Вайна магчымая, калі ўсе, хто кіруе дзяржавамі, раптам рэзка сталі ідыётамі?

Дык будзе вайна ці не? «Цяпер жа не 1941 год, не можа быць, каб хтосьці з палітыкаў рызыкнуў пакласці тысячы людзей. Проста ідзе гульня на вялікіх стаўках…», — лічыць генерал. Пытанне пра тое, ці распачнецца вайна, «Народная Воля» задала людзям у вялікіх пагонах.

Пётр Чавус, генерал-палкоўнік, міністр абароны Рэспублікі Беларусь у 1991-1992 гадах:

— Думаю, не будзе вайны. Захад проста прывык палохаць Расіяй і саму Расію, ім хочацца адарваць далей ад нас Украіну…

Усе войны баяцца гэтак жа, як і мы. Не дай Бог здарыцца вайна — нікому добра ад гэтага не будзе, усё пацерпяць.

Мне здаецца, не дойдзе да Трэцяй сусветнай. Таму будзем спадзявацца, што розум пераможа і ніякай вайны не будзе.

Павел Казлоўскі, генерал-лейтэнант, міністр абароны Рэспублікі Беларусь у 1992-1994 гадах:

— Настолькі супярэчлівая інфармацыя адусюль... Я і цяпер вось гляджу навіны. Зяленскі кажа: не трэба хвалявацца, вайны не будзе — і заклікае ўкраінцаў не панікаваць. У той жа час супрацоўнікі пасольстваў ЗША і Канады вывозяць з Кіева свае сем'і. Амерыканцы паўтараюць: сто тысяч рускіх на мяжы, яны будуць ваяваць. Нават малююць схемы наступу!

З усяго гэтага праглядаецца, што Украіна як быццам і не хоча ўвязвацца ў вайну з Расіяй, разумеючы, што лягчэй дакладна не будзе, а вось канец украінскаму суверэнітэту і цяперашняй уладзе можа прыйсці вельмі хутка.

Амерыканцам і Захаду вельмі хочацца ўцягнуць Расію ў вайну, зрабіць так, каб яна парушыла суверэнітэт і ўвязалася ў невялікае ўзброенае супрацьстаянне. Сусветная вайна сёння ні Захаду, ні амерыканцам не патрэбна. Скампраметаваць Расію, у чарговы раз назваць яе дзяржавай-агрэсарам, дзяржавай-тэрарыстам — гэта, падобна, сёння галоўная задача амерыканцаў і Захаду.

Нейкая правакацыя цалкам можа быць. Бо паглядзіце — амаль кожны дзень ва Украіну прылятаюць самалёты з зброяй з краін NАТO. Хоць, з іншага боку, прэзідэнт Харватыі на днях заявіў: як можна прымаць Украіну ў NАТO, калі яна адна з самых карупцыйных краін у свеце? Украінцы выказалі свой пратэст з гэтай нагоды. Нямеччына асцярожнічае, не хоча ўступаць у канфлікт з Расіяй. Справакаваць Расію на нейкі лакальны канфлікт і тут жа абрынуць на яе наймагутныя санкцыі — магчыма, усё разлічана на гэта.

Вялікая вайна давядзе да галечы і разрухі абсалютна ўсіх. Гэта нікому не трэба. На мой погляд, сёння многае залежыць ад таго, наколькі стрымана павядзе сябе Расія і не паддасца на правакацыі. У гэтым, на мой погляд, выхад.

Мірныя перамовы павінны быць. Вайна — гэта страшна... Мая сям'я і ўсе сябры мараць аб тым, каб не было вайны.

Ігар Азаронак, экс-камандуючы ВПС і войскаў СПА Беларусі:

— Я думаю, што гэта проста бразганне зброяй. І робіцца для таго, каб дасягнуць пэўных палітычных мэтаў на перамовах, якія вядуцца з Захадам. Таму і нагнятаюць абстаноўку з усіх бакоў. Але мне здаецца, што да гарачай фазы справа не дойдзе. Зараз жа не 1941 год, не можа быць, каб хтосьці з палітыкаў рызыкнуў пакласці тысячы людзей. Проста ідзе гульня на вялікіх стаўках…

Сямён Шапіра, генерал-маёр запасу, экс-старшыня Гродзенскага і Мінскага аблвыканкамаў:

— Я ніколі не думаў, што мір настолькі ўразлівы... Ніхто дакладна не ведае, будзе вайна ці не... Трэба абавязкова навучыцца жыць у міры і згодзе, проста жыць і радавацца кожнаму дню.

***

Погляд палітыка. Сяргей Калякін, старшыня Беларуская партыі левых «Справядлівы свет»:

— Падчас сустрэчы Байдэна і Пуціна прагучала, што ў вайне пераможцаў не будзе, таму яна сэнсу не мае.

На мой погляд, кіраўніцтва Украіны займае цвярозую пазіцыю, заяўляючы, што ніякай вайны не будзе. А ўсе вакол паўтараюць, што будзе.

У гісторыі, вядома, усякае бывала, але асабіста я не веру ў вайну. Вайна магчымая ў тым выпадку, калі ўсе, хто кіруе дзяржавамі, раптам рэзка сталі ідыётамі. У адваротным выпадку гэта проста самагубства. На пастаўках зброі, абмундзіраванні, ваенных замовах, транспарціроўцы зарабляюцца найвелізарныя грошы. Так было заўсёды. Пры гэтым яшчэ спрабуюць вырашыць нейкія геапалітычныя задачы, кагосьці запалохаць. Лічу, што гэта вялікія гульні, за якімі стаяць вялікія грошы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: