Беларусь пакідаюць кваліфікаваныя кадры, да паловы з іх — з-за палітыкі

Міграцыя з Беларусі ў знаходзіцца на пікавых значэннях за ўсю сучасную гісторыю краіны — такі трэнд у сваім даследаванні зафіксаваў дырэктар Інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. Даследаванне аб міграцыі беларусаў у Германію, Латвію, Літву, Польшчу і Эстонію да і пасля 2020 года палітолаг прэзентаваў падчас XI Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, які прайшоў у Гданьску.

_belarus_minsk_zniven_2022_ljudzi_zyccjo_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo.jpg

Найбольшая шчыльнасць беларусаў — у Літве

Цікавасць да даследаванняў дыяспары моцна вырасла пасля 2020 года, раней падобных сістэмных даследаванняў міграцыі беларусаў практычна не было. «Пасля 2020 года было шмат дыскусій наконт таго, колькі беларусаў пакінула краіну. Таму мы вырашылі запусціць гэты цыкл даследаванняў, каб разумець, як ідуць міграцыйныя працэсы. Тым больш, што ніколі раней такога культурнага і палітычнага ўплыву дыяспары на працэсы ў Беларусі не назіралася», — прыводзіць DW развагі Андрэя Казакевіча на прэзентацыі ў Гданьску.

Вывучалі міграцыю ў пяць краін: Германію, Латвію, Літву, Польшчу і Эстонію. Даныя, па словах палітолага, збіралі з афіцыйных крыніц і ад дзяржорганаў кожнай краіны. «Акрамя таго, мы звярталіся ў іншыя агенцтвы, напрыклад, у службу занятасці, каб атрымаць інфармацыю пра беларусаў на рынку працы», — патлумачыў Казакевіч. Даныя ў даследаванні прыведзены на канец 2022 года.

Калі глядзець на шчыльнасць пражывання беларусаў, то Літва лідзіруе з вялікім адрывам — 17 чалавек на тысячу насельніцтва ў Літве. «Толькі ў Літве беларусы маюць сур'ёзную долю ў міграцыі, каля 40 працэнтаў ад усіх мігрантаў. На такім фоне становяцца зразумелымі апошнія дыскусіі ў Літве, маўляў, беларусы не так разумеюць гісторыю. Беларусы рэальна прыкметныя ў гэтай краіне», — тлумачыць палітолаг.

У Польшчы паказчык шчыльнасці беларусаў — 5,8 на тысячу насельніцтва, у Эстоніі — 2,3, у Латвіі — 1,4, а ў Германіі — 0,3. На канец 2022 года ў Польшчы жыло 200 тысяч беларусаў, у Літве — 48 тысяч, у Германіі — 28 тысяч.

Лічбы на гістарычным максімуме

Андрэй Казакевіч падкрэслівае, што ва ўсіх краінах дынаміка міграцыі пазітыўная, а лічбы знаходзяцца на гістарычных максімумах. «Цяпер мы назіраем пік знешняй міграцыі, і гэта новы феномен для сучаснай Беларусі. Самы паказальны рост у Літве: да 2017 года тут пражывала 5-6 тысяч беларусаў, а ў 2023 годзе — каля 60 тысяч, рост у 12 разоў».

Акрамя таго, даследаванне паказала, што рост колькасці мігрантаў пачаўся не пасля 2020 года, як усе мяркуюць, а пасля 2017 года. «Гэта асабліва відаць па Польшчы і Літве, і звязана з эканамічнымі праблемамі ў Беларусі, а таксама са спрашчэннем доступу на рынак працы для пэўных катэгорый работнікаў з Беларусі», — тлумачыць палітолаг.

opera_snimok_2023_09_27_143820_www.dwelle.eu.png

Пасля 2020 з'ехала 180 тысяч?

Гаворачы аб міграцыі пасля 2020 года, Андрэй Казакевіч адзначае, што дакладныя лічбы пазначыць цяжка, але можна зафіксаваць калідоры гранічных значэнняў. Паводле яго ацэнак, з краіны пасля 2020 года з'ехала каля 180 тысяч чалавек. У Літву — ад 19 да 24 тысяч, у Польшчу — 120-140 тысяч, каля паўтары тысячы прыпадае на Латвію і Эстонію, а ў Германію пасля 2020 года пераехала каля 4-5 тысяч беларусаў.

Што тычыцца тых, хто пераехаў менавіта па палітычных прычынах, дакладнай статыстыкі, па словах Казакевіча, няма. «Не заўсёды зразумела, што лічыць “палітычнай міграцыяй”, акрамя таго, не ўсе краіны даюць гуманітарныя ВНЖ або падаюць статыстыку па гуманітарных ВНЖ», — кажа палітолаг. Паводле экспертнай ацэнкі, заснаванай на інтэрв'ю з арганізацыямі, якія працуюць з мігрантамі, палітычнымі можна лічыць ад 30 да 50 адсоткаў тых, хто з'ехаў. «Траціна — гэта тыя, хто сапраўды быў пад пагрозай, а палова — тыя, хто перастрахаваліся», — кажа палітолаг.

У астатніх, як распавёў Казакевіч, былі альбо эканамічныя, альбо змяшаныя прычыны для ад'езду.

70% беларускіх мігрантаў у Германіі — жанчыны

Як паказала даследаванне, Германія не з'яўляецца папулярнай краінай для эміграцыі беларусаў. На канец 2022 года ў краіне жыло каля 28 тысяч беларусаў (без уліку тых, хто ўжо атрымаў нямецкае грамадзянства).

Пасля 2020 года ў Германію з РБ з'ехала параўнальна невялікая колькасць чалавек (4-5 тысяч), з іх 2 тысячы — па палітычных прычынах. «Магчыма, далей лічбы будуць расці, але ў Германію беларусам складана трапіць», — кажа аўтар даследавання.

ФРГ вылучаецца сярод іншых доследных краін па некалькіх параметрах. Так, у Германіі найбольшы адсотак беларусаў-мігрантаў (56,9%) мае сталы від на жыхарства (СВЖ), для параўнання: у Літве з ПМЖ жыве толькі 5% беларусаў, а ў Польшчы — 16,5%. Акрамя таго, Германія лідзіруе па колькасці мігрантаў-жанчын. Доля жанчын сярод мігрантаў з Беларусі складае 70%, у Польшчы і Літве — каля 25-30%.

«Гэтая сітуацыя ў цэлым характэрная для Заходняй Еўропы. Ёсць міграцыя па сямейных абставінах, жанчыны выходзяць замуж. Але і адсотак студэнтак у Германіі таксама 70%. Трэба таксама ўлічваць структуру занятасці, у Польшчы і Літве больш будаўнікоў, у той час як у Германіі сярод беларусаў шмат лекараў і медсясцёр», — кажа даследчык.