«Украінцы ўжо б захапілі РУУС». Ці праўда, што беларусы — баязлівая нацыя?

Развейваем міф пра палахлівасць беларускага менталітэту.

c3dd9ecd_801b_4707_b7c0_ecf1c50011ec_tv_w1023_r1.jpg


Калі ў 2020-м пасля выбараў беларусы выйшлі на вуліцы дзеля мірнага пратэсту, яны чулі не толькі стрэлы і выбухі светлашумавых гранат. На іх адрас ляцела і крытыка. Маўляў, не кветачкі-стужачкі трэба браць у рукі, а харошы дрын. Не пляскаць у ладкі варта ў адказ на гвалт, а даваць сіметрычны адпор. Толькі так можна перамагчы, а іначай вы проста баязліўцы.
Вось украінцы — тыя смелыя, успомніце майдан. Украінцы змагаліся як львы, таму хутка загналі за мажай сваю зладзеяватую ўладу разам з яе залатым батонам. Яны не баяліся, і цяпер будуць дэмакратыю. А вы спужаліся, разбегліся як зайцы, то жывіце і далей пад абцасам.
Вось кіргізы — што за бясстрашныя людзі. Як толькі іх правадыры пачынаюць барзець, яны адразу бяруцца за вілы сваёй мазолістай рукой. І ідуць з тымі віламі ў агульным і беспамылковым кірунку. І колькі разоў ужо зрыналі ўрад, які з тае пары добра ўсвядоміў: будзеш з народам кепска абыходзіцца — народ трываць не будзе.
Вось казахі… Ну, пра казахаў усё навідавоку. Зусім яшчэ свежы ўспамін — і пра іх студзеньскае паўстанне ў адказ на рэзкае падвышэнне коштаў, і пра іх гвалтоўныя метады, і пра тое, чым усё скончылася. Але ж людзі рашучыя, з гэтым спрачацца бессэнсоўна.
І ўсюды-усюды, дзе ні толькі пратэстоўцы не цырымоняцца з уладамі (ажно да самай М’янмы), узнікае густы цень, які кладзецца на беларусаў. Разам са словамі кшталту «паглядзіце, цярпілы, як трэба, гэта вам не бездапаможныя ланцужкі салідарнасці».
Асабліва любіць накінуць на гэты вентылятар украінскі журналіст Дзмітрый Гардон. Той самы, што перад выбарамі ў 2020-м прыязджаў у Мінск дзеля «іміджавага» інтэрв'ю з Аляксандрам Лукашэнкам. А потым дзівіўся ўсяму таму, што герой яго матэрыялу са сваімі паплечнікамі рабіў пасля жнівеньскага волевыяўлення.Дзмітрый Гардон ці не ў кожным сваім выступе падчас беларускіх падзей спяшаўся супрацьпаставіць рахманых беларусаў гераічным украінцам. Заўсёды казаў, што мы харошыя, добрыя, разумныя і наогул вялікія малайцы. Дадаваў з паблажлівай усмешкай: аднак надта ж асцярожныя, нясмелыя, нерашучыя. І ўрэшце выносіў бязлітасны прысуд: украінцы, каб з імі так абыходзіліся, ужо б захоплівалі РУУСы і ўскрывалі зброевыя шафы. Бо як жа, украінцы гэта сіла, не тое што…
Пра гвалтоўны пратэст, яго сутнасць і вузкія месцы «НЧ» неяк згадваў. Стаўленне да такіх метадаў можа быць рознае, аднак зараз не пра гэта. Не заклікаючы ані да якіх жорсткіх дзеянняў, проста ўсчынім невялікую развагу пра дэкларатыўную баязлівасць браткаў-беларусаў. Пра тую самую цярплівасць, аб якой — што ёсць, тое ёсць — ужо складаюць анекдоты.
Сядзіць беларус дупай на цвіку і думае: а, можа, яно так і трэба?..
Адразу, каб не цягнуць, спойлер: не бывае баязлівых народаў, бываюць баязлівыя людзі.
Сістэмная памылка журналіста Гардона і яго аднадумцаў палягае ў тым, што, навешваючы цэтлікі на сцішаных беларусаў, яны абсалютна не ўлічваюць адну важкую акалічнасць. Гістарычны кантэкст, у якім той ці іншы народ вымушаны дэманстраваць свае нацыянальныя якасці.
Так, безумоўна, украінцы вельмі смела і ахвярна змагаліся супраць клептакратыі ў 2014-м. І потым — супраць замежнага вайсковага ўварвання на Данбас. Але ж варта тут узгадаць і кантэкст.

2013.12.11_euromaidan__kiev__ukraine_16.jpg


І раней, і пазней, і тады Украіна ўсё ж жыла ў якой-кольвек дэмакратыі. У яе было шмат нацыянальных адметнасцяў, сваю рыбу ў мутнай вадзе лавілі і дзяржаўнікі, і алігархі, аднак і выбары былі канкурэнтныя, і ў Радзе спрачаліся-біліся самыя розныя фракцыі, і ўлада змянялася ад кадэнцыі да кадэнцыі. І свабода прэсы была ва ўсёй шматстайнасці тамтэйшых тэлеканалаў, і падзеі-2014 яны асвятлялі ў прамым эфіры — і многія адкрыта сімпатызавалі майдану. І нічога ім за гэта не было.
Пратэстоўцы хадзілі на Майдан, і потым спакойна ішлі дадому начаваць. Сімпатызанты рэвалюцыі з ліку публічных асоб выказваліся на адрас прэзідэнта Януковіча, не абіраючы выразаў, і таксама без боязі выходзілі з тэлевізійных студый. Журналісты асвятлялі падзеі — і ніхто не вызнаваў іх экстрэмістамі, што пагражаюць канстытуцыйнаму ладу. І ніхто не ўломваўся ў кватэры, не затрымліваў за каментары, нікога не судзілі з закрытым рэжыме і не давалі драконаўскіх тэрмінаў. Улада трывала, потым пачалася страляніна з ахвярамі, і ў выніку рэвалюцыя перамагла.
Што было б, калі б адбылося адваротнае і перамог Януковіч, невядома. Але яно не адбылося менавіта таму, што да і падчас пратэстаў у краіне працавалі дэмакратычныя інстытуты. І яны моцна ўплывалі на дзеянні людзей.
Як газ запаўняе ўвесь прадстаўлены аб'ём, так і грамадства карыстаецца ўсёй наяўнай свабодай. Межы яе ва Украіне заўсёды былі шматкроць шырэйшыя за беларускія. Адпаведна і грамадскія рэакцыі на памылкі дзяржавы заўсёды больш актыўныя, дзёрзкія і зацятыя. Да ментальнай смеласці і гістарычная рашучасці такія паводзіны не маюць аніякага дачынення.
Увогуле мерацца чым б ні было — дурная справа. Тым больш мерацца цэлымі народамі і іх якасцямі. Але нават калі гэта і рабіць, то павінны быць аднолькавыя зыходныя ўмовы. То-бок гістарычныя абставіны.
Ці траплялі беларусы і ўкраінцы ў аднолькавы кантэкст? Так, і гэта ведае кожны. Шмат гадоў мы з суседзямі (і, дарэчы, з казахстанцамі і кіргізамі) жылі ў адной дзяржаве — Савецкім Саюзе. І быў той СССР, мякка скажам, не светачам дэмакратыі — тут табе і манаполія на СМІ па метаду Дзяржтэлерадыё, і падаўленне любога іншадумства, і дысідэнцтва, і карная псіхіятрыя… І, вядома, таталітарныя часы Сталіна, калі да сценкі ставілі масава і паводле маркёра «вораг народа».
І вось пытанне: хіба вялі сябе народы ў «турме народаў» неяк па-рознаму? Хіба на тле баязлівага маўчання беларусаў, схаваўшыхся ў бульбу, украінцы захоплівалі будынкі НКУС, а кіргізы з казахстанцамі ладзілі гвалтоўныя пратэсты і давалі ў карак савецкім праваахоўнікам? Не. І яшчэ раз не. Больш-менш аднолькава ўсе сябе паводзілі. Нават калі рэпрэсіі дасягалі велізарных маштабаў, а насельніцтву даводзілася галадаць падчас трагічнай бяскорміцы 30-х.
Так, часу з таго мінула шмат. Аднак і па сёння нейкі аналаг савецкай сістэмы існуе, і гэта пуцінская Расія. І нічога не перашкаджае сённяшнім уладам краіны-суседкі трымаць у суцэльным падпарадкаванні сваё насельніцтва. І хто скажа, што яно баязлівае, той хай шукае агульнае ў рускіх і буратаў, у каўказцаў і якутаў, у татараў і кубанцаў. І хто скажа, што расейцы жывуць у гармоніі са сваім урадам, той хай знойдзе лістападаўскія дадзеныя «Левада-Цэнтра», якія фіксуюць электаральны рэйтынг Уладзіміра Пуціна на ўзроўні 32 працэнты. А калі не знойдзе, то хай прыме як аксіёму: няма ў ментальнасці розных этнасаў гена смеласці, альбо нясмеласці. А ёсць гістарычныя абставіны, што спараджаюць аўтакратыі, а ўжо тыя ўмеюць кіраваць жалезнай рукой.
Украінцам, балтыйцам, заходнім і ўсходнім еўрапейцам пашанцавала сёння жыць у дэмакратыях, але ж і ў іх за плячыма рознае. Іншым, ад Масквы да самых да ўскраін, выпаў адрозны лёс. Таўраваць іх праз гэта прыніжальнымі эпітэтамі — справа няхітрая, але і неразумная.
Гадоў восемдзесят таму яўрэі без супраціву ішлі ў газавыя камеры, і многія здзіўляліся іх пакорлівасці. Аднак прайшоў час, змяніліся гістарычныя дэкарацыі, паўстала дэмакратычная ізраільская дзяржава. І хто цяпер папракне яе жыхароў у нейкай наканаванай палахлівасці?