Беларусь ці Германія: Дзе адукацыя сапраўды «бясплатная»?

Бясплатная вышэйшая адукацыя існуе не толькі ў Беларусі. У Германіі, напрыклад, кожны — нават беларус — можа вучыцца ў ВНУ бясплатна, і пры гэтым не быць нічым абавязаным дзяржаве,  пішуць  «Беларусы і рынак».

germany_4_1_logo.jpg

У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прапісана магчымасць кожнага атрымаць на конкурснай аснове адукацыю бясплатна. Тым не менш на самай справе за навучанне ў ВНУ нашай краіны ўсё ж даводзіцца плаціць – альбо грашыма, альбо працай.

Хоць чыноўнікі лічаць, што абавязковая адпрацоўка — гэта бясцэнны вопыт, а вяртанне грошай — не такое цяжкае, як плата за навучанне ў капіталістычных краінах. 

Выказванні ў такім духу гучалі на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы, якая прайшла нядаўна.

Ці бывае адукацыя па-сапраўднаму бясплатная?

Сайт «Беларусы і рынак» вырашыў высветліць, ці сапраўды толькі ў нашай краіне ёсць такая сацыяльная карысць, як бясплатная (ну ці хаця б, па выразе міністра Андрэя Іванца, «паўплатная») вышэйшая адукацыя. З гэтым пытаннем журналісты звярнуліся да нямецкага прафесара эканомікі з беларускімі каранямі, доктара Вышэйшай школы Мітвайда Сяргея Вялеські.

Аказалася, што ў Германіі вышэйшая адукацыя абсалютна бясплатная для ўсіх.

«Ёсць прыватныя ВНУ — яны платныя. У дзяржаўных ВНУ бываюць платныя праграмы, звычайна магістарскія, але гэта рэдкая з'ява. У цэлым у Германіі вышэйшую адукацыю можна атрымаць бясплатна», — сцвярджае Сяргей Вялеська.

Аказваецца, не толькі нямецкія студэнты не плацяць ніякіх «шалёных грошай» за навучанне. Але нават беларусы маюць права вучыцца ў нямецкіх універсітэтах абсалютна бясплатна.

«Германія не адрознівае людзей па пашпарце, няма ніякай дыскрымінацыі, будзь ты хоць з Месяца. Варта толькі ўлічваць, што ёсць праграмы без уступных экзаменаў – яны не абмежаваныя па колькасці месцаў, а ёсць праграмы з конкурсам, і ў іх бываюць квоты па колькасці замежнікаў», — адзначыў прафесар.


Што нямецкія «бюджэтнікі» вінаватыя дзяржаве?

У Мінску на згаданай нарадзе чыноўнікі вырашылі, што грамадзяне ў недастатковай меры аддаюць свой абавязак перад дзяржавай, якая дала ім універсітэцкую адукацыю. Таму «платнікаў» вырашылі таксама абавязаць адпрацоўваць па размеркаванні, а «бясплатнікам» – падоўжыць тэрміны абавязковай адпрацоўкі. 

Аляксандр Лукашэнка даручыў вертыкалі «акуратна інфармаваць насельніцтва», што тэрміны размеркавання будуць павялічвацца.

А што ж нямецкая дзяржава патрабуе наўзамен ад атрымальнікаў бясплатнай адукацыі? Кароткі адказ — нічога. Няма адпрацовак і не прапісаныя выпадкі, калі былы студэнт абавязаны пакрыць дзяржаве грошы, выдаткаваныя на яго навучанне.

Але як у такім выпадку дзяржава матывуе свае выдаткі на навучанне такой велізарнай колькасці людзей?

«Дзяржава зацікаўленая прадастаўляць адукацыю, таму што пасля яе атрымання верагоднасць таго, што чалавек акажацца без працы, значна менш. Гэта простая статыстыка. Ёсць яшчэ іншая статыстыка: нават калі замежныя альбо нямецкія студэнты, якія атрымалі бясплатную адукацыю, з'едуць у іншыя краіны, верагоднасць таго, што яны будуць супрацоўнічаць з Германіяй і рабіць бізнес, звязаны з Германіяй, вышэйшая», — патлумачыў Сяргей Вялеська.

«Я сам атрымаў у Нямеччыне бясплатную адукацыю і я цяпер жыву і працую ў гэтай краіне. За ўвесь гэты час я сваімі падаткамі прафінансаваў, напэўна, чалавек трыста бясплатных студэнтаў, можа і больш. А калі ўлічваць тое, што я прыўнёс сваім бізнесам і выкладчыцкай дзейнасцю, то гэта, напэўна, вылічаецца некалькімі тысячамі бясплатных месцаў ва ўніверсітэтах», — мяркуе эканаміст.


Адкуль растуць ногі

Напрыканцы журналісты спыталі Сяргея Вялеську, як ён ставіцца да ідэі павысіць доўг, які выпускнікі ВНУ павінны аддаць дзяржаве.

«Ногі гэтага рашэння растуць з праблем у дэмаграфіі. Ёсць пытанне, як зрабіць так, каб маладыя людзі заставаліся ў краіне. І я разумею, што калі ўсе абмежаванні зняць, то знойдуцца краіны, больш прывабныя для маладых беларусаў з пункту гледжання перспектыў. Ці будзе такая рэпрэсіўная мера дзейсным рашэннем праблем? Калі б мяне спыталі ў якасці кансультанта, я, напэўна, прапанаваў бы нейкія іншыя варыянты вырашэння праблемы», — адказаў эксперт.