Украіна і Нідэрланды супраць Расіі. Тры краіны ўпершыню сустрэліся ў судзе па справе MH17
Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) пачаў разглядаць справу «Украіна і Нідэрланды супраць Расіі».
Галоўнае пытанне, на якое павінен адказаць суд: ці нясе Расія прамую
адказнасць за гібель людзей у выніку крушэння «Боінга-MH17», а таксама за іншыя
парушэнні правоў чалавека на ўсходзе Украіны ў 2014 годзе. ВВС распавядае пра
ключавыя моманты пасяджэння.
У справе супраць Расіі ЕСПЧ аб'яднаў тры скаргі:
— аб парушэннях правоў чалавека падчас падзей, звязаных з канфліктам у Данбасе (пададзеная Украінай);
— аб адпраўцы дзяцей-сірот з інтэрната ў Луганску на лячэнне ў Расію (пададзеная Украінай). У Кіеве лічаць, што дзяцей выкралі чальцы «незаконных узброеных фарміраванняў»;
— скарга Нідэрландаў у падтрымку заявы сваякоў 298 чалавек, якія загінулі падчас крушэння «Боінга-MH17» у небе над Данбасам у ліпені 2014 года. Сваякі дамагаюцца прызнання адказнасці Расіі за датычнасць да трагедыі, а таксама патрабуюць выплаціць кампенсацыі.
«Паводзіны Расіі абвастраюць пакуты [сваякоў]», — заявіў на судзе Під Плуг, які страціў пры крушэнні «Боінга» брата, нявестку і пляменніка. Парэшткі брата Піда не знайшлі да гэтага часу.
«Праз паводзіны Расіі юрыдычныя працэдуры неабгрунтавана зацягваюцца. Сваякі пастаянна сутыкаюцца з дэзінфармацыяй і хлуслівымі рэпартажамі. У выніку ў сваякоў няма магчымасці дыстанцыявацца ад таго, што адбылося», — дадаў ён.
Каб разабрацца ва ўсіх гэтых справах, суду трэба спачатку ўстанавіць, ці знаходзілася частка тэрыторыі Данбаса пад кантролем Расіі ў 2014 годзе.
Расія ж агучвала пазіцыі, якія могуць здацца процілеглымі адна адной.
«Масква кажа, што "Боінг" быў збіты падчас узброенага канфлікту, каб падвесці справу пад высновы суда ў справе аб Грузіі супраць Расіі пра падзеі 2008 года (ЕСПЧ тады адмовіўся разглядаць парушэнні правоў чалавека падчас баявых дзеянняў. — Заўв. ВВС). Але адначасова Масква згаджаецца з галандскімі пракурорамі, што самалёт не быў збіты падчас узброенага канфлікту, каб працягваць адмаўляць, што яго збілі прадстаўнікі дзяржавы», — адзначае прадстаўнік праваабарончай групы «Агора» Кірыла Карацееў.
У цэлым, на думку Карацеева, Расія нават не паспрабавала абвергнуць спасылкі Кіева на канкрэтныя доказы.
Рашэнне аб тым, ці працягваць у прынцыпе разгляд скаргаў Украіны і Нідэрландаў, суд павінен вынесці на працягу бліжэйшых месяцаў.
Наогул жа, міждзяржаўныя справы ў ЕСПЧ — гэта рэдкасць. У Страсбургу цяпер часцей разглядаюць спрэчкі паміж канкрэтнымі асобамі і дзяржавамі.
Міждзяржаўных спраў у гісторыі суда было ўсяго 27, і амаль палова з іх тычылася Расіі. Украіна падала супраць Расіі восем скаргаў (частку з іх суд аб'яднаў). Грузія скардзілася на Расію чатыры разы, па дзвюх справах рашэнні ўжо вынесеныя, але Расія іх так і не выканала. Нідэрланды паскардзіліся на Расію ўпершыню.