Палітолаг: «Не ведаючы, як уводзяцца расійскія войскі, мы таксама не будзем ведаць, ці будуць яны выходзіць»

ЗША папярэдзілі рэжым Лукашэнкі, што за падтрымку Расіі ў яе намерах наступіць на Украіну яго чакаюць чарговыя санкцыі. Дэмакратычная апазіцыя б'е трывогу, што Беларусь стаіць на парозе рэальнай страты незалежнасці.

Павел Усаў. Фота radyjo.net

Павел Усаў. Фота radyjo.net

ЗША абяцаюць Беларусі «хуткім і рашучым адказам», калі Мінск дазволіць выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для нападу на Украіну, заявіў прэс-сакратар Дзярждэпартамента Нэд Прайс. Ён таксама дадаў, што ў такой сітуацыі NАТO можа пайсці на нарошчванне сіл у краінах-сябрах альянса, якія мяжуюць з Беларуссю.

Як расшыфраваць гэтую заяву: гэтае выказванне выклікае надзею ці неспакой, страх?

Палітолаг Павел Усаў пракаментаваў падзеі «Польскаму радыё»:

— Гэта палітычны, дыпламатычны і псіхалагічны ціск на рэжым Лукашэнкі і папярэджанне, што паводзіны афіцыйнага Мінска без рэакцыі не застануцца. Пытанне толькі, у якім фармаце можа быць гэты адказ. Адным з варыянтаў можа быць цэласны разрыў адносінаў, агульная палітычная ізаляцыя беларускага кіраўніцтва, то-бок цалкам будуць прыпыненыя ўсе палітычныя, эканамічныя суадносіны, магчыма будзе ўведзена поўная блакада і ізаляцыя Беларусі, бо краіна будзе ўспрымацца як краіна-агрэсар. Гэта, канешне, вельмі негатыўна адаб'ецца і на грамадстве, і на эканоміцы. Але трэба разумець, што фактычна будзе ў стане вайны не толькі з Украінай, але з усім заходнім светам.

У сваю чаргу, дэмакратычная апазіцыя б'е трывогу, што Беларусь стаіць на парозе рэальнай страты незалежнасці. «Калі мы гэтага не разумеем, то мы не палітыкі, а дылетанты», — кажа кіраўнік НАУ Павел Латушка. А Алег Талерчык з ініцыятывы BY_POL звяртае ўвагу, што афіцыйны Мінск не дае інфармацыі, як будзе праходзіць вывад расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.


Павел Усаў дадае: «Па-першае, увогуле няма інфармацыі, як адбываецца ўвод расійскіх войскаў у Беларусь, няма інфармацыі пра колькасць жывой сілы, колькі расійскіх ваенных будуць прымаць удзел у вучэннях, дзе яны будуць размяркоўвацца, ці будуць назіральнікі? Мы, па сутнасці, нічога не ведаем пра дэталі гэтых манеўраў. На сённяшнім этапе вучэнняў "Саюзная рашучасць" фактычна праводзіцца перадыслакацыя расійскіх войскаў, якія ідуць з далёкай усходняй ваеннай акругі Расійскай Федэрацыі. Колькі эшалонаў? Ці сапраўды 250, у складзе якіх можа быць да 50 вагонаў? Усё паказвае, што вучэнні будуць адбывацца ў рэжыме сакрэтнасці. Не ведаючы, як уводзяцца войскі, мы, безумоўна, таксама не будзем ведаць, як яны будуць выходзіць — ці будуць выходзіць увогуле».

ЦВК назваў даты датэрміновага галасавання на рэферэндуме па Канстытуцыі: з аўторка, 22 лютага, па суботу, 26 лютага, уключна. Эксперты і дэмакратычна настроеныя беларусы спрачаюцца, ці варта прымаць удзел у гэтым рэферэндуме, а калі так, то ці зрабіць толькі яўку, пазначыўшы два адказы, што зробіць голас няважным. Ці прагаласаваць сур'ёзна.



Павел Усаў кажа:

— На маю думку, было б лепш арганізаваць свой рэферэндум у якасці альтэрнатыўнага, палітычнага дэмакратычнага працэсу. Вынесці на разгляд пытанне Канстытуцыі, напрыклад, з 1994 года. Стварыць уласную выбарчую камісію. Галасаванне часткова правесці анлайн, а ў краінах, дзе вялікая дыяспара, правесці афлайн, стварыць выбарчыя камісіі, падлічыць галасы. Усё гэта зрабіць на фоне велізарнай інфармацыйнай кампаніі і такім чынам паказаць прывабнасць альтэрнатыўнага праекта і яшчэ больш адцягнуць легітымнасць ад дзяржаўных інстытутаў. Гэтае галасаванне будзе мець псіхалагічнае значэнне для беларусаў, таму што ўдзел ці няўдзел на вынікі гэтага рэферэндуму не паўплываюць. Мабілізаваць грамадства на вулічныя акцыі дэмакратычныя сілы не змогуць. Рэферэндум пройдзе па сцэнары ўладаў. Ён негатыўна адаб'ецца на настроях грамадства, на стаўленні да Ціханоўскай. Хутчэй за ўсё, гэты рэферэндум пройдзе з вялікім знакам мінус для незалежных дэмакратычных сіл.

 Паводле www.polskieradio.pl