Улады збіраюцца ліквідаваць незалежныя прафсаюзы Беларусі

Вярхоўны суд разгледзіць іскі ў дачыненні да Беларускага Незалежнага прафсаюза, Свабоднага прафсаюза Беларускага, Свабоднага прафсаюза металістаў, Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, а таксама Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў».

5f398ab872a4f.jpeg


10 чэрвеня генпракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб спыненні дзейнасці некалькіх незалежных прафесійных аб’яднанняў, такіх як СПМ, СПБ, БНП, РЭП і БКДП.

Суд аб ліквідацыі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў пройдзе 12 ліпеня, паведамілі ў арганізацыі. Дата іншых судоў пакуль не прызначаная.

29 чэрвеня ў Вярхоўным судзе адбылася папярэдняя гутарка з прадстаўнікамі прафсаюзу наконт пазову ад Генпракуратуры з просьбай спыніць дзейнасць Свабоднага прафсаюзу металістаў.

У пазове аб ліквідацыі, які пракуратура падала ў Вярхоўны суд, паведамляецца, што Свабодны прафсаюз металістаў атрымліваў бязвыплатную матэрыяльную дапамогу ад міжнародных структур.

Кіраўнік Свабоднага прафсаюзу металістаў Аляксандар Бухвостаў і галоўны прававы інспектар, юрыст Ігар Комлік накіравалі ў Вярхоўны суд хадайніцтва, у якім просяць прыцягнуць да разгляду справы ў якасці трэцяй асобы глабальны прафсаюз IndustriALL.

«Але мы яе (дапамогу — Рэд.) атрымлівалі абсалютна легальна — напрыклад, наш прафсаюз атрымліваў падтрымку ад Глабальнага прафсаюза IndustriALL, куды мы рэгулярна плацім унёскі, — расказаў Аляксандр Бухвостаў. — І, паводле канвенцыі МАП, Глабальны прафсаюз мае права аказваць нам падтрымку. Мы пра гэта і раней казалі. Да нядаўняга часу ў дэкрэце аб атрыманні замежнай бязвыплатнай дапамогі не было прафсаюзаў, іх унеслі толькі ў лістападзе 2021 году і мы проста не паспелі правесці атрыманую дапамогу праз наш Дэпартамент гуманітарнай дзейнасці. Але гэта не крымінал».

Аляксандр Бухвостаў упэўнены, што прадстаўнікі глабальнага прафсаюзу ў Вярхоўным судзе змогуць патлумачыць правамернасць атрымання ад іх грашовых сродкаў Свабодным прафсаюзам металістаў.