Як ты ні старайся, а ўсіх усё роўна не пасадзіш

Інфраструктурныя магчымасці дзяржаўнай пенітэнцыярнай сістэмы моцна адстаюць ад патрэб стабільнасці, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

photo_2020_08_30_17_38_56__2__logo.jpg_logo.webp

Учора той-сёй рыхтаваўся да выбараў. Думаў усё: як там народ? Як гаворыцца, і ікра не лезла ў горла, і кампот не ліўся ў рот. Цікавіўся, карацей, у Качанавай, як там наогул у народа ў Мінску справы? Ці ёсць народу што паесці ды чым сорам прыкрыць?

Ну таму што ў нас тут выбары, а ў вас там можа народ ходзіць з непрыкрытым сорамам. Выдатнае сведчанне дасягненняў эпохі вечнага росквіту, калі даводзіцца спецыяльна пытацца, ці ёсць у народа «прадукты харчавання, адзенне, абутак».

Хоць, калі падумаць, а што яшчэ гэтаму народу трэба, каб годна сустрэць выбарчую кампанію? Сыты, апрануты, абуты — і добра.

А на задавальненне ўсіх астатніх народных патрэб, калі народу прыйдзе ў галаву дурная думка чаго-небудзь запатрабаваць, ёсць «красаўцы».

photo_2020_08_30_17_38_57_logo.jpg_logo.webp

«Красаўцы», вядома, усялякімі глупствамі пра народны дабрабыт сабе галовы не тлумілі. Ну таму што на глупства ў іх у галовах месца няма. Не да глупстваў «красаўцам». У іх пачалася гарачая пара. У іх і раней яна была нехалодная, але цяпер — зноў гарачая. Таму што сумнеўныя элементы самі сябе не пасадзяць. Свядомасці ў іх на гэта не хопіць.

Так што «красаўцы» таксама рыхтаваліся да выбараў, выяўляючы грамадзян патэнцыйна няправільнай палітычнай арыентацыі. Выявілі Ганну Бонд, Дзяніса Кур'яна і Ларысу Грыбалёву. І што ты думаеш? Усе пералічаныя элементы аказаліся вінаватыя ў здзяйсненні каляэкстрэмісцкіх злачынстваў. Яны ні разу не змаглі даказаць, як яны любяць беларускую ўладу. Гэта значыць, цынічна падрывалі асновы стабільнасці напярэдадні адказнай палітычнай кампаніі.

«Красаўцы», вядома, ведаюць, што вакол іх суцэльныя варожыя элементы. Але ты яшчэ паспрабуй гэтыя варожыя элементы знайдзі. Яны ж усе пахаваліся. Ну тыя, каго не пасадзілі. І тыя, хто не з'ехаў. Аднак жа тыя, якія з'ехалі, яны ж падрываюць стабільнасць звонку. А тыя, якіх пасадзілі, усё роўна ўмудраюцца падрываць яе знутры.

Глядзіце таксама

А што сабе думаюць тыя, якія пахаваліся, дык гэта нават страшна ўявіць. І што крыўдна? Вось як ты ні старайся, а ўсіх усё роўна не пасадзіш. Таму што інфраструктурныя магчымасці дзяржаўнай пенітэнцыярнай сістэмы моцна адстаюць ад патрэб стабільнасці.

Таму што патрэбы ў стабільнасці растуць. Тры папярэднія гады ўмацавання стабільнасці неяк зусім не пайшлі стабільнасці на карысць. А ў стабільнасці выбары і няўдзячны народ. Які, вядома, часткова сядзіць, большай часткай маўчыць, але нічога добрага сабе не думае. А толькі і чакае зручнай падставы, каб пашкодзіць стабільнасці яе асновы і выпрабаваць на трываласць.

Таму беларускім уладам ёсць, вядома, цяпер чым сябе заняць. Беларускія ж улады дакладна ведаюць, што калі стабільнасць не падпіраць, вось літаральна на хвілінку страціць пільнасць, то яна абрынецца.

P.S. Як той пацук, якога сокалы скінулі на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.