«Улады звяртаюцца да любога, хто згодны іх паслухаць. А да тых, хто не хоча слухаць, тым больш звяртаюцца»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» заўважыў, што беларускія ўлады вельмі зацікавіліся тым, каб аднавіць адносіны з Захадам. І разважае, як гэта можа адбыцца і чаму раптам тое спатрэбілася. Можа быць, стабільнасць у іх зноў не туды стабілізавалася?
Міністр быццам бы замежных спраў учора сказаў, што беларускія ўлады гатовыя да аднаўлення адносін з Польшчай. І намякалі пра гэта польскім уладам шмат разоў праз умоўна дыпламатычныя каналы. Але сказаў, што аднаўляць трэба з павагай. А з павагай — гэта калі беларускія ўлады і далей будуць рабіць, што хочуць, але толькі ім нічога за гэта не будзе.
А калі без павагі, то беларускія ўлады тады не гатовыя. Таму што яны гордыя і суверэнныя. Таму, калі паважліва, то можна аднаўляць адносіны. А калі не, то не вельмі і хацелася. Таму міністр быццам бы замежных спраў і сказаў, што трэба аднаўляць адносіны. Таму што абыйдуцца беларускія ўлады і без аднаўлення адносін.
Таму да міністра сёй-той таксама звяртаўся да польскага народу, каб польскі народ паважліва аднавіў з ім адносіны. Таму што не патрэбныя яму гэтыя адносіны. Таму і звяртаўся. Таму што не вельмі і хацелася. Жалезная логіка, скажы.
Гэта ў Польшчы без адносінаў з беларускімі ўладамі разруха, крызіс і сем караў егіпецкіх. Вось беларускія ўлады цяпер будуць чакаць новага польскага ўрада, каб з новым урадам Польшча ўжо нарэшце ўсвядоміла, як ёй не хапала гэтых адносін.
А беларускім уладам усяго хапала. У беларускіх уладаў ёсць стабільнасць і старэйшы саюзнік. Таму палякі да беларускіх уладаў не звяртаюцца. А беларускія ўлады звяртаюцца. Да любога, хто згодны іх паслухаць. А да тых, хто не хоча іх слухаць, яны тым больш звяртаюцца. Да Польшчы звяртаюцца, да Літвы, да Еўрасаюза. Па розных каналах. Яны б і да амерыканцаў звярнуліся, але там, мабыць каналаў не хапае. А дзе каналаў хапае, там звяртаюцца.
Таму што са старэйшым саюзнікам ім не патрэбныя ніякія іншыя адносіны. Са старэйшым саюзнікам ёсць поўная стабільнасць, росквіт і нічога не страшна. Толькі трошкі страшна за стабільнасць. Яшчэ ў росквіце неяк няма ўпэўненасці. І старэйшы саюзнік злёгку палохае. Таму беларускія ўлады нічога не баяцца і з усімі просяць аднавіць паважлівыя адносіны. Не, на самай справе. Ну чаго вам каштуе? Тут вунь стабільнасць тры гады не стабілізуецца, а яны паважлівыя адносіны аднаўляць не хочуць.
Тым больш жа, колькі можна казаць, беларускім уладам гэтыя адносіны нават не патрэбныя. Асабліва цяпер не патрэбныя. Я не ведаю чаму цяпер гэтыя адносіны беларускім уладам патрэбныя яшчэ менш, чым раней. Можа стабільнасць у іх зноў не туды стабілізавалася. Можа старэйшы саюзнік стаў занадта прыязным. Але нездарма ж яны бегаюць цяпер па ўсіх сваіх каналах, каб сказаць суседзям: «Вы мне зусім абыякавыя».