Павел Усаў: Мы выбіраем паміж кепскім і горшым, удзельнічаем у тым, што прызнаем нелегітымным і злачынным
Беларускае грамадства прымушаюць выбіраць паміж кепскім і горшым. А чаму б было не арганізаваць і правесці свой рэферэндум? Замест таго, каб абмяркоўваць манструальны праект канстытуцыі Лукашэнкі, мы б маглі абмяркоўваць уласныя праекты, — разважае палітолаг Павел Усаў у сваім тэлеграме
Калі ўжо гуляць у сімвалізм, мерыцца ўзроўнямі легітымнасці, ствараць альтэрнатыўныя палітычныя рэальнасці, то можа варта было б арганізаваць і правесці свой рэферэндум. Частку працэсу можна было б зрабіць анлайн (структураваць па абласцях), частку (за мяжой) праз стварэнне рэальных выбарчых камісій. Сфарміраваць свой ЦВК і прапанаваць грамадству дэмакратычны праект Канстытуцыі (1994) па якім яно будзе жыць пасля развалу рэжыму. І зрабіць якасную палітычную кампанію. Натхніць людзей.
На жаль, на дадзеным этапе мы пляцёмся за дзённай палітычнай паветкай уладаў. Які цалкам перахапілі ідэалагічную ініцыятыву. Мы уплятаемся ў працэсы якія ж самі прызнаем не легітымнымі і злачыннымі, і такім чынам надаем ім вагу і сэнс. Выбіраем паміж кепскім і горшым, не намагаючыся стварыць нейкую ўласную пазітыўную альтэрнатыву, свой палітычны сэнс. Урэшце агульная дзейнасць грамадзян і ёсць «сацыяльная дамова», аснова дзяржавы.
Удзел у альтэрнатыўным рэферэндуме і байкот лукашэнкаўскага была б рэальная дэманстрацыя палітычнага ўплыву. Замест таго, каб абмяркоўваць манструальны праект канстытуцыі Лукашэнкі, мы б маглі абмяркоўваць уласныя праекты, якія ў той ці іншай форме існуюць. Безумоўна, падрыхтоўка да такіх дзеянняў патрабуе шмат высілкаў і рэсурсаў Волі, але іх дастаткова каб яго рэалізаваць. І дарэчы яшчэ есць час запусціць і не траціць энергію на бессэнсоўныя дзеянні, гуляючы ў старыя гульні апазіцыі.
Так ці інакш, стварэнне свайго, стварэнне новага было б больш прадуктыўным у псіхалагічным сэнсе, эмацыйна пазітыўным і кансалідуючым, чым удзел у чужым, з разуменнем таго, які будзе вынік, што яшчэ больш пагоршыць грамадскія настроі.