«Я хацела спыніць вайну». Расійскую мастачку асудзілі на 7 гадоў калоніі за антываенныя цэннікі
Суд у Санкт-Пецярбургу прысудзіў мастачку Сашу Скачыленка да сямі гадоў пазбаўлення волі па справе аб антываенных цэнніках, паведамляе «Новая газета. Еўропа». Раней дзяржабвінаваўца патрабаваў даць дзяўчыне восем гадоў калоніі.
З улікам праведзенага ў СІЗА часу, Саша Скачыленка павінна
правесці ў калоніі агульнага рэжыму чатыры гады і восем месяцаў.
Мастачка была прызнана вінаватай паводле артыкула аб «фэйках» аб расійскай арміі паводле матываў «палітычнай варожасці». Дзяўчына не прызнала сваю віну і адхіліла заяву, што распаўсюджвала ілжывую інфармацыю.
13 красавіка 2022 года Скачыленка арыштавалі за замену цэннікаў у краме «Перекресток» у Пецярбургу на ўлёткі з інфармацыяй аб загінулых мірных жыхарах пры абстрэле драмтэатра ў Марыупалі.
Пазней стала вядома, што данос на дзяўчыну напісала 72-гадовая пенсіянерка.«Мяне вельмі абурыў прачытаны паклёп, паколькі я вельмі перажываю за расійскіх жаўнераў ва Украіне, гляджу ўсе навіны пра гэта», — распавяла жанчына падчас дачы паказанняў. Пры гэтым пазней яна адзначыла, што была здзіўлена такім суровым пакараннем для Скачыленка. «Я наогул здзіўлена была. Я з самага пачатку пракурорам казала: ну што за глупства? За гэта столькі ж не даюць. Адлупцавалі і адпусцілі», — заявіла жанчына.
Скачыленка прызнала факт распаўсюджвання ўлётак, але заявіла, што не лічыць сябе вінаватай у распаўсюджванні фэйкаў.
«Я проста хацела спыніць вайну — гэта і было маёй матывацыяй. Не нянавісць, а спачуванне. Я ўпэўнена, што ніхто ў гэтай зале не хоча, каб была вайна», — казала Скачыленка на адным з пасяджэнняў суда.
Падчас знаходжання ў СІЗА ў мастачкі пагоршыўся стан здароўя з-за адсутнасці безглютэнавага харчавання, неабходнага дзяўчыне ў сувязі з пацверджаным дыягназам цэліякіі (генетычная непераноснасць глютэну). Без неабходных лекаў, дыеты і пастаяннай медыцынскай дапамогі дзяўчына можа памерці ад раптоўнага спынення сэрца.
Акрамя гэтага, Скачыленка распавяла, што праз штодзённыя судовыя пасяджэнні яе фактычна марылі голадам. У самім судзе ёй адмовілі даць 10 хвілін на прыём ежы.
«У суд мяне дастаўляюць рана, для гэтага мне даводзіцца ўставаць а шостай раніцы. З суда мяне вязуць каля 22 гадзін, яшчэ паўтары гадзіны займае дарога ў СІЗА, да дванаццаці ночы я на нагах, а ў шэсць раніцы зноў уставаць. Ні на сняданак, ні на абед, ні на вячэру ў следчым ізалятары я не трапляю», — падкрэсліла дзяўчына.
Усяго ў Расіі цяпер больш за 700 палітзняволеных.