Экс-прэзідэнт Расіі: На Кубе і ў Венесуэле не будзе расійскіх баз, яны хочуць аднавіць адносіны з ЗША
Памятаеце, прапагандысты пасля аб'яўлення крамлёўскага ўльтыматуму Захаду ў якасці адной з пагроз рэкламавалі размяшчэнне расійскіх ваенных баз на Кубе і ў Венесуэле? Як высветлілася, у гэтых лацінаамерыканскіх дзяржаў існуюць сур'ёзныя геапалітычныя разыходжанні, як з уладамі РФ, так і беларускімі, распавядае «Салідарнасць».
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сёння галоўныя
прапаведнікі антыамерыканізму. І, натуральна, у супрацьстаянні з ЗША яны
разлічваюць на дзяржавы, якія таксама знаходзяцца ў канфлікце з Вашынгтонам, адзначае выданне.
Нядаўна, віншуючы прэзідэнта Мігеля Марыё Дыяс-Канеля
Бермудэса з Днём вызвалення Кубы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што паміж
Мінскам і Гаванай склаліся асаблівыя адносіны «заснаваныя на агульнасці
каштоўнасных прынцыпаў». І паабяцаў аказваць выспе ўсялякую падтрымку на
міжнароднай арэне.
Прыкладна ў тым жа духу Лукашэнка выказваецца, калі гаворка
ідзе пра беларуска-венесуэльскія сувязі. Аднак, як высвятляецца,
лацінаамерыканскія дзяржавы зусім не гараць жаданнем ісці на абвастрэнне з ЗША.
Сведчаннем таму можа служыць інтэрв'ю намесніка старшыні
Савета бяспекі РФ Дзмітрыя Мядзведзева расійскім медыя. Ён заявіў, што і
гаворкі быць не можа пра размяшчэнне расійскіх вайсковых баз на Кубе і ў Венесуэле.
Але самае цікавае ў гэтай гісторыі — гэта адказ на пытанне «чаму?».
Паводле слоў Мядзведзева, Венесуэла і Куба хочуць выйсці з
ізаляцыі і аднавіць нармальныя адносіны з Амерыкай.
Нават Венесуэла і Куба...
І толькі кіраўнік Беларусі пастаянна выступае з нападкамі на
ЗША, падсумоўвае «Салідарнасць».