Давядзенне да самагубства? У Польшчы расследуюць смерць былога палітвязня ў СІЗА Варшавы
Польская пракуратура распачала крымінальную справу аб давядзенні да самагубства па факце смерці беларуса ў СІЗА Варшавы, паведамляе «Медыязона».
Па факце смерці былога беларускага палітвязня ў варшаўскім ізалятары распачата крымінальная справа паводле артыкула аб давядзенні да самагубства (артыкул 151 Крымінальнага кодэкса Польшчы). Пра гэта са спасылкай на выданне Gazeta Wyborcza піша Most.
Супрацоўнікі пракуратуры агледзелі месца здарэння, акрамя таго, было праведзена ўскрыццё.
Былога палітвязня з Беларусі Кірыла Кетурку знайшлі павешаным у камеры СІЗА ў Варшаве 20 кастрычніка. Ён быў затрыманы 10 кастрычніка, яму ставілі ў віну артыкул аб махлярстве (артыкул 286 КК Польшчы). Яго падазравалі ў супрацоўніцтве з інтэрнэт-махлярамі.
Паводле звестак польскай пракуратуры, гаворка вялася аб удзеле ў махлярстве «пад выглядам супрацоўніка банка».
На момант смерці Кетурку было 19 гадоў. У траўні 2022 года беларуса прысудзілі да 2,5 гадоў хатняй хіміі за грубае парушэнне парадку (частка 1 артыкула 342 КК).
Пасля таго, як былы палітвязень уцёк з Беларусі, Кетурка жыў у Варшаве.
10 кастрычніка ён перастаў выходзіць на сувязь, а праз 11 дзён яго сям'і патэлефанавалі з беларускай амбасады і паведамілі, што знайшлі Кірыла павешаным у турме Варшавы. Папярэдняй прычынай смерці названы суіцыд. У канцы кастрычніка цела беларуса перавезлі ў Беларусь. Пахавалі ў Гродне 2 лістапада.