ЗША склікаюць Раду бяспекі ААН з-за расійскіх войскаў ля межаў Украіны

Амерыканцы хочуць абмеркаваць у Радзе бяспекі ААН пагрозлівыя паводзіны Расіі ў дачыненні да Украіны і нарошчванне расійскіх войскаў на мяжы з Украінай і ў Беларусі.

_mileks_2021___armija__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo_1.jpg

ЗША папрасілі склікаць Раду бяспекі ААН па бягучым крызісе, звязаным з расійскімі войскамі ля межаў Украіны. Публічнае абмеркаванне гэтай тэмы ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку павінна адбыцца ў панядзелак, 31 студзеня.

ЗША і іх еўрапейскія саюзнікі асцерагаюцца ўварвання Расіі ва Украіну. Яны патрабуюць, каб больш за 100 тысяч расійскіх вайскоўцаў адышлі ад украінскай мяжы.

Вашынгтон таксама непакоіць вялікая колькасць расійскіх войскаў у Беларусі. Амерыканскія ўлады хочуць выкарыстоўваць міжнародную арэну як сродак аказання ціску на Маскву.

Місія ЗША ў ААН заявіла: "Паколькі мы працягваем нястомна займацца дыпламатыяй для зніжэння напружанасці перад тварам гэтай сур'ёзнай пагрозы еўрапейскаму і глабальнаму міру і бяспекі, Рада Бяспекі ААН — гэта найважнейшае месца для дыпламатыі".

Блізу ўкраінскай мяжы могуць знаходзіцца да 120 тысяч вайскоўцаў РФ

Раней у той жа дзень агенцтва dpa са спасылкай на звесткі заходніх спецслужбаў паведаміла, што Расія апошнім часам працягвала высокімі тэмпамі перакідваць вайскоўцаў да мяжы з Украінай і павялічыла кантынгент у памежных раёнах да 112–120 тысяч. Гэты паказчык не ўлічвае ўзброеныя сілы прарасійскіх сепаратыстаў ва ўкраінскім Данбасе, колькасць якіх ацэньваецца прыкладна ў 35 тысяч чалавек, адзначае dpa.

У другой палове 2021 года РФ перакінула ў анексаваны Крым і да мяжы з Украінай каля 100 тысяч вайскоўцаў пад выглядам правядзення вучэнняў. Захад падазрае РФ у намеры зноў уварвацца ва Украіну, але Крэмль адмаўляе наяўнасць падобных планаў.

Серыя перамоваў Расіі з ЗША, NАТO і Арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) не прынесла вынікаў. Захад пагражае Расіі беспрэцэдэнтнымі санкцыямі ў выпадку новага ўварвання ва Украіну, Расія ў сваю чаргу абвінавачвае краіны Захаду ва ўзбраенні Украіны і правядзенні манеўраў паблізу ад расійскіх межаў.

Паводле www.dw.com