Вайна, якую ніхто не хоча
На гэтым тыдні інтэрнэт быў поўны дзвюма падзеямі. Па-першае, усе абмяркоўвалі і захапляліся фільмам расійскага блогера Юрыя Дудзя пра беларускую эміграцыю. Па-другое — безумоўна, рост эскалацыі ў рэгіёне і беларуска-расійскія вучэнні «Саюзная рашучасць-2022». А канкрэтна — перакідка расійскіх войскаў у Беларусь. Падавалася б, у чым тут сувязь?
Кранальны фільм Дудзя менш чым за суткі праглядзела больш за 2,5 млн чалавек, пры тым, што аўдыторыя ў блогера — больш за 10 млн. Зразумела, прагляды будуць расці, таму што сама стужка доўжыцца каля трох гадзін. І не ў кожнага ёсць столькі часу на прагляд адразу. Пытанне, якое ставіць Юрый Дудзь — ці можа ў Расіі паўтарыцца тое ж, што ў Беларусі? Насамрэч, на мой погляд, пытанне даволі рытарычнае. Безумоўна, можа. Ужо не аднойчы казалася пра тое, што Сінявокая, нібыта — «палігон», на якім Расія адпрацоўвае мадэлі аўтарытарных паводзінаў. І тое, што ў нас адбываецца цяпер, у Расіі ўкараняецца з невялікім спазненнем.
Насамрэч, у Расіі гэты працэс ужо ідзе, але ідзе павольна і, з-за вялікай, у параўнанні з Беларуссю, колькасці насельніцтва, не вельмі заўважна. Але днямі з Расіі з’ехалі Віктар Шандаровіч і Слава Камісаранка. А колькі народу пакінула суседнюю краіну, і перамясцілася, напрыклад, ва Украіну і Грузію, ніхто не лічыў. Толькі ва Украіне і толькі расійскіх журналістаў — заўважны пласт.
І справа не толькі ў адсутнасці дэмакратыі. Справа ў тым, што палітыка вельмі моцна адбіваецца на эканоміцы. А тым больш — расійская палітыка, скіраваная на «пашырэнне ўплыву» і імперскасць. Напрыклад, сцягванне тэхнікі на межы з Украінай, уключна з перакідкай войскаў у Беларусь цягнуць эканамічныя наступствы. ЗША і Еўропа папярэджваюць Расію, што ў выпадку ўварвання ва Украіну яна аграбе вельмі моцныя санкцыі. Але яшчэ і да санкцый з-за геапалітычнай абстаноўкі моцна ўпаў расійскі рубель, абваліліся фондавыя рынкі, а расійскія багацеі, па даных Forbes, страцілі на гэтым падзенні 28 мільярдаў долараў!
А за Расіяй пакаціўся і беларускі рубель, страціўшы, напрыклад, 25 студзеня аж 1% да долара. Зазвычай рост ці падзенне валюты не ўваходзіць у абсалютны працэнт, але ж…
Але «саюзнікі» працягваюць эскалацыю і бразганне зброяй, што выгадна, найперш, Расіі. Менавіта эскалацыяй вакол Украіны Расія спрабуе прымусіць ЗША і NATO прыняць яе ўмовы па «нармалізацыі» адносінаў і замацаванні «сфераў уплыву», на што Захад не пагаджаецца. І вучэнні «Саюзная рашучасць-2022» тут выглядаюць даволі дзіўна.
Дзіўна таму, што ад пачатку яны дэклараваліся, як адпрацоўка «казахстанскага сцэнару». Але ж у выніку ў Беларусь заехала бронетэхніка, комплексы «Іскандэр» і сістэмы залпавага агню «Ураган». Усяго ж плануецца прыбыццё 200 эшалонаў з расійскімі войскамі. А ў Баранавічы прыляцелі расійскія шматмэтавыя знішчальнікі СУ-35С. Гэта адносна новая тэхніка — першы палёт адбыўся напачатку 2008 года, а ўсяго ў расійскіх ВПС толькі 101 самалёт гэтай мадэлі.
Нават неспецыялісту зразумела, што «Іскандэры», «Ураганы» і «сушкі» — гэта не тая тэхніка, якая прыдатная ва ўмовах «гарадскіх баёў», як тое было ў Казахстане. Таму і ўзнікаюць вялікія сумневы ў тым, што расійскія войскі будуць адпрацоўваць на вучэннях выключна «абарончы» сцэнар. І слушныя перасцярогі ў тым, што гэта могуць быць выключна «вучэнні».
Ну і, традыцыйна, выказваюцца асцярогі, што расійскія войскі, заходзячы ў Беларусь, назад не выйдуць. Такога мы ўжо наслухаліся на кожных вучэннях, пачынаючы ад часоў Вейшнорыі, «Захаду — 2017».
Між іншым, таксама паказальны факт, што кожны раз, як толькі расійскія войскі заходзяць у Сінявокую, мы задумваемся над тым, ці выйдуць яны адсюль. Па ідэі, такіх думак узнікаць не павінна — калі б Беларусь была сапраўды самастойнай дзяржавай. Аднак тое, што мы гэтым перасцерагаемся і непакоімся, уяўна паказвае, да якога «суверэнітэту» мы дайшлі за апошнія чвэрць стагоддзя.
Зразумела, вайна, паўнавартасныя баявыя дзеянні нявыгадныя нікому. Але «бразганне зброяй» і ваяўнічая рыторыка ні да чаго добрага ніколі не даводзілі. Першая Сусветная таксама нікому не была выгадная, аднак Расія не магла не «ўпрагчыся» за Сербію, бо губляла ўплыў на Балканах, Германія не магла пакінуць Аўстра-Венгрыю, а Францыя не магла не выканаць саюзніцкія абавязальніцтвы перад Расіяй — і панеслася. Прычым, панеслася на фоне ўзаемнай мабілізацыі («бразганне зброяй») і на фоне спробаў уладкаваць канфлікт перамовамі (цяперашнія перамовы Расія — NATO).
Зразумела, гэты падыход вельмі спрошчаны, але ж… Але ж варта задацца пытаннем: дзе ў сучасным становішчы эскалацыі палягаюць інтарэсы Беларусі? Бачны інтарэс Расіі — прымусіць NATO да прыняцця сваёй пазіцыі. Бачны інтарэс Украіны — не дапусціць уварвання расійскіх войскаў. Бачны інтарэс NATO — не паддавацца на расійскі шантаж. А Беларусь дзе?
Беларускіх інтарэсаў тут няма ўвогуле. І таму думка Паўла Латушкі, што «Лукашэнка згубіў кантроль над тэрыторыяй краіны», даволі слушная. Як і словы вайсковага эксперта Ягора Лебядка, што Лукашэнка проста ператварыў Беларусь у аператыўны прастор расійскіх узброеных сіл.
І перашкодзіць гэтаму Лукашэнка не ў стане, таму што, па словах Лебядка, расійскія дэсантнікі, якія« паляцяць браць Кіеў, могуць спакойна паляцець і ўзяць адну рэзідэнцыю».
І гэта таксама — вынік «страты ўнутранай легітымнасці», пра якую мы неаднаразова казалі. І вынік палітыкі «іншым разам не да законаў», бо па існуючай пакуль Канстытуцыі Беларусь усё яшчэ імкнецца да нейтралітэту. Так што, найперш чым шукаць «ворагаў» за мяжой, трэба паглядзецца ў люстэрка. Хто, як не беларускія ўлады, крычалі пра назапашванне войскаў на Захадзе, не зважаючы на тое, што гэта назапашванне стала вынікам, у тым ліку, створанага «мігранцкага крызісу». Хто, як не беларускія ўлады шматкроць казалі пра «ворагаў» ва Украіне, абвінавачваючы паўднёвую суседку ў падрыхтоўцы баевікоў і «экспарце» зброі ў наш бок (хаця статыстыка памежнай варты Украіны паказвае адваротнае)? Беларускія ўлады доўга крычалі: «Ваўкі! Ваўкі!» І ў адказ у тым ліку на гэтыя енкі прыйшоў «чалавек з ружжом», які нам, беларусам, увогуле непатрэбны. Але пазбавіцца яго магчымасці амаль няма, — толькі калі будзе на тое яго добрая воля.
Ваяўнічая рыторыка мае ўласцівасць самазбывацца, і дай божа, каб не гэтым разам.
Зразумела, вайна выкліча заходнія санкцыі супраць Расіі, абвал расійскай (а следам — і беларускай) эканомікі і, як вынік, «эканамічную міграцыю». І адбудзецца тое, пра што разважае Дудзь.