Ганна Бонд з моманту вызвалення апублікавала некалькі сторыз. Але рэпартажаў, замалёвак, жартаў ці рэкламы — таго традыцыйнага кантэнту, які быў у яе раней, і ў яе не з'яўляецца.
Пра тое, што адносіны «на паўзе», пацвердзіў і маркетолаг адной з вялікіх прыватных кампаній, якая раней размяшчала замовы ў блогераў.
«Людзям, якія жывуць у Беларусі, прасцей забараніць браць рэкламу, чым карпарацыям з замежнымі ўладальнікамі забараніць даваць рэкламу», — патлумачыў ён «НН». Відаць, улады хочуць пакідаць толькі лаяльных блогераў, якія супрацоўнічаюць з міліцыяй і тэлеканаламі, тыпу Груздзевых.
Глядзіце таксама
