Не ў белым паліто. Самыя вядомыя палітвязні ў Расіі — хто яны?

17 траўня ў Маскве на сем гадоў калоніі быў асуджаны апазіцыйны актывіст Міхаіл Крыгер. Справу на яго завялі за некалькі пастоў у фэйсбуку. У апошнім слове перад прысудам палітвязень паўтарыў тое, што раней напісаў: так, ён сапраўды марыць, што надыдзе дзень, калі Пуцін будзе павешаны.

Фота Ведомости

Фота Ведомости

Напрыканцы актывіст заспяваў у сваёй клетцы забароненую ў РФ «Червону калину». Выгукнуў «Слава Украіне!».

Хто такія «харошыя рускія»

Гэты тэрмін шырока разышоўся ў сеціве пасля ініцыятывы апазіцыянера і шахматыста Гары Каспарава спрыяць легалізацыі расійскіх эмігрантаў на Захадзе, калі яны выразна заявяць пра сваю антываенную пазіцыю, прызнаюць пуцінскі рэжым нелегітымным, а тэрытарыяльную цэласнасць Украіны — непарушнай.Неўзабаве ў сацсетках з’явілася паняцце «пашпарт харошага рускага».
Такія падыходы сутыкнуліся з вялікай крытыкай. Адзін з яе ключавых сэнсаў: няма сярод сённяшніх расійцаў тых, хто б хоць у нейкай ступені не быў заражаны мікробам імперскасці. Нават тамтэйшыя лібералы — гэта проста людзі ў «белых паліто», якія лічаць сябе разумнейшымі за іншых і пыхліва вучаць навакольных свайму, адзіна правільнаму, успрыманню падзей ва Украіне.


У якой ступені гэта адпавядае рэчаіснасці — гэта пытанне асобнага дыскурсу. Але бясспрэчна тое, што ў Расіі, невыносна атручанай ідэямі вялікарускага шавінізму, застаюцца тыя, хто не проста на баку Украіны і дэмакратыі, а і гатовы ахвяраваць дзеля гэтага ўласнымі свабодай і здароўем.
Інакш быць не магло нават чыста статыстычна. Але асобныя прыклады паказваюць гэта вельмі яскрава.

Міхаіл Крыгер: «У Пуціна рукі па локаць у крыві»

kryher_sota.jpg

Міхаіл Крыгер, фота Sota

Міхаілу Крыгеру 63 гады. Ён ураджэнец украінскага Днепрапятроўска (цяпер Днепр), у савецкай маладосці працаваў экскаватаршчыкам. Апошнім часам займаўся бізнесам, падтрымліваў «несістэмны» апазіцыйны рух «Салідарнасць». Неаднаразова быў асуджаны паводле адміністрацыйных артыкулаў.
Допісы ў фэйсбуку, якія сталі нагодай для затрымання, Крыгер пакінуў два гады таму. Тым не менш яго схапілі і абвінавацілі ў «апраўданні тэрарызму» і «ўзбуджэнні нянавісці». Расійскія праваабаронцы слушна мяркуюць, што сапраўднай прычынай пераследу мужчыны стала яго выразная праўкраінская пазіцыя.
У апошнім слове на судзе абвінавачаны казаў, што Пуціна трэба пакараць смерцю як фігурантаў Нюрнберга. Што ён «фюрэр» і «ілжывы тыран», у якога «рукі па локаць у крыві». Што ФСБ — горш за гітлераўскае гестапа.Скончыў прамову Крыгер па-ўкраінску, звярнуўшыся да «земляко-захіснікаў» і пажадаўшы ім найхутчэйшай «Перемоги».
Урэшце зрабіў свайго кшталту дысклэймер: «Звяртаюся да ўсіх, хто мяне чуе і да тых, хто прачытае гэтыя мае словы. Калі вы некалі пачуеце або прачытаеце, што «Крыгер перадумаў», або «Крыгер адмовіўся, папрасіў прабачэння» і г. д., то ведайце: над маімі блізкімі або нада мной навісла сур'ёзная пагроза».
Уласна, выступ у судзе быў настолькі моцным, што лёгка мог стаць падставай для ўзбуджэння яшчэ адной крымінальнай справы. Цалкам імаверна, што яе ў будучыні і завядуць. Адметнасць пуцінскага «правасуддзя» менавіта ў тым, што новыя абвінавачанні спраўна прад’яўляюцца пасля адпрацоўкі старых, калі асуджаны ўжо знаходзіцца ў калоніі і яму метадычна працягваюць тэрмін зняволення.

Аляксей Горынаў: Першы тэрмін за «фэйкі пра армію»

horynau_sota.jpg

Аляксей Горынаў, фота Sota

«Буча, Ірпень, Гастомель. Вам пра нешта кажуць гэтыя назвы? Вам абвінавачанне! Пяць месяцаў Расія вядзе вайну, сарамліва называючы яе спецыяльнай ваеннай аперацыяй», — а гэта з выступу ў судзе палітыка Аляксея Горынава. Сваю прамову ён скончыў пажаданнем самому сабе — стаць у будучыні амбасадарам Расіі ва Украіне.
Нягледзячы на сухоты, яго асудзілі да сямі гадоў калоніі. Гэта быў першы рэальны тэрмін у РФ паводле артыкула аб «фэйках пра расійскую армію».
Да затрымання Горынаў быў муніцыпальным дэпутатам Краснасельскага раёна Масквы, куды абраўся як апазіцыянер-самавылучэнец (дзе-нідзе ў Расіі яшчэ лічаць галасы).
15 сакавіка 2022 года, у самым пачатку вайны, 61-гадовы палітык выступіў на чарговым пасяджэнні супраць конкурсу дзіцячых малюнкаў у маскоўскіх школах. Нагадаў, што якраз зараз гінуць дзеці ва Украіне, таму любыя забавы цяпер будуць пірам падчас чумы. Неўзабаве была ўзбуджана справа.
У Горынава была магчымасць з’ехаць, але ён адмовіўся гэта рабіць. У красавіку яго затрымалі. Нягледзячы на кепскае здароўе, адбываць пакаранне палітвязня адправілі ў Пакроўскую калонію Уладзімірскай вобласці — адну з самых жорсткіх у Расіі, дзе зняволеных сістэмна катуюць.

Ілля Яшын: Вярнуць Крым Украіне

yashyn_tass.jpg

Ілля Яшын, фота ТАСС

39-гадовы Ілля Яшын — з той катэгорыі расійскіх палітыкаў, што лічылі магчымым і правільным супрацьстаяць пуцінскаму рэжыму знутры РФ. Пасля анексіі Крыма ён казаў, што калі ўлада зменіцца, паўвостраў трэба будзе неадкладна вярнуць Украіне. Ён быў у першых шэрагах усіх буйных акцый пратэсту на працягу больш дзесяці гадоў, за што неаднаразова трапляў за краты. Ён выйграваў у Маскве мясцовыя выбары і здабываў дэпутацкія мандаты для сябе і сваіх паплечнікаў. Ён жорстка крытыкаваў кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава — відэа збіралі мільёны праглядаў — хаця даўно вядома, што гэта небяспечна для жыцця.
Пасля пачатку вайны Яшын адразу пачаў жорстка крытыкаваць пуцінскую агрэсію і ўсяляк выступаць супраць яе. Пры гэтым — катэгарычна адмовіўся з’язджаць за мяжу.
У чэрвені 2022 года ён даў інтэрв’ю блогеру Юрыю Дудзю. Значная частка размовы была прысвечана таму, што арышт палітыка па крымінальнай справе непазбежны. «Канечне, я баюся турмы. Канечне, я не хачу там апынуцца. Але яшчэ менш я хачу пакідаць сваю краіну», — сказаў апазіцыянер, які на той момант знаходзіўся ў Стамбуле. Праз некалькі дзён ён адправіўся на радзіму, дзе неўзабаве быў затрыманы.
У снежні яму прысудзілі 8,5 гадоў калоніі за выказванні пра вайну (усё за тыя ж «фэйкі»). Перад абвяшчэннем выраку абвінавачаны звярнуў увагу на тое, што ў пракурора «трасуцца рукі», зноў назваў вайну злачыннай, згадаў «кадыраўскіх галаварэзаў» і «прыгожынскіх бандытаў», заявіў, што ні аб чым не шкадуе.

Аляксей Навальны: Асабісты вораг Пуціна

navalny_ap.webp

Аляксей Навальны, фота ТАСС

Ва Украіне гэтага палітыка шэльмуюць, згадваючы словы пра Крым, які «не бутэрброд», каб перадаваць яго туды-сюды. І ў Беларусі да яго неадназначнае стаўленне за выказванні шматгадовай даўніны. Але факт застаецца фактам: менавіта Аляксей Навальны з’яўляецца найбольш вядомым і бескампрамісным барацьбітом з пуцінскім рэжымам.
Яго расследаванні ў ютубе збіралі дзясяткі мільёнаў праглядаў, ён спрычыніўся да таго, што ўвесь свет разгледзеў за кіраўніком РФ звычайнага карупцыянера, які абкрадае краіну і ніяк не насыціцца.
Бясспрэчны і іншы факт: Навальны — галоўны асабісты вораг Пуціна. Тым больш мужным, на мяжы вар’яцтва, уяўляецца рашэнне апазіцыянера вярнуцца ў Расію ў студзені 2021 года. Да таго яго доўга лячылі ў Германіі пасля спробы забойства, якую ўчынілі спецслужбы з дапамогай яду «Навічок». Але і гэта не ўтрымала Навальнага ад вяртання на радзіму, з чаго ён у дадатак яшчэ і зладзіў шоу у прамым эфіры.


Вядома, палітыка адразу па прылёце затрымалі. Ад той пары ён сядзіць. І сядзець будзе, паводле агульнага меркавання, да той пары, пакуль у Расіі не зменіцца ўлада. Навальнаму ўвесь час прад’яўляюць усё новыя абвінавачанні і выносяць новыя прысуды. Вядома, што ў калоніі яго катуюць, не надаючы неабходнай медыцынскай дапамогі.


Тым не менш у няволі ён трымаецца. Цяпер ужо выразна падтрымлівае Украіну, зычыць Расіі паразы ў вайне і вяртання Крыма, а Захад заклікае да яшчэ больш жорсткіх санкцый. З лютага палітык знаходзіцца ў адзіночнай камеры (2,5 на 3 метры), куды яго перавялі на шэсць месяцаў.

Уладзімір Кара-Мурза: «Не толькі не раскайваюся, а ганаруся»

kara_murza_tass.jpg

Уладзімір Кара-Мурза, фота ТАСС

Палітыка, журналіста і бацьку траіх непаўнагадовых дзяцей Уладзіміра Кара-Мурзу пуцінскія чэкісты спрабавалі атруціць двойчы. Пасля першай спробы (у 2015 годзе) яго літаральна даставалі з таго свету — амаль адмовілі сэрца, лёгкія і ныркі, пацыента падключылі ажно да васьмі апаратаў штучнага жыццезабеспячэння. Пасля другой ён доўга аднаўляўся за мяжой, перасоўваўся з кійком.
Лічыцца, што пераслед Кара-Мурзы звязаны ў першую чаргу з яго паслядоўным лабіяваннем на Захадзе антырасійскіх санкцый. Гэтым ён займаўся шмат гадоў — асабліва пасля таго, як Расія анексавала Крым.
У красавіку мінулага года палітык выступіў перад дэпутатамі амерыканскага штата Арызона, выказаўшы пра пуцінскі рэжым і развязаную ім вайну ўсё, што думаў. Ведаў, што за гэтыя словы яго пасадзяць, тым не менш вярнуўся ў Расію. І яго затрымалі, і пасадзілі.
Уладзіміру Кара-Мурзу прызначылі 25 гадоў калоніі. Абвінавачанне складалася з цэлага шэрагу артыкулаў, уключна з «дзяржаўнай здрадай». Суд праходзіў у закрытым рэжыме, але змест апошняга слова апазіцыянера стаў вядомым.
У сваёй прамове гэты хворы (абвастрыліся наступствы атручэнняў) і схуднелы (мінус 22 кілаграмы за час у СІЗА) чалавек заявіў, што не прызнае віну ні па адным пункце абвінавачання.
«На стадыі паказанняў суддзя нагадаў мне, што адным са змякчальных абставінаў з'яўляецца «раскаянне ў зробленым». І хоць вясёлага вакол мяне цяпер мала, я не змог стрымаць усмешку. У зробленым павінны раскайвацца злачынцы. Я ж знаходжуся ў турме за свае палітычныя погляды. За выступы супраць вайны ва Украіне. За шматгадовую барацьбу з дыктатурай Пуціна. За садзейнічанне прыняццю персанальных міжнародных санкцый па «законе Магніцкага» супраць парушальнікаў правоў чалавека. Я не толькі не раскайваюся ні ў чым з гэтага — я гэтым ганаруся», — сярод іншага сказаў Кара-Мурза.

Колькі ў Расіі палітзняволеных

Паводле красавіцкіх даных «Мемарыяла», у Расіі 558 палітвязняў. Гэта ў разы менш, чым у Беларусі, а калі ўлічыць і розніцу ў насельніцтве, то лёгка прыйсці да высновы: па ўзроўні рэпрэсій Пуціну яшчэ далёка да Лукашэнкі.
Але расійскаму дыктатару і прасцей: значная частка насельніцтва падтрымлівае і яго палітыку, і злачынную агрэсію ва Украіне. За вайну ў РФ стала галасуе ўстойлівая большасць (каля 75%), і тым гарчэй доля тых, у каго іншае меркаванне.


Расійскія палітвязні, адрозна ад беларускіх, адлюстроўваюць пазіцыю меншасці. Большасць жа нават пра іх існаванне мала што ведае. А калі і ведае, то лічыць ворагамі, якія перашкаджаюць «вялікай» Расіі ўставаць з каленяў.