Аляксандра Герасіменя: Будзе свабоднай Украіна — зможа стаць свабоднай і Беларусь

Кіраўніца Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандра Герасіменя выступіла са зваротам да спартоўцаў, таму што спорт заўсёды быў за мір, а таксама да ўсіх беларусаў, украiнцаў і расiян з просьбай прыкласці намаганні дзеля захавання міру.

aljaksandra_herasimenja_1.jpg

«Два састарэлыя дыктатары — Пуцін і Лукашэнка, дзеля ўтрымання аднаасобнай улады могуць у любы момант развязаць крывавую братазабойчую вайну», — сказала Герасіменя.

Аляксандра Герасiменя ў сваім звароце да беларусаў, украiнцаў і расiян адзначыла, што «пакуль расійскае войска знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, мы можам казаць аб фактычнай акупацыі Беларусі».

— Шаноўныя сябры, беларусы, украінцы, расіяне!

Спорт заўсёды быў за мір. Захаванне міру і сяброўствы паміж народамі — гэта наша галоўная алімпійская місія.

Але сёння навісла самая сапраўдная пагроза свабодзе і міру на нашых землях. У рамах вайсковых вучэнняў каля межаў Украіны на тэрыторыі Беларусі і Расіі ўпершыню ў сучаснай гісторыі сканцэнтраваная вялікая колькасць войскаў. Два састарэлыя дыктатары — Пуцін і Лукашэнка, дзеля ўтрымання аднаасобнай улады могуць у любы момант развязаць крывавую братазабойчую вайну супраць Украіны і ўкраінскага народа. Цяпер гэта самая галоўная небяспека для нас усіх.

Адначасова пакуль расійскае войска знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі мы можам казаць аб фактычнай акупацыі Беларусі. Суверэнітэт Беларусі ўжо страчаны, баязлівец і хлус Лукашэнка канчаткова здаў Беларусь. Мы, беларусы, павінны гэта сёння прызнаць і неадкладна распачаць кампанію ў абарону незалежнасці і міру. Беларускія дыяспары за мяжой могуць адыграць вырашальную ролю ў гэтым працэсе, бо ў нас цяпер ёсць інтэлектуальныя, інфармацыйныя і матэрыяльныя рэсурсы для вызвалення нашай Бацькаўшчыны.

На жаль, тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца для пагрозы нашай брацкай Украіне новай вайной. У сувязі з гэтым, мы, беларускія спартоўцы і Фонд спартыўнай салідарнасці, выказваем падтрымку ўкраінскаму народу і аб'яўляем гатоўнасць зрабіць усё магчымае для абароны свабоды і незалежнасці Украіны. Будзе свабоднай Украіна — зможа стаць свабоднай і Беларусь. Усё залежыць толькі ад нас і нашых дзеянняў.

У жніўні 2020 года мы, спартоўцы, не сталі мірыцца з гвалтам і беззаконнем на беларускай зямлі. Мы змаглі ва ўвесь голас заявіць пратэст дыктатуры, і нас пачуў увесь свет. Наш учынак — гэта ўжо частка гісторыі.

Таму сёння мы павінны прадухіліць вайну. Мы заклікаем усіх беларусаў, украінцаў, расіян аб'яднацца і не даць праліць нашу кроў дзеля геапалітычных амбіцый. Таксама мы заклікаем у гэтую складаную хвіліну выказаць падтрымку брацкаму ўкраінскаму народу, які заўсёды выступаў за свабоду і незалежнасць Беларусі. Сёння ўкраінцы могуць упэўнена разлічваць на нашу салідарнасць, бо мы не застанёмся ў баку!

Таксама я звяртаюся да расійскіх спартоўцаў выкарыстаць увесь свой аўтарытэт, каб спыніць злачынную агрэсію, з-за якой будуць гінуць нашыя суайчыннікі. Мір будзе нашай галоўнай агульнай перамогай!