У NATO лічаць, што ўварвання Расіі не будзе, не хопіць салдат — СМІ

Крыніца ў NATO адзначыла, што для ўварвання ва Украіну Расіі патрабуецца сцягнуць значна больш войскаў, піша korrespondent.net.

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novychas_784_logo_1.jpg

У NATO лічаць, што Расія не плануе ўварванне ў Украіну. Пра гэта паведамляе Euractiv.

«Каб уварвацца ў такую вялікую краіну з такімі ўзброенымі сіламі (такімі, як цяпер ва Украіне. — Рэд.), вам патрэбныя ваенныя магчымасці, адрозныя ад тых, якія разгорнутыя ў цяперашні час», — заявіла крыніца выдання ў NATO.

Ён адзначыў, што паколькі Украіна не з'яўляецца чальцом альянсу, у NATO няма права на ваеннае ўмяшанне.

«Калі Расія дапусціць памылку, напаўшы на дзяржаву — сябра NATO, у нас будзе Трэцяя сусветная вайна», — сказала крыніца. І адзначыла, што ў NATO ёсць пэўныя маральныя абавязацельствы перад Украінай, у тым ліку ў дачыненні да санкцый супраць Расіі на выпадак ўварвання.


Зрэшты, падобную думку агучваў і беларускі ваенны эксперт Аляксандр Алесін, які адзначаў, што на вайну з Украінай у Расіі не хопіць салдат. «Украіну Расія таксама не можа акупаваць: у яе цяпер блізу 800-900 тысяч вайскоўцаў (разам з падводнікамі, ракетчыкамі і касманаўтамі). А калісьці мелася 5 мільёнаў — тады, вядома, можна было кінуць мільёнчык-другі на той ці іншы фронт. Зараз жа ў РФ, нягледзячы на ўсе заявы, проста вялікі недахоп вайскоўцаў, проста не хапае штыкоў»…

І нават Расія не здолее акупаваць Беларусь, бо дзеля Беларусі неабходна каля 250–500 тысяч вайскоўцаў, «гэта значыць, уся сухапутная армія Расійскай Федэрацыі». «У гады Вялікай Айчыннай вайны немцы трымалі тут да 900 тысяч чалавек. Думаю, Расія не пойдзе на такое, інакш уся гіганцкая сухапутная мяжа застанецца нічым не прыкрытая», — казаў Алесін.