ЕС пра лічбу ў 1000 палітвязняў у Беларусі: Гэтая ганебная вяха адлюстроўвае працяг рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі
Еўрасаюз адрэагаваў на тое, што колькасць палітвязняў у Беларусі перавысіла 1000 чалавек. Адпаведную заяву апублікаваў прадстаўнік ЕС па пытаннях замежных спраў і палітыкі бяспекі Петэр Стана.
«Колькасць палітвязняў у Беларусі цяпер дасягнула 1000
і працягвае расці. Гэтая ганебная вяха адлюстроўвае працяг рэпрэсій рэжыму
Лукашэнкі супраць уласнага насельніцтва. Акрамя таго, многія тысячы
пратэстоўцаў збеглі з краіны, каб пазбегнуць пераследу», — гаворыцца ў
заяве.
Петэр Стана падкрэслівае, што сёння ў Беларусі немагчымая
дзейнасць ні дэмакратычнай палітычнай апазіцыі, ні свабодных і незалежных СМІ.
Пры гэтым рэжым Лукашэнкі працягвае затрымліваць людзей, якія зазнаюць жорсткае
абыходжанне і катаванні. Людзям на палітычных працэсах, якія ідуць за
зачыненымі дзвярыма, прысуджаюць вялікія тэрміны зняволення.
Згадвае Стана і тое, што юрыдычная абарона палітвязняў
таксама стала небяспечнай: свае ліцэнзіі страцілі больш за 40 адвакатаў.
Ён заклікае беларускія ўлады выконваць міжнародныя
абавязанні ў рамках ААН і АБСЕ. «ЕС зноў заяўляе пра сваё патрабаванне
неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных», —
заяўляе прадстаўнік ЕС.
Паводле «Еўрарадыё».