Савет ЕС ухваліў візавую рэформу, але лічбавая віза з'явіцца не раней за 2026-ты
Савет ЕС ухваліў новую візавую рэформу. Падавацца на «шэнген» у многіх выпадках можна будзе анлайн, а асабістыя візіты ў консульствы стануць непатрэбнымі. Польшча ўскладняе атрыманне бізнес-візы. Што зменіцца з новымі правіламі ў першым і ў другім выпадках?
Пачнем з польскіх новаўвядзенняў па дзелавой візе. Гаворка пра патрабаванні, якія сталі больш жорсткімі з 13 лістапада. Цяпер запрашэнне, якое пацвярджае мэту паездкі, трэба будзе зарэгістраваць у рэестры аднаго з ваяводстваў. Іншы варыянт — сапраўднасць подпісу запрашальніка прыйдзецца запэўніць у польскага натарыуса, піша BGmedia.
«Гэта ўскладніць працэдуру з пункту гледжання часу і з пункту гледжання саміх дзеянняў. Гэта значыць, сума дзеянняў, якія трэба будзе здзейсніць для атрымання візы, павялічыцца», — растлумачыў каналу Belsat кіраўнік маніторынгавага праекта visastat.online Аляксандр Лібер.
Бізнес-віза — тып візы для паездак работнікаў беларускай арганізацыі ў камандзіроўку ў партнёрскую ўстанову. Да ўвядзення новых патрабаванняў такі тып візы быў папулярны, бо нескладаны ў афармленні.
Па словах Аляксандра Лібера, верагодна, працэдуру мяняюць пасля нядаўняга візавага скандалу ў Польшчы: «Мы можам толькі здагадвацца, але ацэнкі гучаць розныя, меркаванні таксама. Цалкам відавочна, што ўсе асноўныя перамены, якія тычацца віз у дачыненні да беларусаў, так ці інакш сталі адбываецца пасля таго, як гэты скандал пашыраўся і пракраўся ў медыя».
У жніўні Еўрастат паведаміў, што Польшча выдала больш за 700 000 дазволаў на працу замежнікам з 148 краін, заняўшы першае месца сярод усіх краін ЕС. У выніку польскія СМІ заявілі аб карупцыйных схемах у МЗС краіны. Ну, а далей пачало адбывацца «закручванне гаек» з польскага боку. У тым ліку беларусы сталі сістэматычна сутыкацца з адмовамі ў атрыманні польскіх турыстычных віз. Цяпер сталі больш жорсткімі правілы і для атрымання дзелавых віз.
«Тое, што гэтыя правілы цяпер становяцца больш жорсткімі, не ідзе на карысць дэмакратычнай супольнасці і адварочвае беларусаў ад таго, каб у будучыні выбраць еўрапейскі шлях», — выказаў сваё меркаванне каналу Belsat кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.
Тым часам Савет ЕС ухваліў некалькі пастаноў, якія тычацца візавай рэформы. Так, падавацца на «шэнген» у многіх выпадках можна будзе анлайн, а асабістыя візіты ў консульствы стануць непатрэбнымі, паведамляецца на сайце Савета ЕС.
Выконваючы абавязкі міністра ўнутраных спраў Іспаніі Фернанда Грандэ-Марласка Гомес заявіў, што новыя правілы «стануць значным паляпшэннем як для грамадзян, так і для працэсу разгляду заявак».
«Гэта спрасціць працэс падачы заявак для падарожнікаў і палегчыць нагрузку на нацыянальныя адміністрацыі, якія змогуць рэагаваць больш хутка і эфектыўна», — лічыць ён.
Савет Еўрапейскага Саюза ўхваліў два рашэнні, якія тычацца лічбавізацыі візавай працэдуры. Будзе створана спецыяльная платформа для падачы заявак на «шэнген» — там заяўнікі змогуць увесці ўсе неабходныя звесткі, загрузіць электронныя копіі пашпартоў і іншых неабходных дакументаў, а таксама аплаціць візавы збор.
Асабістыя візіты ў консульства стануць у многіх выпадках непатрэбнымі. Прыйсці прыйдзецца, калі віза афармляецца ўпершыню або аказаліся несапраўднымі біяметрычныя даныя, а таксама пасля замены пашпарту. Не будзе больш і візавых налепак — іх заменяць штрыхкоды з крыптаграфічным подпісам.
На першы погляд усё выглядае максімальна проста і зразумела. Аднак меркаванне на гэты конт выказаў Аляксандр Лібер. Ён напісаў, што праблем з дакументамі і наведваннем консульстваў няма. Праблема — у колькасці месцаў: «Калі будзе такі ж велізарны дысбаланс, прынцыпова нічога не зменіцца. Больш за тое, любая лічбавізацыя ў краіне з рэгрэсіўнай адукацыяй прымаецца цяжка. Для многіх зайсці на сайт візавага цэнтра праблематычна, не кажучы ўжо пра поўнае анлайн-афармленне візы».
У бліжэйшы час ухваленыя рашэнні апублікуюць у афіцыйным часопісе Еўрасаюза, пасля чаго яны ўступяць у сілу. Дату, калі пачнуць дзейнічаць новыя правілы, вызначаць пасля завяршэння працы над візавай платформай і лічбавай візай. Папярэдне запуск сэрвісу плануецца на 2026 год.