Спявачка Ларыса Грыбалёва на волі
Сёння з'явілася інфармацыя ад праваабаронцаў пра затрыманне спявачкі і вядоўцы Ларысы Грыбалёвай. Увечары яна сама паведаміла, што ў яе ўсё добра.
Пра тое, што ў Грыбалёвай усё добра і яна на волі, паведаміла сама спявачка ў сацсетках.
Нагадаем, удзень праваабаронцы паведамілі, што, паводле непацверджанай інфармацыі, затрыманне Грыбалёвай здарылася ўчора, 31 кастрычніка, ці сёння, 1 лістапада. Дома ў Ларысы адбыўся ператрус.
У пачатку 2023 года Ларыса Грыбалёва распавядала журналістам, што змяніла род дзейнасці — і апрача выхавання траіх дзяцей яна пачала працаваць у якасці капірайтара, аўтаркі тэкстаў, у тым ліку і для SMM-прасоўвання.
Раней Ларыса Грыбалёва патрапіла ў негалосны спіс 87 выканаўцаў, якім забаронена выступаць у Беларусі — сярод забароненых былі таксама J:МОРС, Макс Корж, Дзмітрый Калдун, «Neuro Dubel», «NaviBand», Саша Нэма, Іна Афанасьева, Ксенія Сітнік.
У 2020 годзе Ларыса Грыбалёва была адной з тысяч беларускіх дзеячаў культуры, якія выступілі супраць гвалту. Тады, у кастрычніку 2020-га, больш за 800 музыкаў, мастакоў, акцёраў, выкладчыкаў, рэжысёраў, літаратараў ды іншых дзеячаў і актывістаў — як з «афіцыйных», так і з «неафіцыйных» культурных колаў — падпісалі Адкрыты ліст з патрабаваннямі перагледзець вынікі прэзідэнцкіх выбараў, спыніць гвалт, адмяніць «чорныя спісы» і не чыніць ціск на майстроў культуры, не згодных з палітыкай беларускіх улад.
У траўні тэлеканал «Europa Plus TV» атрымаў папярэджанне ад Мінінфармацыі за тое, што Грыбалёва вяла там дзіцячую праграму, нагадвае «Еўрарадыё».