Хронікі рэпрэсій за 15 лістапада

Суды, затрыманні і карная псіхіятрыя. З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 15 лістапада. 

_kaljuczka___kraty___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg
  • Валерыя Яроцкага накіравалі на прымусовае лячэнне з-за паклёпу на Аляксандра Лукашэнку

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля накіраваў на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны стацыянар Валерыя Яроцкага,якога абвінавачвалі ў  паклёпе (арт. 188 Крымінальнага кодэкса) і паклёпе на Лукашэнку (ч.2 арт. 367 КК). Пастанову прыняў суддзя Віктар Казачак яшчэ 19 ліпеня, аднак падрабязнасці справы сталі вядомы праваабаронцам толькі цяпер.

Валерый Яроцкі — ураджэнец Жлобіна, неаднаразова з’яўляўся назіральнікам на выбарах ад БХК. У 2019 годзе Валерый стаў чэмпіёнам горада па шахматах, а яшчэ выйграў хуткі турнір у Асіповічах.

Па матэрыялах справы, Яроцкі адправіў у КДБ, МУС, пракуратуру і Цэнтральную камісію па выбарах і рэферэндумах рукапісныя і электронныя лісты, у якіх абвінаваціў Лукашэнку ў цяжкіх злачынствах. Падобныя лісты ён падрыхтаваў і ў дачыненні да аднаго з пракурораў Гомельскай вобласці. Што менавіта было ў тэкстах зваротаў, не ўдакладняецца.

  • Дацэнтка Наталля Дуліна мусіць адзначаць дзень нараджэння за кратамі

Наталля Дуліна — былая дацэнтка кафедры італьянскай мовы МДЛУ, сябра Каардынацыйнай Рады. 

Яна была затрымана на пачатку кастрычніка 2022 года ў межах крымінальнай справы за ўдзел у пратэстах (арт. 342 КК). Затрымлівалі яе мінімум шэсць сілавікоў. Да гэтага цягам года Наталлю затрымлівалі чатыры разы і судзілі паводле палітычна матываваных адміністрацыйных артыкулаў.

У сярэдзіне лістапада 2022 года стала вядома, што Наталлю таксама абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле ч.1 арт. 361-4 КК.

7 лютага 2023 года ў Мінскім абласным судзе пачаўся разгляд справы палітзняволенай. Працэс зрабілі закрытым. А 10 сакавіка суддзя Вікторыя Паляшчук прызначыла Наталлі Дулінай тры з паловай гады зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

  • Пачынаюць судзіць Юрыя Юрэню з-за «фінансавання дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання»

У Мінскім гарадскім судзе пачынаецца разгляд крымінальнай справы 58-гадовага Юрыя Юрэні, якога абвінавачваюць у «фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання»

Справу разглядае суддзя Святлана Чарапанава.

Юрый быў затрыманы 12 траўня разам з сынам нібыта за данаты. Ягоны сын, палітзняволены Віталь Юрэня, 10 ліпеня быў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пазней ён быў уключаны ў «Спіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

  • Суд у Оршы арыштаваў чыгуначніка за падпіскі ў Instagram

Суд у Оршы прызначыў 15 дзён арышту прыёмшчыку цягнікоў Ігару Туранскаму і канфіскаваў у яго тэлефон.

Суддзя Юлія Вяршыніна прызнала Ігара Туранскага вінаватым у распаўсюджванні «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (частка 2 артыкула 19.11 КаАП).

У Instagram чыгуначніка знайшлі падпіскі на «Люстэрка», «Еўрарадыё», «Радыё Свабода», «Белсат», «Чай з малінавым варэннем» і праект пра татуіроўку беларусаў «Беларусь на целе».

  • Сілавікі затрымалі жыхара Мінска за «экстрэмісцкую» татуіроўку

На «палонным відэа» яго прымусілі паабяцаць «пасля адбыцця пакарання» вывесці яе.

  • ГУБАЗіК затрымаў мужчыну, які нібыта пакінуў больш за 200 «абразлівых» каментароў

Сцвярджаецца, што затрыманы абражаў сілавікоў і прадстаўнікоў улады.

  • Палітзняволеную Алену Лазарчык у чарговы раз змясцілі ў ШІЗА

Пра гэта стала вядома праваабаронцам.

Нагадаем, актывістцы «Еўрапейскай Беларусі» прысудзілі 8 гадоў калоніі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Вядома, што Алена ў калоніі мае праблемы з зубамі, яна схуднела. Раней ужо паведамлялася, што жанчыну змяшчалі ў ШІЗА.