Першы ў РФ прысуд за «фэйкі» пра войска: дэпутата асудзілі на 7 гадоў зняволення

Гэта першы прысуд за «фэйкі» паводле артыкула 207.3 КК РФ — і рэальны тэрмін. Маскоўскі дэпутат Горынаў атрымаў 7 гадоў калоніі за дыскрэдытацыю УС РФ.

Фота ТАСС

Фота ТАСС

У Маскве Мяшчанскі суд прысудзіў да сямі гадоў пазбаўлення волі муніцыпальнага дэпутата Краснасельскай акругі расійскай сталіцы Аляксея Горынава за распаўсюд ілжывых звестак аб расійскім войску, паведамляе "Фантанка". Горынава трымалі ў СІЗА амаль тры месяцы. 

Паводле версіі следства, 15 сакавіка падчас пасяджэння савета дэпутатаў Горынаў і яго калега па акрузе Алёна Кацёначкіна зрабілі некалькі выказванняў, «якія змяшчаюць не адпаведныя рэчаіснасці звесткі аб Узброеных сілах РФ». Падчас пасяджэння Савета дэпутатаў ён назваў так званую "спецаперацыю" Узброеных Сіл РФ на тэрыторыі Украіны "вайной", а таксама казаў пра адказнасць расійскіх уладаў за гібель украінскіх дзяцей. Відэа з пасяджэння, на якім Горынаў і Кацёначкіна прапанавалі правесці хвіліну маўчання, апублікавалі ў сеціве.Следчы камітэт палічыў гэта распаўсюдам ілжывых звестак.

"Прызнаць Горынава вінаватым у злачынстве < ... > і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе сямі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму", — абвясціла рашэнне суддзя Алеся Мендзялеева.

У суд дэпутат прыйшоў з пацыфісцкім плакатам. Судовыя прыставы спрабавалі закрыць тэкст сваімі целамі, але пасыл усім застаўся зразумелы.

Горынаў быў затрыманы 26 красавіка. Праз некалькі гадзін, вечарам, СК прад'явіў яму абвінавачанне паводле часткі 2 артыкула 207.3 КК РФ (распаўсюд заведама ілжывай інфармацыі аб дзейнасці расійскіх Узброеных сіл).

Другім фігурантам па крымінальнай справе праходзіць кіраўнік Савета дэпутатаў Краснасельскай акругі Алена Кацёначкіна, яна арыштаваная завочна, бо з’ехала з краіны.

Паводле www.interfax.ru, www.fontanka.ru