Беспрацоўе існуе, а працаваць няма каму: Як гэта і прычым тут мігранты?

Калі нам кажуць, што мігрантам няма альтэрнатывы — то гэта няпраўда. Такая палітыка — справа выбару грамадства і палітычнага кіраўніцтва кожнай канкрэтнай краіны, разважае ў сваім тэлеграм-канале журналіст і публіцыст Віталь Цыганкоў.

343104855_192000429860092_8446507050008625342_n.jpg

Пра мігрантаў стратэгічна. Калі не браць слязліва-эмацыйнага аспекту, якім нас любяць карміць з усіх бакоў, то стратэгічна і гістарычна мігранцкая тэма выглядае наступным чынам.

Мігранты найперш патрэбны бізнесу і карпарацыям у першым свеце, каб зніжаць свае выдаткі і павялічваць прыбытак. Пошук таннай рабочай сілы адбываецца ў двух кірунках: вынас вытворчасцей за межы багатых краін і запрашэнне таннай рабочай сілы ў гэтыя краіны.

Мігранты — гэта дэмпінг на рынку працы, ім не трэба плаціць поўны сацыяльны пакет, іх лягчэй звольніць, яны не ствараюць прафсаюзы, яны нярэдка адчуваюць сваё хісткае юрыдычнае становішча і ідуць на любыя кампрамісы. Як распавядаў мой сябра з Каліфорніі, «прыходзіш на месца нефармальнай «біржы працы», там стаяць мексіканцы, дамаўляешся пра цану і бярэш іх на адзін дзень на працу. Плаціш ім наяўныя, без падаткаў, без сацыяльных выплат — усе задаволеныя».

Менавіта мігранты ва ўсіх краінах першага свету выконваюць фактычна ўсе малакваліфікаваныя працы. Вы калі-небудзь маглі ўбачыць, напрыклад, у Германіі прыбіральшчыка-немца ці немку? Даўно не бывае такіх.

Дарэчы, мала хто звяртае ўвагу на гэты псіхалагічны і маральны аспект. Дзякуючы наплыву мігрантаў мясцовыя людзі ад нараджэння ўжо прымаюць як зададзенасць, што праца дастаўшчыка, прыбіральшчыка,  чорнарабочага, грузчыка — гэта не для іх, «белых людзей». Гэта для мігрантаў. Беспрацоўе існуе, а працаваць няма каму. Гэта як? А проста мясцовыя ўжо не хочуць працаваць на некаторых «цяжкіх» працах. Збіраць ураджай і разгружаць прадукты ў супермаркетах — для гэтага мігранты ёсць.

Як гэта ўплывае на працоўную этыку ў «мясцовых» — самі здагадайцеся. Скажам мякка, працоўная этыка размываецца, расце неадэкватнасць самаацэнкі, калі чалавек проста па факце свайго паходжання ўжо чакае ад працадаўцаў больш, чым дазваляюць яго прафесійныя кампетэнцыі.

Існуе даволі шмат эканамічных аналізаў пра ўплыў мігрантаў, пра гэта пісалі і Нобелеўскія лаўрэаты ў эканоміцы, і проста папулярныя эканамісты. Памятаю, нейкі час я захапіўся і некалькі дзён чытаў шмат такіх публікацый, спрабуючы разабрацца.

Калі коратка, то выснова такая: так, мігранты патрэбны бізнесу, бо для яго галоўнае — зменшыць выдаткі і атрымаць больш прыбытку. І так, мігранты сваёй таннай працай даюць пэўны штуршок эканоміцы, але разам з тым вялікая іх колькасць не спрыяе інавацыям і новым тэхналогіям. Бо «два солдата из стройбата заменяют экскаватор».

Уводзіць інавацыі, механізацыю ручной працы даволі складана і дорага — замест гэтага часам прасцей наняць танных мігрантаў. 

Што мы ў выніку маем? Некаторыя эканамічныя даследаванні кажуць, што паводле набору паслуг і тавараў, якія можа набыць хатняя гаспадарка, 1960-я гады ў ЗША і Еўропе былі найлепшыя. То-бок тады сярэдняя хатняя гаспадарка (той самы сярэдні клас) была больш заможная, чым цяпер. Нярэдка працаваў толькі муж, і яго заробку хапала ўтрымліваць асобны дом і сям’ю з дзецьмі.

З таго часу дэ-факта дабрабыт сярэдняга класа зменшыўся, адначасова няроўнасць у даходах расце ў геаметрычнай прагрэсіі: багатыя багацеюць, а сярэдні клас альбо застаецца на тым самым узроўні, альбо памяншаецца, вымываецца.

Усё гэта з-за мігрантаў? — іранічна спытаеце вы. Вобразна кажучы — так. Бо гэта вынік глабалізацыі рынку працы, калі бізнес не турбуецца інтарэсамі грамадзян сваёй краіны і вырашае, што лепш ужываць танную працоўную сілу з краін трэцяга свету: альбо вынесці туды вытворчасць, альбо паспрыяць з’яўленню таннай працоўнай сілы ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы.

Калі нам кажуць, што мігрантам няма альтэрнатывы — то гэта няпраўда. Такая палітыка — справа выбару грамадства і палітычнага кіраўніцтва кожнай канкрэтнай краіны.

Па-першае, сама Еўропа някепска спраўлялася без мігрантаў у 1950-1960-я, калі ВУП і даходы раслі рэкорднымі тэмпамі.

Па-другое, якая самая тэхналагічная краіна ў свеце, паводле агульнага прызнання? Японія. І там амаль ніякіх мігрантаў. (Якое супадзенне).

Так, у Японіі былі і ёсць пэўныя цяжкасці з эканамічным ростам (урэшце, як ва ўсіх развітых краін), але яны вырашылі, што стратэгічна праблемы ад наяўнасці вялікай колькасці мігрантаў будуць значна большыя. Японія застаецца на 98 працэнтаў монаэтнічнай дзяржавай і неяк не дэградавала, нягледзячы на ідэалагічныя заклінанні, што толькі этнічная разнастайнасць — адзіны прымальны шлях у сучасным грамадстве.

Ёсць і польскі варыянт, калі краіна ахвотна прымае мігрантаў з культурна блізкіх Украіны і  Беларусі і не прымае з тых рэгіёнаў свету, адкуль людзі могуць мець відавочныя праблемы з інтэграцыяй у польскае грамадства.