Залегчы на дно ў Ёцэвічах vs працаваць за мяжой?

Што выбера малады амбітны журналіст — панурую фармальную адпрацоўку ў ёцэвіцкай раёнцы ці хоць якую блізкую да профільнай працу за мяжой? А лекар? А менеджар? А лагістык? Пра выбар без выбару разважае на сваёй  старонцы  ў фэйсбуку Лявон Вольскі

_harodnja_park_zylibera_i_pobacz_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg


Ёсць розныя краіны. Адны маюць рэспектабельны джэнтльменскі набор: дзяржаўную патрыятычную моладзевую арганізацыю, дзяржаўны прафсаюз, дзяржаўныя прадпрыемствы, якія вырабляюць розную прадукцыю — ад лёгкай да цяжкай, дзяржаўныя адукацыйныя ўстановы, пасля якіх ты, натуральна, мусіш адпрацаваць на дзяржаву пэўны тэрмін. Гэта называецца «размеркаванне». Ці то адпрацоўка.

Вось ты прагнеш быць журналістам, паступаеш, вучышся, уяўляеш сябе якімсьці Хантэрам Томпсанам ці то Мікітам Мелказёравым, майстрам вострага рэпартажу ці актуальнага інтэрв’ю, а пасля навучання трапляеш у ёцэвіцкую раёнку, дзе трэба два гады пісаць захопленыя «навіны з палёў» пра гераічную працу камбайнераў і ўсякія надоі-бітвы за ўраджай — высокія паказальнікі... 

І камандуе табой рэдактар у шэрым гарнітуры з шэрым тварам і пагаслым позіркам. Ён адразу сваім шэрым голасам інфармуе цябе пра мэты і задачы твайго двухгадовага (ясна, што болей ты тут «працаваць» не будзеш) ёцэвіцкага існавання, пра недапушчальнасць усялякае ініцыятыўнасці і «творчых праяваў». 

Трэба проста выконваць пастаўленую задачу. Табе паказваюць тваё новае «жытло маладога спецыяліста» — пакой у інтэрнаце (добра, калі без суседзяў). Там нядаўна зрабілі рамонт. Паклеілі новыя шпалеры з кветкавым арнаментам, пафарбавалі падлогу «палавой фарбай». У прыбіральні (яна на калідоры) зафарбавалі іржу і цвіль. «Вось, — гаворыць рэдактар, — жыві і радуйся».

І ты залягаеш на дно ў Ёцэвічах. На доўгія два гады. І невядома, якім ты выплывеш з гэтага «дна» і ці выплывеш наогул.

Ці то ты ігнаруеш Ёцэвічы, раёнку, сельскія будні ды ўсе гэтыя бітвы за ўраджай і ўсплываеш у Варшаве ці Вільні ў нейкім незалежным медыя, а тваіх бацькоў улады дзяўбуць: «Заплаціце за навучанне вашага дзіцяці ў нашым выдатным універсітэце кругленькую суму!».

У Еўропе толькі адна такая краіна...

Глядзіце таксама


Ёсць такія краіны — дзе дзяржаўны прафсаюз, які ў спрэчках паміж працоўным чалавекам і дзяржавай заўжды стане на дзяржаўны бок. Дзе моладзевая арганізацыя будзе праводзіць нудныя бляклыя мерапрыемствы для галачкі, а ейныя кіраўнікі зробяць імклівую кар’еру. Дзе прадпрыемствы будуць працаваць «на склад» і атрымліваць ад дзяржавы пастаянныя спонсарскія датацыі. Дзе пасля вучобы ты мусіш прайсці цяжкае выпрабаванне пад назваю «размеркаванне». Ёсць такія краіны.

Нават «краіны» — гэта занадта гучна. У Еўропе толькі адна такая краіна з размеркаваннем. РБ. І вось як увялі, дакладней, вярнулі гэтую савецкую завядзёнку ў 2011-м, так і працягваецца да сёння. Дый яшчэ хочуць павялічыць тэрмін прыгоннае адпрацоўкі. Вырашаюць — колькі? 5 гадоў? 10? І «платнікам» таксама трэба адпрацоўваць, а то — хітранькія, добра ўладкаваліся!

А ёсць краіны, дзе няма ніякага размеркавання. І нічога, людзі вучацца і працуюць. І не трэба біцца за ўраджай, яго проста збіраюць. І не трэба рэкордных надояў — і так усё ў парадку. І прадпрыемствы жывуць паводле законаў здаровае канкурэнцыі. І нідзе няма калгасаў-саўгасаў з абавязковымі гумовымі ботамі, толькі ў нас. І чамусьці нідзе без калгасаў не загнулася сельская гаспадарка — усё расце на фермах, на палях, плантацыях і ў цяпліцах.

І што выбера малады амбітны журналіст — панурую фармальную адпрацоўку ў ёцэвіцкай раёнцы ці хоць якую блізкую да профільнай працу за мяжой? А лекар? А менеджар? А лагістык?

Насамрэч няма чаго тут абмяркоўваць. Усё абсалютна зразумела.

Хачу толькі пажадаць вам як найхутчэй дажыць да тых часоў, калі ўсе гэтыя разьмеркаваньні-адпрацоўкі, раёнкі, датацыйныя прадпрыемствы, калгасы-саўгасы забудуцца як страшны сон.