Польшча пачала масава адмаўляць беларусам у турыстычных візах. У чым справа?

Польшча раптам пачала масава адмаўляць беларусам у адкрыцці візаў для дзелавых і турыстычных паездак, ёсць адмовы і па іншых відах візаў. Пра гэта «Люстэрку» расказала аналітык маніторынгавай групы visastat.online. Прычым яшчэ некалькі дзён таму сітуацыя была адваротнай, і беларусам удавалася атрымаць шэнген для ўезду ў суседнюю краіну ЕС. Што змянілася цяпер і з чым звязаная гэтая праблема?

shengen_2_logo.jpg.webp

Як расказала аналітык праекта Анастасія Лысакоўская, з 14 верасня беларусы пачалі масава атрымліваць адмовы па дзелавых і турыстычных візах. Радзей не ўдаецца аформіць візу для рабочых і культурных паездак.

— Калі культурныя візы не маюць вялікага статыстычнага значэння ў польскім візавым трафіку, то працоўныя, дзелавыя і турыстычныя — наадварот, значнае. У нас няма дакладнай інфармацыі пра глыбінныя прычыны масавых адмоваў, але, імаверна, гэта звязана з візавым скандалам у польскім МЗС. Калі гэта так, меркаваць, што сітуацыя будзе паляпшацца, цяпер у нас падставаў няма. Бо скандал вялікі і, хутчэй за ўсё, будзе працяглым. Мы таксама назіраем збоі ў працы візавых цэнтраў, яны звязаныя з прыпыненнем працы і змяншэннем колькасці датаў.

Адмовы атрымліваюць і фізічныя асобы, і буйныя кампаніі, чые супрацоўнікі ездзяць у Польшчу па працоўных пытаннях. Датычыць гэта ў тым ліку і айцішнікаў. У visastat.online лічаць, што рэч «не ў якасці падрыхтоўкі дакументаў і не ў пераканаўчасці мэтаў паездкі». Таксама ў праекце адзначаюць, што ў многіх, хто падаваў дакументы, ужо былі не проста забраніраваныя, а аплачаныя гатэлі.

— Прыём дакументаў на польскі турызм пачаўся без афіцыйнага абвяшчэння, нідзе нельга было паўнавартасна атрымаць інфармацыю наконт працэсу падачы і патрэбных дакументаў. Людзі падаваліся ўсляпую, грунтуючыся на практыцы, якая была ў 2019 годзе і раней. У выніку мы назіраем поўны рандом адмоваў. У прыватнасці, нават калі чалавек браніруе і цалкам аплачвае паездку ў Польшчу, падае дакументы на турызм — і атрымлівае адмову. Але выразнага разумення, чаму так адбываецца, у нас няма. Мы гэта прымаем як факт, і пад адмову можа трапіць любы. Сярод такіх людзей ёсць тыя, хто раней ужо атрымліваў шматразовыя візы, і тыя, у каго іх не было наогул.


Глядзіце таксама

Тыя, каму ўсё ж удаецца атрымаць не пусты пашпарт, — уладальнікі аднаразовых турыстычных візаў. Шматразовых турыстычных з пачатку аднаўлення выдачы ў Польшчы, адзначае Лысакоўская, прадстаўнікі праекта не заўважалі. Што цяпер рабіць беларусам, якія плануюць падавацца на шэнген? Можа, не спрабаваць рабіць гэта праз Польшчу? Аналітыкі раіць не бяруцца.

— Каб быў нейкі план дзеянняў ці можна было даць параду, трэба абапірацца на статыстыку паўторных падач. Мы пакуль на ведаем, наколькі Польшча будзе лаяльная да паўторных зваротаў пасля нядаўняй адмовы, але цяпер сітуацыя многіх заяўнікаў сапраўды палохае. Большая частка з іх, паводле маіх назіранняў, аддалі б перавагу таму, каб памяняць краіну для новай падачы. Гэта ж мы бачым па маніторынгу чатаў і, скажам так, логіцы візавага спажывання. У тэорыі можна падаць апеляцыю, але невядома, да чаго гэта цяпер прывядзе.

Паводле Лысакоўскай, менш станоўчых рашэнняў пачалі прымаць і іншыя краіны, але гэта, хутчэй, тыповая сезонная практыка.

— Дынаміка адмоваў ёсць па грэцкіх візах, але гэта чаканы статыстычны паварот: Грэцыя традыцыйна для восені пачынае даваць менш візаў, бо заканчваецца турыстычны сезон. Летась у гэты час даходзіла да 70% адмоваў. Наступнай у гэтай статыстыцы ідзе Іспанія. Але масавыя рэзкія адмовы цяпер мы бачым толькі па польскіх візах. З прычыны ўсяго вышэйсказанага мы назіраем ажыятажны рост на візы іншых краін, куды падацца таксама няпроста.

Той самы візавы скандал разгаэўся ў Польшчы на пачатку верасня, калі ў мясцовых медыя была апублікавана інфармацыя пра тое, што ўлады краіны масава выдаюць візы мігрантам, у тым ліку з краін Азіі і Афрыкі. Пры гэтым, як паведамлялася, на ўзроўні МЗС для гэтых мэтаў выкарыстоўваюцца карупцыйныя схемы. Правячая партыя абвергла гэтыя звесткі, а апазіцыя наадварот пачала іх усяляк пашыраць. 15 кастрычніка ў Польшчы пройдуць парламенцкія выбары.