Навінкі — месца, у якое лепш не трапляць. Асабліва калі ты палітвязень
Палітзняволеных з дэпрэсіяй ці іншым разладам псіхікі часта адпраўляюць на судова-псіхіятрычную экспертызу, ад якой, бывае, залежыць прысуд. Палітвязні, якія пабывалі ў «Навінках», расказваюць, што гэта такое.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
У прыбіральню можна не пазней за 9 вечара і толькі ў суправаджэнні — палітвязні расказваюць «Медыязоне», як праходзілі судова-псіхіятрычную экспертызу ў «Навінках». Яна вызначае, адэкватны чалавек ці пакутуе на псіхічныя захворванні. Вынік можа паўплываць на прысуд.
Чаму могуць адправіць на псіхіятрычную экспертызу
Асуджаная па «справе Зэльцэра» Марына даведалася пра судова-псіхіятрычную экспертызу, калі апынулася ў СІЗА. Да затрымання яна назіралася ў псіхатэрапеўта праз трывожна-дэпрэсіўны разлад. Папрасіць экспертызу ёй параіў турэмны лекар.
Псіхіятрычную экспертызу праводзяць, каб высветліць, ці адэкватны чалавек і ці няма ў яго псіхічных расстройстваў. Вынікі экспертызы могуць паўплываць на меру стрымання (яе могуць змякчыць, напрыклад, з утрымання пад вартай на хатні арышт) і нават на прысуд.
Хадайнічаць аб экспертызе могуць як абвінавачаныя, так і бок следства. Пра гэта «Медыязоне» распавёў былы кіраўнік медслужбы Дэпартамента выканання пакаранняў і праваабаронца «Тайм-АКТ» Віталь Завадскі. Могуць быць зададзены дадатковыя пытанні: не толькі наконт адэкватнасці і разладу, але і пра эмацыйны стан падазраванага перад злачынствам.
Глядзіце таксама

Следчы адправіў на псіхаэкспертызу былую палітзняволеную журналістку Вольгу Класкоўскую. Гэта адбылося ўжо ў калоніі: пасля таго, як супраць Класкоўскай завялі новую крымінальную справу.
Правесці экспертызу збіраліся на месцы: у калонію прыйшоў псіхіятр і папрасіў Класкоўскую адказаць на некалькі пытанняў. Вольга адмовілася, патлумачыўшы, што незаконна асуджана і лічыць правядзенне экспертызы карнай псіхіятрыяй.
— Следчы Мілеўскі тады раззлаваўся і кажа: «У такім выпадку вы паедзеце на экспертызу ў «Навінкі». Мы вас пракацім па ўсёй Беларусі». — «Выдатна. Даўно хацела выехаць з Гомельскай калоніі». Вось і везлі мяне туды два тыдні, — расказвае Вольга.
Яе, як і Марыну, асуджаную па «справе Зэльцэра», адвезлі на экспертызу ў РНПЦ псіхічнага здароўя.
Экспертызу могуць прызначыць нават у рамках адміністрацыйнай справы
Прайсці экспертызу можна і амбулаторна — так здарылася з Іванам. У 2020 годзе хлопца двойчы судзілі па адміністрацыйных артыкулах — выйшаў з «сутак» і быў затрыманы. У пратаколе напісалі, што ён «буяніў і спрачаўся з супрацоўнікамі».
Глядзіце таксама

На судзе адвакат папрасіў прызначыць Івану псіхіятрычную экспертызу — тады ён лячыўся ад дэпрэсіі, назіраўся ў лекара і прымаў лекі. Пасяджэнне перанеслі, а хлопца адпусцілі дадому, абавязаўшы прыехаць ва ўпраўленне судова-псіхіятрычных экспертыз на Каменнай Горцы.
— Было вельмі страшна, я сабраў з сабой велізарную торбу з рэчамі на выпадак затрымання. Там я размаўляў з маладой жанчынай-псіхолагам. Яна пытала наогул пра мой стан і пра тое, што адбывалася ў РУУСе. Прычым мне падавалася, што яна мне верыць наконт таго, што ўсё было не так, як у пратаколе, — згадвае Іван.
Псіхолаг сказала, што далей яго дакументы вывучыць лекар, ён і адправіць у суд заключэнне. Вынікаў сваёй псіхіятрычнай экспертызы Іван не бачыў і не ведае, ці паўплывала яна на рашэнне суда
— Думаю, адвакат разумеў, што наўрад ці мне гэта чымсьці дапаможа. Думаю, гэта быў такі спосаб даць мне пабыць на волі. У выніку справу адклалі праз парушэнні — было некалькі сведак, і яны гаварылі розныя рэчы.
Месяц у палаце без унітаза і сусед-забойца. Стацыянар
Вольга Класкоўская называе ўмовы ў палаце спецаддзялення «жудаснымі». «Там не было ўнітаза і ракавіны. Нават у ШІЗА і ПКТ ёсць, прабачце, параша. І кран з вадой абавязкова», — кажа яна.
Разам з Вольгай у палаце было яшчэ двое чалавек. Жанчын суправаджалі ў прыбіральню: выходзіць можна было раз на дзве-тры гадзіны з 6-й раніцы да 9-й вечара.
— Я ўчыніла скандал. Прыбеглі санітары, міліцыя. Там вельмі шмат міліцыі, пасты ўсюды. І я спытала: «А вы лічыце гэта нармальным наогул? Куды мне ісці ў туалет? Гэта катаванні».
Пасля гэтага ў палату прынеслі вядро і пластыкавыя бутэлькі, каб набіраць ваду з ракавіны.
Марыну не бянтэжылі такія ўмовы: у СІЗА было горш, кажа яна. А ў «Навінках» — мяккія матрацы і можна спаць, колькі захочацца. Маме Марыны ўдалося перадаць дачцэ тое, што звычайна не прапускаюць — напрыклад, фламастары і пілачку для пазногцяў.
У адну палату з Марынай паклалі абвінавачаную ў забойстве жанчыну. Спачатку дзяўчыне было страшна знаходзіцца з ёй у адной прасторы. Пазней суседка расказала, што ў стане афекту зарэзала чалавека, які збіваў яе на працягу многіх гадоў.
Глядзіце таксама

— Быў у суседняй палаце хлопец, яму 33 гады. Ён забіў дзяўчыну, абліў бензінам і падпаліў. Ён хацеў «з'ехаць» на нейкі разлад асобы, — расказвае Марына.
Марына пазнаёмілася з ім з дапамогай цыдулак: пакідала паведамленні пад ракавінай, калі выходзіла ў прыбіральню. Свабодна мець зносіны з суседзямі па палатах у некаторых аддзяленнях «Навінак» забаронена.
У спецаддзяленні для экспертыз пацыент можа правесці да месяца. У некаторых выпадках гэтага часу мала для пастаноўкі дыягназу — напрыклад, пры хранічнай шызафрэніі, кажа псіхіятр і былы начальнік медчасткі Брэсцкага СІЗА Павел Перапёлкін. Праз гэта людзей з псіхіятрычнымі дыягназамі могуць прызнаць адэкватнымі і накіраваць у калоніі.
Псіхолагі, тэсты, медыкаменты і назіранне праз акенца. Экспертыза
Вольга Класкоўская правяла ў «Навінках» некалькі дзён. Палітзняволеная адмовілася адказваць на пытанні лекараў, прымаць медыкаменты і падпісваць паперы.
— Пару разоў лекар прыйшоў у палату, і я ў яго спытала: «Дзе туалет наогул? Дзе вада?» Ён кажа: «А што я магу зрабіць?» Суседка сказала: «Ну вы ж лекар!» — і заплакала. Яго так перакруціла: «Раз я працую тут, я падпісаў кантракт, значыць я прыняў правілы гульні», — пераказвае размову з псіхіятрам Класкоўская.
Час ад часу яе выклікалі ў медыцынскі кабінет, дзе аднойчы дыялог з псіхіятрам дайшоў да канфлікту. Лекар спытаў, чаму Вольга адмаўляецца ісці яму насустрач. На гэта палітзняволеная адказала, што лічыць тое, што адбываецца, карнай псіхіятрыяй.
— Ён выйшаў з сябе. Сказаў: «Ды што вы такое гаворыце? Вы мяне забойцам назвалі, як быццам я вам тут калоў штосьці!» — згадвае журналістка.
Глядзіце таксама

Марына знаходзілася ў бальніцы тры тыдні. За гэты тэрмін яна двойчы кантактавала з экспертам і адзін раз з псіхолагам — тая дала ёй прайсці тэст. Астатні час Марына «як тупень» сядзела ў палаце, і за ёй назіралі праз акенца.
«Гэта не наша жаданне, каб такія, як вы, сюды прыязджалі». Камісія
У склад экспертнай камісіі ўваходзіць лекар, загадчык аддзялення, супрацоўнік кафедры псіхіятрыі і, часцей за ўсё, хто-небудзь з прадстаўнікоў адміністрацыі — напрыклад, намеснік па экспертызе. «Ад высноў лекара залежыць 90-95%, а можа, нават 99% зняволення», — растлумачыў Завадскі.
У камісіі ў Класкоўскай, паводле яе слоў, было каля сямі чалавек. Лекары гаварылі з ёй добразычлівым тонам, быццам выбачаліся. У размове адчувалася няёмкасць.
— Я яшчэ раз патлумачыла сваю пазіцыю, яны не насядалі, і адзін з псіхіятраў нават пачаў апраўдвацца:«Вы зразумейце, мы заўсёды праводзілі экспертызу забойцаў, гвалтаўнікоў і гэтак далей, таму што гэта заўсёды было і будзе. Гэта не наша жаданне, каб такія, як вы, сюды прыязджалі», — перадае яна гутарку з лекарам.
Глядзіце таксама

У выніках экспертызы Вольгі Класкоўскай было пазначана, што журналістка адмовілася адказваць на пытанні лекараў. «Ёсць нават тлумачэнні чаму. Сутнасць майго расповеду яны не сказілі. Фігуравала, што я лічу сябе незаконна асуджанай і разглядаю гэта як рэпрэсіі», — расказвае яна.
Марыну прызналі адэкватнай. У зняволенні лекары адзначылі разлад псіхікі.
— Сказалі, што адназначна нейкі разлад у мяне ёсць, таму што гэта відаць і зразумела з дакументаў. Кіраўнік камісіі сказаў, што ўсё будзе добра, трэба назірацца і хадзіць да псіхатэрапеўта. І я пыталася, як гэта можа паўплываць на прысуд. Ён кажа: «Ну, як-небудзь можа, а можа, і не. Гэта ж Беларусь». Ён так і сказаў адкрытым тэкстам.