У склад тэрытарыяльных камісій па рэферэндуме вылучаліся 20 апазіцыйных кандыдатаў. Нікога не ўключылі
Ні адзін з 20 апазіцыйных кандыдатаў, вылучаных у тэрытарыяльныя камісіі (ТК) па рэферэндуме, не быў уключаны ў іх склад. Пра гэта гаворыцца ў чарговай справаздачы кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», адзначае «Еўрарадыё».

Таксама
праваабаронцы адзначаюць, што на вылучэнне кандыдатур у ТК быў адведзены
экстрэмальна кароткі тэрмін — адзін поўны працоўны дзень. Гэта магло сур'ёзна
паўплываць на працэс вылучэння.
Асноўную
колькасць вылучэнцаў у ТК склалі прадстаўнікі пяці праўрадавых арганізацый —
РГА «Белая Русь», РГА «Беларускі рэспубліканскі саюз
моладзі», РГА «Беларускі саюз жанчын», «Беларускае грамадскае
аб'яднанне ветэранаў», ГА «Беларускі фонд міру» і прафсаюзаў, якія
ўваходзяць у дзяржаўную «Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі». Разам яны вылучылі 964
прадстаўнікоў — 95,5% ад прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў, ці амаль 50% ад
усіх прэтэндэнтаў на месцы ў камісіях. Ад палітычных партый было вылучана 120
чалавек, або 6,2%.
Тэрытарыяльныя камісіі на 54,39% складзеныя з вылучаных прадстаўнікоў прадзяржаўных грамадскіх арганізацый. Сярод партыйных вылучэнцаў, уключаных у ТК, 90% складаюць сябры Камуністычнай партыі Беларусі. Як вядома, адным з яе кіраўнікоў доўгі час быў цяперашні старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка.