«Трэба як мінімум двое, каб хацець міру, і дастаткова аднаго, каб хацець вайны»
Пра гэта заявіла кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас, дадаўшы, што Расія не хоча міру ва Украіне. Тым часам скончыўся тэрмін чарговага «ўльтыматуму Трампа» і стала зразумела, што Пуцін зноў ашукаў прэзідэнта ЗША. Трамп плануе выступ з «важнай заявай», а пакуль ідуць 1287-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 172 баявыя сутыкненні, піша Генштаб УСУ ў зводцы 2 верасня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 46 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Уладзіміраўкі, Запаведнага, Новаэканамічнага, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Зверава, Котліна, Удалага, Дачнага і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 24 атакі ў раёнах Зялёнага Гаю, Талстога, Паддубнага, Мірнага, Маліеўкі, Шаўчэнка і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 20 разоў каля Студні, Зарэчнага і ў бок Карпаўкі, Ямпалю, Дронаўкі і Серабранкі.
На Купянскім кірунку адбылося 14 атак РФ у раёнах Купянску, Петрапаўлаўкі і Стэпавай Навасёлаўкі.
Па 11 атак расійцаў на кожным было адбіта на Паўночна-Слабажанскім (Курскім) і Сіверскім кірунках. Па сем атак арміі РФ было спынена на Паўднёва-Слабажанскім і Краматорскім кірунках на кожным. Восем атак адбылося на Тарэцкім кірунку.
* * *
Штурмавыя групы 425-га палка «Скала» Узброеных сіл Украіны вызвалілі Новаэканамічнае ў Данецкай вобласці і ўсталявалі там украінскі сцяг, паведамляе Генеральны штаб УСУ. Генштаб апублікаваў відэа моманту ўзняцця сцяга над населеным пунктам. На вызваленне населенага пункта спатрэбілася два тыдні.
* * *
Расійскія войскі нязначна прасунуліся на Купянскім кірунку, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Украінскі вайсковы назіральнік Канстанцін Машавец паведаміў 1 верасня, што расійскія войскі прасунуліся на поўнач ад Таполі (на паўночны ўсход ад Купянска паблізу міжнароднай мяжы) і на поўнач ад Купянска.
Машавец заявіў, што расійскія войскі займаюць Кандрашоўку, але не замацаваліся там, бо ўкраінскія войскі контратакуюць у паўднёвай частцы Кандрашоўкі. Ваенны аналітык паведаміў, што расійскія войскі займаюць часткі паўночна-заходніх і паўночных ускраін Купянска, але ўкраінскія войскі выціснулі расійскія войскі з большай часткі Мірнага і значна скарацілі зону кантролю расійскіх войскаў на паўночных ўскраінах Купянска.
Ён адзначыў, што плацдарм расійскіх войскаў на поўнач і паўночны захад ад Купянска занадта вузкі і ўразлівы, і што расійскія войскі не могуць сабраць неабходную колькасць для правядзення буйнамаштабнага наступу, неабходнага для падаўлення ўкраінскіх войскаў.
Расійскія войскі не змаглі пераправіць цяжкую тэхніку праз раку Аскол да плацдарма, украінскія войскі захоўваюць агнявы кантроль над цэнтральнай і паўднёвай кропкамі плацдарма, змушаючы расійскія войскі нязручна перавозіць узбраенне праз паўночны фланг.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 1 верасня, паказваюць, што ўкраінскія войскі нядаўна прасунуліся ў раёне Новаэканамічнага (на паўночны ўсход ад Пакроўска).
Таксама геалакацыйныя кадры ад 1 верасня, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся да цэнтра Дачнага (паўднёвы ўсход ад Новапаўлаўкі) Данецкай вобласці, і на поўдзень ад Новаданілаўкі (на поўдзень ад Арэхава) Запарожскай вобласці. Варта адзначыць, што нядаўна Мінабароны РФ, падводзячы вынікі летняй кампаніі, казала, што яны захапілі Дачнае.
* * *
У жніўні тэмпы акупацыі Украіны ўпалі на 18%. Расійскімі войскамі было акупавана 464 кв км., паведамляе OSINT-праект DeepState. Адзначаецца, што ў мінулым месяцы расійцы дасягнулі паказчыка ў 19% акупацыі ўсёй тэрыторыі Украіны (ад 2014 года). У апошні раз акупанты мелі такі паказчык 3 кастрычніка 2022 года перад наступам Сіл абароны Украіны на Дудчаны.
«Менавіта так — прырост акупаваных тэрыторый за 2 гады і 11 месяцаў практычна роўны нулю. Але аналагічна можна сказаць, што на ўсходзе Украіны намі было страчана столькі ж тэрыторый, колькі вызвалена на правым беразе Херсоншчыны за аналагічны перыяд», — гаворыцца ў паведамленні.
* * *
У ноч на 2 верасня РФ атакавала Украіну 150-цю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 120 варожых БПЛА.
Расійскія войскі нанеслі ўдар па Сумах. Расійскія ўдарныя беспілотнікі патрапілі па нежылых будынках у Зарэчным раёне горада, але побач размешчаны дзіцячы сад. Ёсць пацярпелыя, якія звярнуліся па амбулаторную дапамогу, сярод іх — дзіця.
Таксама ў ноч на 2 верасня расійскія войскі нанеслі ўдар дронамі па Белацаркоўскай абшчыне Кіеўскай вобласці. У выніку атакі загінуў адзін чалавек, ёсць параненыя.
Расійскія войскі атакавалі партовую інфраструктуру Ізмаільскага раёна Адэскай вобласці. У выніку ўдару ўзніклі пажары.
* * *

* * *
Міністр фінансаў ЗША Скот Бесэнт у інтэрв'ю Fox News заявіў, што адміністрацыя Дональда Трампа на гэтым тыдні «вельмі ўважліва» разгледзіць магчымасць увядзення новых санкцый супраць Расіі.
«Пуцін, пачынаючы з гістарычнай сустрэчы ў Анкорыджы, пасля тэлефоннай размовы, калі еўрапейскія лідары і прэзідэнт Зяленскі знаходзіліся ў Белым доме, зрабіў супрацьлеглае ад таго, што сам заяўляў. Больш за тое, ён гідкім, ганебным спосабам ўзмацніў бамбардзіроўкі. Таму я думаю, што... усе варыянты застаюцца на стале, і мы вельмі ўважліва разгледзім іх на гэтым тыдні», — заявіў Бесэнт у размове са старшым нацыянальным карэспандэнтам Fox News Рычам Эдсанам.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп неўзабаве выступіць з важнай заявай, анансавала прэс-служба Белага дома. Папярэдне, выступ Трампа запланаваны на 21:00 па Мінску. Пра што менавіта будзе казаць Трамп, пакуль невядома.
Пасля перамоваў на Алясцы і ў Белым доме прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што чакае сустрэчы расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім цягам найбліжэйшых «двух-трох тыдняў». Аднак расійскі бок упарта ігнаруе гэтую прапанову прэзідэнта ЗША, пастаянна прыдумляючы адгаворкі ад сустрэчы.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі нагадаў, што пэўны Трампам дэдлайн скончыўся ў панядзелак, 1 верасня. Пры гэтым Зяленскі адзанчыў, што Украіна гатовая да сустрэчы з Расіяй.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп «вельмі цярплівы» да расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, заявіла на палях Бледскага стратэгічнага форуму Высокая прадстаўніца ЕС у замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас.
Паводле яе, ціск — адзінае, да чаго Пуцін сапраўды ставіцца сур'ёзна. «Прычына, чаму ён хацеў правесці сустрэчу на Алясцы, заключалася ў адтэрміноўцы пагрозы санкцый, якая паступала ад ЗША. Таму ён насамрэч не хоча санкцый. Калі ацаніць іх уплыў на расійскую эканоміку, то відаць, што санкцыі сапраўды працуюць», — сказала Калас.
Яна вітала мірныя намаганні Трампа, асобна пахваліўшы другасныя санкцыі супраць гандлёвых партнёраў Расіі, і ў той жа час адзначыла, што «калі б мы ўсе былі больш жорсткімі да Пуціна, то гэтая вайна ўжо скончылася б».
«Мы чулі, што прэзідэнт Трамп не вельмі цярплівы чалавек. Аднак, здаецца, ён вельмі цярплівы да Пуціна», — адзначыла кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі.
Калас дадала, што не бачыць прыкмет гатоўнасці Расіі да міру. Наадварот, Масква рыхтуецца да працягу вайны супраць Украіны.
«Набліжаецца зіма, мы бачым, што яны рыхтуюць атакі на энергетычную інфраструктуру (Украіны), каб нанесці як мага больш болю, і таму нам таксама трэба рыхтавацца. Трэба як мінімум двое, каб хацець міру, і дастаткова аднаго, каб хацець вайны. І пакуль Расія ўсё яшчэ хоча вайны, міру не будзе», — адзначыла Калас.