У Маскве затрымалі расійскага апазіцыйнага палітыка Іллю Яшына
У Маскве паліцыя затрымала расійскага апазіцыйнага палітыка Іллю Яшына, паведаміла журналістка Ірына Баблаян. «Гулялі з маім сябрам Іллёй Яшыным у парку, у Хамоўніках. Падышлі паліцыянты і павезлі Іллю невядома куды», — напісала Баблаян у сваім тэлеграм-канале.
Пазней Ірына Баблаян паведаміла, што, па яе дадзеных, Іллю Яшына абвінавацілі ў непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўнікаў паліцыі (артыкул 19.3 КаАП РФ). Нібыта ён абражаў і лаяўся пры затрыманні, напісала журналістка, падкрэсліўшы, што гэта не адпавядае рэчаіснасці.
Ілля Яшын — адзін з нямногіх апазіцыйных палітыкаў, якія засталіся ў Расіі і адкрыта выступаюць супраць вайны з Украінай.
У траўні на Іллю Яшына склалі чатыры пратаколы па адміністрацыйным артыкуле аб «дыскрэдытацыі» расійскай арміі. «Наколькі я разумею, мне пагражае буйны штраф і ў перспектыве — крымінальны пераслед. Што ж, мая пазіцыя простая. Бегаць і хавацца ні ад каго не буду, ад слоў сваіх не адмоўлюся», — заявіў тады палітык. Пазней яго аштрафавалі на 90 тысяч рублёў па трох з чатырох пратаколаў.
Паводле «Медузы».